«Шукаць дадатковыя пляцдармы для продажу нафты ў Азэрбайджана неабходнасьці няма»

3 чэрвеня кіраўнікі Азэрбайджану і Беларусі Ільхам Аліеў і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Баку падпісалі сумесную Дэклярацыю. Яна ахоплівае велізарны шэраг пытаньняў — ад транспарту да турызму. Але аглядальнікі зьвяртаюць увагу — у галоўным дакумэнце нічога не сказана пра пастаўкі мясцовай нафты ў Беларусь.

Таксама зьвяртаецца ўвага на тое, што Азэрбайджан і Беларусь не дасягнулі высокага роўню ва ўзаемным гандлі. Так, летась ён склаў усяго 125 мільёнаў даляраў. А Аляксандар Лукашэнка і ў Менску, і сёньня ў Баку казаў, што трэба выходзіць на рубеж у адзін мільярд даляраў.

Што тычыцца палітыкі, то тут бакі дамовіліся каардынаваць свае дзеяньні ў рамках праграмы «Ўсходняе партнэрства».

Напярэдадні міністар замежных спраў Азэрбайджана Эльмар Мамедзьяраў заявіў, што яго краіна разглядае Беларусь "як пляцдарм" для выхаду касьпійскай нафты на рынкі краінаў Балтыі. Ён адзначыў, што Беларусь мае ўнікальныя транзытныя магчымасьці. Гэта тычыцца і пэрспэктываў выкарыстаньня нафтапрадуктаў, якія праходзяць праз тэрыторыю краіны. Сітуацыю каментуе дырэктар азэрбайджанскага незалежнага інфармацыйнага агенцтва "Туран" Мехман Аліеў.

-- Наколькі рэальныя гэтыя пляны? Што для гэтага патрабуецца? Каму гэта будзе выгадна? Азэрбайджану, Беларусі, краінам Балтыі?

-- Азэрбайджанская нафта дастаткова якасная – яна высока каціруецца на міжнародных рынках, патрэба ў ёй дастаткова высокая, і шукаць дадатковыя пляцдармы для таго, каб прадаваць нафту, неабходнасьці няма. Іншая справа, што ў гэтых краін ёсьць патрэба ў атрыманьні азэрбайджанскай нафты – як альтэрнатывы расейскай. Як мы ведаем, былі праблемы выкарыстаньня Расеяй энэргетычных рэсурсаў як сродка ў палітыцы, эканоміцы, ва ўзаемадачыненьнях з суседнімі краінамі, і ў гэтым сэнсе тыя краіны больш зацікаўленыя ў стварэньні такога кшталту пляцдармаў.

Што да выхаду на гэтыя рынкі, то такія праекты існуюць: Баку-Супса, Адэса-Броды і далейшае транспартаваньне нафты ў Беларусь і далей у Балтыку. Для гэтага неабходна каля 150-200 мільёнаў даляраў, каб рэалізаваць такі праект. Адэса-Броды павінен увайсьці ў нафтаправод Дружба, і далей ветка павінна быць пракладзеная далей на Балтыку. Такі праект існуе, толькі стаіць пытаньне аб ягонай рэалізацыі.

-- Дырэктар расейскага Міжнароднага інстытуту эканамічнай экспэртызы Яўген Мінчанка ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што так званыя сяброўскія кошты на азэрбайджанскую нафту для Беларусі проста нерэальныя. «Азэрбайджан таму так дынамічна разьвіваецца, нават у сытуацыі крызысу, што гэта абсалютна прагматычная краіна, якая лічыць кожную капейку. Калі Лукашэнка атрымае ад Азэрбайджану сяброўскія цэны, яму можна адразу даваць Нобэлеўскую прэмію і па псыхалёгіі, і па літаратуры, і па фізыцы – за зьмяненьне яе законаў», – сказаў ён.

Як вы думаеце, атрымае Нобэля Аляксандр Лукашэнка?

-- У нас зь Беларусьсю гандлёва-эканамічныя стасункі – у межах 124 зь нечым мільёнаў даляраў, і экспарт азэрбайджанскага боку складае ўсяго 2,5 мільёны. Пераважная частка экспарту прыпадае на долю Беларусі ў гэтых адносінах, і мы атрымліваем трактары, машыны, абсталяваньне і іншыя вырабы беларускай прамысловасьці. Беларускія тавары больш танныя, яны якасныя, і таму яны запатрабаваныя на гэтым рынку, і Азэрбайджан зацікаўлены іх купляць.

Я думаю, у далейшым, што да цэнаў на нафту, яны могуць быць нізкімі ў кантэксьце гэтых гандлёвых дачыненьняў. То бок, гэта ў рамках бартэру: цэны на беларускія тавары могуць быць ніжэйшымі, чым сусьветныя, і ў гэтым сэнсе цэны на нафту таксама могуць быць ніжэйшымі. То бок, нафта ў абмен на прамысловую альбо сельскагаспадарчую прадукцыю. У гэтых межах цэны могуць быць ніжэйшымі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)