Профсоюзы
Анастасія Зелянкова

Штрафны батальён

За публікацыю двухгадовай даўнасці аштрафавана “БДГ. Деловая газета”. У мінулую пятніцу, 30 верасня, суд Кастрычніцкага раёна г.Мінска пастанавіў спагнаць з выдання 50 мільёнаў рублёў. На 5 мільёнаў быў аштрафаваны і аўтар артыкула журналіст Сяргей Сацук.

Суд палічыў надрукаваныя ў газеце звесткі несапраўднымі і зневажальнымі для гонару і годнасці ісца — былога супрацоўніка АМАПу. У артыкуле Сяргея Сацука “Рэкламная акцыя”, які быў надрукаваны 20 траўня 2003 года, размова ішла пра крымінальную справу, узбуджаную супраць былога супрацоўніка АМАПу. Пасля таго як справа была спынена, герой публікацыі вырашыў падаць іск аб абароне гонару, годнасці і запрасіў ад газеты і аўтара матэрыяла кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 100 млн. і 10 млн. рублёў адпаведна. — На судзе ні слова не было сказана пра тое, якія дакладна надрукаваныя звесткі былі несапраўднымі і чым яны абразілі ісца, — кажа галоўны рэдактар “БДГ” Пётр Марцаў. — Гэта засталося па-за межамі судовага разбору. Прадмет разгляду зводзіўся толькі да таго, ці мелі мы права раскрываць прозвішча чалавека, які некалі з’яўляўся су-працоўнікам АМАПу. Зараз рэдакцыя газеты збіраецца абскарджваць судовае рашэнне ў вышэйшых інстанцыях. А тым часам яшчэ адну недзяржаўную газету — “Народную волю” — па-ранейшаму немагчыма набыць праз кіёскі “Белпошты” ці “Белсаюздруку”. Як паведаміла “Салідарнасці” намесніца галоўнага рэдактара Святлана Калінкіна, дамовы з гэтымі арганізацыямі пакуль не адноўленыя. Як, дарэчы, і з дзяржаўнай друкарняй “Чырвоная зорка”, у якой да нядаўняга часу друкавалася “Народная воля”. Фармальнай нагодай для разрыву дамовы сталася невялікая запазычанасць газеты, якая ўзнікла ў той момант, калі “НВ” па рашэннi суда кампенсавала дэпутату Палаты прадстаўнікоў Сяргею Гайдукевічу маральную шкоду ў памеры 100 мільёнаў рублёў. Цяпер выданне вымушана друкавацца ў Смаленску. Днямі рэдакцыя газеты падала ў суд на “Чырвоную зорку” за невыкананне друкарняй умоў дамовы. — Нам павінны былі прадаставіць 5 банкаўскіх дзён для пагашэння доўгу, — кажа Святлана Калінкіна. — Аднак друкарня гэтага не зрабіла, чым парушыла папярэднюю дамоўленасць. Пакуль “НВ” выходзіць у прывычным для яе рэжыме — 5 раз на тыдзень. Тым не менш пытанне пра распаўсюд газеты пакуль застаецца адкрытым. Тым часам чытачы “Народнай волі” заклапочаныя лёсам выдання. Маладыя дэмакраты Салігорска правялі акцыю ў падтрымку “НВ”. Хлопцы трымалі ў руках таблічкі з надпісамі “Не дайце задушыць праўду!” А ў рэдакцыю прыйшоў пенсіянер, які прынёс апошнія 50 тысяч рублёў. Наступную пенсію ён атрымае толькі 12 кастрычніка, але лічыць, што здолее да гэтага часу пратрымацца на бульбе, а грошы зараз больш патрэбныя газеце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)