Шчытцова: «Тэндэнцыя да стварэння спецыфічнай ваеннай дыктатуры»

Пра новыя правілы прыёму ў беларускія ВНУ і перспектывы айчыннай адукацыі. Вось яна якая, «новая эліта» для беларускай дзяржавы?

У Беларусі сёлета змяніліся правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы — адпаведны ўказ падпісаў 3 студзеня Аляксандр Лукашэнка. Як паведаміла прэс-служба правіцеля, абноўленыя правілы прадугледжваюць «удасканаленне адбору найбольш падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў для атрымання запатрабаваных эканомікай краіны спецыяльнасцяў».

Сярод іншага, дакумент прадугледжвае льготы пры паступленні не толькі пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, але і для дзяцей сілавікоў, выхаванцаў ваенна-патрыятычных клубаў.  Прасцей стане паступаць мэтавікам — але і адпрацоўку для іх павялічаць да 5 гадоў. Уводзяцца асаблівыя ўмовы пры паступленні на шэраг ваенных спецяльнасцяў.

Пры гэтым ад усіх абітурыентаў патрабуецца не толькі здача адзінага экзамену (па мове) і ЦТ, але і характарыстыка са школы альбо каледжу.

Ці былі чаканымі захады ўлады па далейшай мілітарызацыі адукацыі і да чаго гэта ў рэшце рэшт прывядзе, Філін абмеркаваў з прафесаркай ЕГУ, прадстаўніцай Святланы Ціханоўскай у галіне адукацыі і навукі Таццянай Шчытцовай.

Напрыканцы года экспертка агучыла топ-5 праблем беларускай адукацыі — але гэты спіс, зазначае яна, можна, на жаль, доўжыць і доўжыць. Цяперашнія ж навацыі, што датычацца правіл паступлення ў ВНУ, на думку Таццяны Шчытцовай — «абсалютна паслядоўны і прадказальны крок».

— Згадайце, як нядаўна, у снежні, Лукашэнка падпісваў указ датычна падтрымкі таленавітай моладзі — там ішла размова пра тое, што падтрымліваць будуць толькі тых, хто не ўдзельнічаў ні ў якіх пратэстных акцыях, не выказваў публічна сваёй нязгоды і іншадумства, інакш могуць пазбавіць грантаў ці ўвогуле запатрабаваць вярнуць іх.

Ужо тады стала відавочна, што прыярытэтам з’яўляюцца не таленты, не інтэлектуальныя здольнасці, а адпаведнасць поглядаў дзейнаму рэжыму, лаяльнасць да яго. Вось гэта зараз асноўны крытэрый.

Роўна тое ж самае, зазначае экспертка, адбываецца і ў галіне адукацыі — цяпер афіцыйна замацаванае патрабаванне характарыстыкі, дзе пазначаецца, у прыватнасці, удзел у патрыятычных мерапрыемствах, ці ўваходзіць юнак ці дзяўчына ў маладзёжныя аб’яднанні — то-бок, ці з’яўляецца ён ці яна членам БРСМ, ці былі канфлікты з законам.

— Навошта патрэбная гэтая характарыстыка пры паступленні? Для таго, каб у ВНУ маглі «адфільтроўваць» маладых людзей, у якіх яшчэ на ўзроўні школы выявілася крытычнае стаўленне да гэтага рэжыму і стану грамадства, альбо наогул свабоднае мысленне.

Улады не жадаюць, каб моладзь, якая паказвае здольнасці да самастойнага мыслення, свайго меркавання, наогул мела доступ да вышэйшай адукацыі, — канстатуе прафесарка. — Калі раней у ВНУ праводзілі ўнутраныя чысткі, звальняючы і адлічваючы нелаяльных выкладчыкаў і студэнтаў, то зараз улады уводзяць інструмент, каб забяспечыць «чысціню радоў» ужо на ўваходзе, на этапе набора.

Адначасова мы бачым і другую лінію: льготы для дзяцей сілавікоў, якія атрымалі інваліднасць падчас службы, асаблівыя ўмовы для тых, хто ідзе на ваенныя спецыяльнасці і пазаконкурснае паступленне для выхаванцаў ваенна-патрыятычных клубаў.

— Гэтыя некалькі аспектаў паказваюць агульную тэндэнцыю да стварэння спецыфічнай ваеннай дыктатуры. І гэта таксама цалкам прадказальна, бо рэжым Лукашэнкі паслядоўна рухаецца ў гэтым накірунку пачынаючы за таго моманту, калі ён падтрымаў расейскую маштабную вайну ва Украіне.

Таму ўсе прыярытэты і прывілеі аддаюца сёння людзям у пагонах, альбо, у дадзеным выпадку, іх дзецям. Для Лукашэнкі гэта яшчэ адзін спосаб паказаць сілавікам, што ён іх вельмі цэніць, каб забяспечыць сабе такім чынам падтрымку з боку розных сілавых органаў.

— Многія з практык, якія прымяняюцца ў апошнія некалькі год у адукацыі, родам з мінулага — узяць хоць вяртанне школьнай формы, хоць гэтыя «партыйныя» характарыстыкі, хоць імкненне замацаваць «мэтавікоў» як мага даўжэй на адпрацоўцы. Ці можна меркаваць, што і ўся сфера адукацыі дэградуе, адкатваецца ў мінулае?

— Перадусім хачу зазначыць: усе гэтыя рашэнні вядуць да таго, што якасць адукацыі будзе зніжацца. Гэта звязана з тым, як расстаўляюцца прыярытэты. Калі вярнуцца зноў да сілавікоў: іх дзецям улады спрыяюць на самым высокім узроўні, г.зн. яны прыйдуць у ВНУ на льготных умовах і, зразумела, будуць адчуваць сябе як такая «новая эліта» для беларускай дзяржавы.

А калі эліта фарміруецца не на падставе інтэлектуальных здольнасцяў, а на падставе датычнасці да пэўных сілавых структур і адпаведнай лаяльнасці, — гэта ўжо задае такую сістэму прыярытэтаў, у межах якой якасць адукацыі адступае на другі план.

Сістэма вышэйшай адукацыі, і адукацыі наогул, павінна развівацца ў звязку з эканамічнымі рэформамі, а таксама з развіццём інстытутаў грамадзянскай супольнасці. Калі, напрыклад, у грамадзянскай супольнасці ствараюцца фундацыі для падтрымкі дзяцей, чые бацькі не маюць магчымасці заплаціць за неабходныя для атрымання добрай адукацыі рэчы, — працягвае экспертка. — Падыход да вырашэння любых праблем у адукацыі павінен быць сістэмна іншым, чым тое, што адбываецца зараз у Беларусі.

Але ў нашых умовах рэжым імкнецца, па-першае, забяспечыць сабе падтрымку і лаяльнасць з боку моладзі, і таму плануе дапускаць да вышэйшай адукацыі толькі згодных з яго панаваннем у краіне, а па-другое, сутаргава робіць захады, каб закрыць самы гарачы кадравы дэфіцыт па пэўных спецыяльнасцях.

— Яўген Лівянт прыёмную кампанію ў ВНУ апошніх двух гадоў характарызаваў як правальную, прадказваючы змрочныя перспектывы (і, як мы бачым, рэжым адрэагаваў на крытыку звыклым для яго рэпрэсіўным чынам).

Як вы і ваша каманда ацэньваеце тое, што наогул адбываецца ў галіне, ці можна вярнуць прэстыж, які некалі мела ў нас вышэйшая адукацыя?

—  Каб сістэма адукацыі магла развівацца і адпавядаць сучаснаму свету, патрэбная дэмакратызацыя краіны. Пакуль улада будзе заставацца ў руках рэжыму Лукашэнкі, які вымушаны падпарадкоўвацца Пуціну, ніякіх перспектыў для развіцця нашай адукацыі няма.

Сёння адбываецца мілітарызацыя і сек’юрызацыя сістэмы адукацыі. Пад сек’юрызацыяй маецца на ўвазе, што ўсе галоўныя рашэнні, звязаныя і з кадравымі пытаннямі, і з навучальнымі праграмамі, перадусім у галіне сацыяльных і гуманітарных навук, — усё гэта падпарадкавана інтарэсам бяспекі — то-бок, інтарэсам захавання рэжыма.

Вядома, гэтыя інтарэсы рэжым тлумачыць у спецыфічным геапалітычным рэчышчы, гаворачы пра  супрацьстаянне знешнім ворагам з Захаду і, адпаведна, пра неабходнасць будавання ваенна-палітычнага саюзу з Расеяй.

Наступствы гэтых працэсаў, зазначае Таццяна Шчытцова, відавочныя і пагубныя: ізаляцыя ад міжнароднага супрацоўніцтва (узгадаем тут прыпыненне членства Беларусі ў Балонскім працэссе) і разам з тым збліжэнне сістэм адукацыі Беларусі і Расіі. Яшчэ адным, вельмі трагічным, вынікам, адзначае экспертка, стала паслядоўнае вынішчэнне беларускага культурнага вымярэння, усяго, што звязана з мовай, культурай.

— Рэжым і раней не надта аб ім клапаціўся, хіба касметычна, каб час ад часу стварыць добрую карцінку. Але пасля 2020 года была ўзятая ўстаноўка на скарачэнне магчымасцяў атрымання адукацыі на беларускай мове. А што тычыцца беларускай гісторыі і літаратуры, — то мы ведаем, што выкладанне гэтых прадметаў адбываецца з істотнымі наўмыснымі скажэннямі.

І натуральна, якая можа быць якасць адукацыі ў такіх умовах — ізаляцыі ад цывілiзаванага свету і шырокай міжнароднай супрацы. Пра якасць не выпадае казаць, калі рэжыму патрэбная лаяльнасць, а не крытычнае мысленне і рацыянальная аргументацыя, — усё тое, што так істотна для вышэйшай адукацыі і навукі.

У цяперашніх умовах ніякая навуковая дыскусія, прынамсі ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук, у прынцыпе немагчымая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(24)