«Штосьці АМОНы перасталі па электрычках хадзіць…»
З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

— Як вы думаеце, заўтра нам усім адключаць інтэрнэт? — пытае дзяўчына ў сваіх сяброў.
Купка моладзі сядзіць на лаўцы, абмяркоўваюць чарговы хапун у Мінску. Да выбараў застаецца менш за суткі.
***
«Разбуры турмы муры…» — па дарозе праносіцца мінівэн, з салона якога даносіцца рэвалюцыйны хіт. З год таму я чуў з таго самага аўто турэмны шансон.
***
Год таму ў Заслаўі на адной са сценаў з’явіўся невялічкі надпіс «Лукашэнка сыходзь!». Памятаю, яшчэ здзівіўся тады, што ў мой горад прыйшла палітыка. За колькі дзён да выбараў я ўжо перастаў звяртаць увагу на ўсюдыісныя надпісы пра тры працэнты, а праз два тыдні пасля выбараў ленаваўся фатаграфаваць легкавік з бел-чырвона-белым сцягам з вакна, што катаўся па заслаўскіх вуліцах.
***
— Рэвалюцыя — гэта, можа, і добра. Але вось пабачыце, што мы яшчэ ўспомнім добрым словам тое, што было да гэтай рэвалюцыі, — на лаўцы пад пад’ездам размаўляюць пенсіянеры.
— Ай, не хачу нічога мяняць! — выгаворвае сівы мужчына. — І да гэтага ў кішэні пуста было, а цяпер будзе дзірка. Ды яшчэ гэтыя… Яны ж нас пад Еўропу хочуць пакласці. А я не хачу, каб у нас было, як там…
***
Размовы рабацяг у электрычцы:
— Штосьці АМОНы перасталі па электрычках хадзіць.
— Ну, і праўда, даўно няма.
— Занятыя, людзей калечаць.
— Ды баяцца яны цяпер у тую электрычку сунуцца. Яны ж па двое ходзяць. А тут могуць і атаварыць крэпка за ўсё харошае...
***
Каля гарадскога рынка сустракаюцца мужчыны сталага веку. Выглядае, што яны даўно не бачыліся. Адзін з іх пасля кароткага вітання папераджальна ўздымае палец у гару:
— Міхалыч, мы не бачыліся гадоў пяць. Дык вось, адразу хачу цябе папярэдзіць, што да Лукашэнкі я стаўлюся рэзка негатыўна. Рэзка!»
Падслуханае ў мінулы раз: «На трактар? Дараблю кантракт і перасяду на Польшчу!»
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное