Политика
Генадзь КОСАРАЎ, «Завтра твоей страны»

Шэйману прыйшоў час сысці

На панядзелкавай нарадзе, прысьвечанай трагічнаму здарэньню ў Менску ўноч на 4-га ліпеня, прэзыдэнт Беларусі выставіў абвінавачаньні на адрас дзяржсакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана й заявіў, што той пасьля выбуху ня можа займаць гэтую пасаду. Ці будзе Віктар Шэйман адпраўлены ў адстаўку?

— Наколькі я зразумеў, Лукашэнка даволі азназначна сказаў, што Шэйману давядзецца сыходзіць са сваёй пасады, і тут было б вельмі спакусьліва растлумачыць гэтую сытуацыю тым, што выбух – гэта вынік барацьбы паміж спэцслужбамі, і вось у выніку гэтай барацьбы Шэймана спіхнулі зь ягонай пасады, — адзначае палітоляг Валеры Карбалевіч. – Але, на маю думку, прычына ў іншым: пра тое, што Шэйману давядзецца сыходзіць, казалі ўжо гады два — што ўлада пераходзіць ад Шэймана да Віктара Лукашэнкі, што Шэйман яе губляе.

Аляксандр Лукашэнка, на думку Валерыя Карбалевіча, скарыстае гэтую нагоду, каб адправіць у адстаўку аднаго з сваіх самых надзейных сябраў і чыноўнікаў, які яму даўно служыць верай і праўдай.

— Даўно казалі, што яго зьбіраюцца адправіць амбасадарам у Вэнэсуэлу, можа, куды ў іншае месца, але думаю, што час Шэйману сысьці сапраўды прыйшоў, — мяркуе экспэрт “Заўтра тваёй краіны”.

Валеры Карбалевіч ня лічыць, што Віктар Шэйман можа заняць нейкую раўназначную пасаду пасьля сваёй магчымай адстаўкі з пасады дзяржсакратара Рады бясьпекі.

— Як правіла, калі чалавек сыходзіць, то на больш нізкую пасаду, — лічыць палітоляг. – Так здаралася з старшынём КДБ Мацкевічам, з кіраўніком Камітэту дзяржаўнага кантролю Тозікам, таму думаю, што такі варыянт найбольш верагодны.

— З аднаго боку, гэта, бадай, самае рэзкае публічнае выказваньне прэзыдэнта на адрас Віктара Шэймана, ва ўсялякім разе, цяжка ўзгадаць, каб вось так наўпрост казалася аб імавернасьці таго, што будзе адстаўка, — кажа публіцыст Аляксандр Класкоўскі. — З іншага боку, тут трэба ўлічваць некалькі момантаў. Першы момант, што сама гэтая нарада праводзілася на даволі эмацыйнай ноце, адчувалася, што кіраўнік дзяржавы ўзрушаны вось гэтай трагічнай падзеяй і ў яго шмат прэтэнзіяў да кіраўніцтва сілавых органаў. І вось такі гнеўны тон можа сьведчыць пра тое, што, магчыма, скарыстоўваліся фігуральныя рытарычныя фігуры, бо калі ўзгадаць, што гучала на “Лініі Сталіна” 5-га ліпеня, кшталту “будзем гайкі закручваць на галовах у пэўных асобаў”, то гэта ўсё, мне здаецца, з такога экспрэсіўнага мэтафарычнага шэрагу. Добра вядома, што калі ў такім эмацыйна ўзбуджаным стане знаходзіцца кіраўнік дзяржавы, ён выказваецца вельмі экспрэсіўна, але не заўжды гэта можна ўспрымаць даслоўна, таму што часта і на селектарных нарадах гучала, што “паляцяць галовы”, але людзі заставаліся працаваць на сваіх месцах, хоць і былі напалоханыя.

А другі момант, на думку Аляксандра Класкоўскага, зьвязаны з асобаю самога Віктара Шэймана.

— Ён ці не апошні чалавек яшчэ са старой, кандыдацкай каманды Аляксандра Лукашэнкі, зь якой ён ішоў на выбары ў 1994 годзе, — нагадвае экспэрт “Заўтра тваёй краіны”. — І тое, што ўсе іншыя адсеяліся, і некаторыя нават са скандалам былі аддаленыя ад цяперашняга кіраўніка краіны, а гэты чалавек усё ж застаўся, сьведчыць пра тое, што яны шчыльна зьнітаваныя нейкімі вузамі, інтарэсамі, таму магчыма, што пасьля нарады, калі эмоцыі ўлягуцца, усё ж такога радыкальнага кадравага рашэньня ня будзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)