Шоў-бізнэс-дабрадзеі

Дабрачыннасць Бона, Стынга і астатняй “зорнай” кампаніі – у іх на душы сапраўды садніць? Ці гэта чарговы піяр падчас чумы?

Зло, дабро, бабло

Анекдот. Канцэрт U2. Бона просіць усіх замаўчаць і затым у поўнай цішыні пачынае павольна пляскаць у далоні. Потым кажа:

— Ці чуеце вы? Кожны раз, калі я пляскаю ў далоні, у Афрыцы памірае дзіця!

У цішыні чуваць голас з натоўпу:

— Ну дык спыніся, тваю макаўку!..

У пятніцу, 22 студзеня, у ЗША прагрымеў транскантынентальны тэлемарафон “Hope For Haiti Now”. Удзельнічалі Бона, Стынг, Мадонна, Цімберлэйк, Беёнсэ, Агілера, Рыяна. Было сабрана 58 мільёнаў даляраў – гэта рэкорд сярод дабрачынных канцэртаў. Запіс канцэрта ўсё яшчэ працягвае збіраць грошы праз інтэрнэт-продажы.

Шоў-бізнэс-дабрадзеі

Дабрачынны збор грошай – справа, безумоўна, добрая ды карысная. Але і ў яе ёсць зваротны бок.

Імідж — нішто сабе…

На жаль, зоркі маюць благую звычку забывацца на гуманістычныя ідэалы, калі справа ідзе пра грошы або імідж (што для іх прыкладна адное і тое ж).

Шоў-бізнэс-дабрадзеі

…Шаснаццаць год таму Наомі Кэмпбэл абяцала хадзіць голай, абы не насіць натуральнае футра. Так з’явіўся вядомы постэра PETA (“Асацыяцыя за гуманнае абыходжанне з жывёламі”). Аднак у мінулым годзе Наомі прыняла ўдзел у рэкламе футравага дызайнера Dennis Basso. Першае – дзеля іміджу, другое – дзеля грошай. У чым, кажаце, праблема?

…Які ганарар атрымаў вядомы спявак і ўдзельнік праваабарончых мерапрыемстваў Стынг за нядаўні выступ ва Узбекістане – невядома. Можа, мільён даляраў, можа, два. Канцэрт быў дабрачынным: прыбытак ад яго пайшоў у фонд “Форум культуры і мастацтва Узбекістана”. А што гэты прыбытак усё-ткі быў, прычым немалы, сведчаць кошты на квіткі, якія сягалі вышэй за дзве тысячы даляраў.

Шоў-бізнэс-дабрадзеі

Усё б нічога, калі б не маленькія заўвагі:

1) паводле праваабарончай арганізацыі Freedom House, у 2009 годзе рэжым узбекскага прэзідэнта Карымава быў названы ў дзесятцы самых рэпрэсіўных рэжымаў свету,

2) квіток на канцэрт у Ташкенце быў роўны 2 гадавым заробкам узбекскага выкладчыка,

3) уласнікам фонда “Форум культуры і мастацтва Узбекістана” з’яўляецца дачка прэзідэнта Карымава Гульнара – яна і філантроп, і бізнэсвуман, і мадэльер. І татава дачка, у рэшце рэшт.

І гэта далёка не адзінкавы выпадак. У 2006 годзе Стынг спяваў у Карнэгі-Холе ў абарону трапічных лясоў і сабраў 2.7 мільёнаў даляраў – як выявілася пасля, на дабрачыннасць ён адпісаў менш за мільён. Сам зарабіў – сам і распарадзіўся!

Вуда для галоднага

Афрыка – бедная краіна, на чые няшчасці бесперапынна звяртаюць увагу прафесійныя дабрадзеі. А што пра гэта думаюць самі афрыканцы?

Шоў-бізнэс-дабрадзеі

Яшчэ летась увесь добрачынны сусвет ускалыхнула кніжка “Dead Aid” (“Мёртваму прыпаркі”). Аўтар — доктар эканамічных навук Дамбіса Мойо — нарадзілася ў Замбіі, адукацыю атрымала ў Оксфардзе і Гарвардзе. Яна тлумачыць, што глабальныя добрачынныя ініцыятывы насамрэч не ратуюць, а забіваюць Афрыку. Усе шкадуюць галодных афрыканскіх дзетак, але як абудзіць у іх жаданне самастойна выбіцца ў людзі? Можна марыць, каб цябе ўсынавіла Мадонна, а можна – каб табе далі Нобелеўскую прэмію. Якая з гэтых мараў прынясе карысць табе і якая – Мадонне?

Што да сабраных грошай, то яны або трапляюць ў рукі афрыканскіх дыктатараў, або проста разбазарваюцца. “Паглядзіце на Індыю! – кажа Дамбіса, — гляньце на Кітай!” Ім ніхто не ахвяраваў грошай “за так”, але ўсяго за трыццаць год яны з найбяднейшых краінаў ператварыліся ў эканамічных монстраў.

Эй, на Гаіці! Грошы беражыце!

Вяртаючыся да Гаіці: вядома, мільёны даляраў ім зараз вельмі спатрэбяцца. Іншая справа, які працэнт ад гэтых мільёнаў патрапіць непасрэдна на Гаіці?

Шоў-бізнэс-дабрадзеі

Скандальны свежачок: грошай для Гаіці яшчэ не сабралі, але іх ужо нехта крадзе. Пад падазрэннем – рэпер-гаіцянін Уайкліф Джын (летась атрымаў “Грэмі”) і яго “Yéle Haiti Foundation” (заснаваная ў 2005 годзе). Зараз фундацыя таксама збірае грошы пацярпелым ад землятрусу (Уайкліф нават вёў вядомы марафон “Hope For Haiti Now”).

Але прэсе ўдалося пранюхаць: летась рэвізоры з “Charity Monitor” заўважылі вялізную блытаніну ў бухгалтэрыі Yéle Haiti Foundation. Дзесяткі і нават сотні тысячаў даляраў браліся з фонду на асабістыя патрэбы Уайкліфа, далёкія ад дабрачыннасці: на арганізацыю ўласных канцэртаў, удзел у тэлешоў і гэтак далей. Вядома, шмат грошай ішло і на добрыя справы, але далёка не ўсе.

…Літаральна некалькі месяцаў таму Уайкліф Джын разам з Бона атрымалі ўзнагароду ад праваабарончага цэнтра імя Роберта Ф. Кенэдзі за тое, што яны “змянілі да лепшага жыцці мільёнаў людзей”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)