Жизнь (не)обыкновенного белоруса
Таццяна Гусева

«Шчаслівыя людзі – тыя, хто не ведае праваабаронцаў»

Ці маюць рацыю тыя, хто абвінавачвае праваабаронцаў у выкананні смяротнага прысуду, ці варта баяцца праграм-шпіёнаў? У межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса» «Салідарнасць» з гэтымі пытаннямі завітала ў госці да сябры Рады Праваабарончага цэнтра «Вясна», кіраўніцы Беларускага Дома правоў чалавека Таццяны Рэвякі.

Адзін з замежных журналістаў зрабіў ёй камплімент: «Вось вы пра грубыя парушэнні правоў чалавека распавядаеце, цяжкасці ў працы праваабаронцаў, турмы… А ў самой ніводнай маршчынкі!». А яна прапанавала забраць Лукашэнку з дыктатурай сабе: «Можа, і вашы маршчынкі расправяцца»...

Кіраўніца Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні Таццяна Рэвяка жыве ў самай звычайнай двухпакаёвай кватэры ў ціхім цэнтры Мінска.

— Як бачыце, ніякіх палацаў у мяне няма, — усміхаецца суразмоўца. – Вялікая частка людзей жыве ў такіх умовах. Вельмі добра, што ў нас ёсць, дзе жыць, але гэта не тыя раскошы, пра якія расказваецца па БТ.

— Таццяна, паўтары гады таму НІСЭПІ праводзіла даследаванне, якое паказала, што 2/3 рэспандэнтаў не ведаюць ніводнай праваабарончай арганізацыі. Для вас такія вынікі чаканыя?

— Шчаслівыя людзі – тыя, хто не ведае праваабаронцаў, — смяецца Таццяна. — На маю думку, вынікі даследавання прадказальныя. Фактычна з 2003 году праваабарончыя арганізацыі зачыненыя, і мы, напрыклад, не можам павесіць шыльду «Праваабарончы цэнтр «Вясна». Пра нас, як арганізацыю, нельга ўзгадваць у сродках масавай інфармацыі. Таму што вынясуць папярэджанне СМІ за распаўсюд інфармацыі аб дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі. Цягам апошніх дзесяці гадоў ствараліся ўмовы, каб зрабіць праваабарончыя арганізацыі незаўважнымі.

Дзякуй Богу, што двум трацінам людзей не спатрэбілася звярнуцца да праваабаронцаў. Таму што да нас звяртаюцца, калі не ўдалося адстаяць свае правы ў іншых дзяржаўных інстытутах: у судзе, пракуратуры.

Аб існаванні праваабаронцаў даведваюцца, калі адбываюцца такія сітуацыі,як, напрыклад, у 2010 годзе. Калі пад рэпрэсіі пападаюць людзі, якія раней не тое што палітыкай не займаліся, яны нават не ведалі, хто з’яўляецца кандыдатамі ў прэзідэнты. Былі такія выпадкі, калі людзей затрымлівалі ў кавярні на дзень свайго нараджэння. Іх родныя нейкім чынам знаходзяць нашыя кантакты, і тэлефоны звіняць без перапынку, бо людзі хочуць даведацца, што здарылася з іх блізкімі.

Асабліва гэта праявілася падчас маўклівых акцый, калі затрымлівалі людзей, не звязаных з партыямі, рухамі…

Аднойчы да нас звярнуўся …былы суддзя. З ягоным сынам здарылася сітуацыя наўпрост датычная правоў чалавека.

Такім людзям вельмі цяжка зрабіць крок у накірунку праваабаронцаў. Яго калегі прымалі рашэнне аб закрыцці і ў адмовах рэгістрацыі «Вясны», яны выносілі прысуд Алесю Бяляцкаму. І ён гэта цудоўна ведае. Але склалася такая сітуацыя, што ён вымушаны быў прыйсці да нас са сваёй бядой, таму што шукаць справядлівасці, нават у сваёй судовай сістэме, ён ужо не бачыў магчымасці.

Гэта паказвае тое, што калі камусьці здаецца, што праваабаронца – гэта той, хто заходнія гранты атрымлівае і ездзіць па ўсім свеце, дыскрэдытуе нашу родную, чыстую, светлую краіну, то на самой справе гэта не так. Бывае, калі іншага выйсця, акрамя як звярнуцца да праваабаронцы, не застаецца.

Так было і з бацькамі загінулых на Нямізе. Ацэнка дзейнасці дзяржаўных органаў, якія адказныя былі за выкананне бяспекі, увогуле не давалася. Адчуваючы несправядлівасць, бацькі звярнуліся да нас. Сказаць, што мы яе аднавілі, нельга. У рэшце рэшт была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі, якія адказвалі за забеспячэнне бяспекі на гэтым мерапрыемстве. Але справа была спыненая за «незначительностью произошедшего».

53 загінулых чалавека — гэта было нязначнае здарэнне! І такая ацэнка яшчэ раз паказала людзям, далёкім ад разумення многіх грамадска-палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў краіне, што просты звычайны чалавек са сваёй бядой і агромны «танк», які называецца дзяржаўная ўлада, — гэта розныя вагавыя катэгорыі. І пакуль што «танк» карыстаецца сваёй магутнасцю, і чалавек для іх – нішто.

У нашай краіне неабавязкова трэба быць «змагаром за народнае шчасце», каб апынуцца ў такой сітуацыі, якая патрабуе ўмяшальніцтва праваабаронцаў.

— Наколькі эфектыўнай вы лічыце дзейнасць праваабаронцаў у нелегальных умовах? Ці ёсць у кожным маленькім гарадку чалавек, да якога людзі могуць звярнуцца за дапамогай?

— Канечне, не ў кожным горадзе ёсць праваабаронцы. Калі браць менавіта прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый, то ў «Вясны» у 17-ці рэгіёнах ёсць прадстаўнікі, у Беларускім Хельсінкскім камітэце — у 12-ці. А часам адбываецца так, што актыўныя партыйцы, альбо прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, не звязаных з абаронай правоў, выконваюць функцыю праваабаронцы ў сваім рэгіёне. Яны становяцца заўважнымі для тых, каму патрабуецца такая дапамога, а таксама для прадстаўнікоў мясцовай улады.

На жаль, прадстаўнікі ўлады не успрымаюць праваабаронцаў, як у замежных краінах, як партнера дзяржавы ў аднаўленні правоў. Замест партнерства ў нас канфрантацыя з дзяржаўнымі органамі ўлады на ўсіх узроўнях.

— То бок трэці сектар успрымаюць як «пятую калону»?

— Я думаю, што вобраз пятай калоны не проста так фармуецца. Гэта робіцца, каб знізіць узровень даверу ў краіне да праваабаронцаў. Таксама паказаць, што яны не з’яўляюцца носьбітамі інтарэсаў нашага народу, а працуюць у інтарэсах тых замежных краінаў, якія ім плацяць грошы.

На самой справе, канечне, гэта зусім не так. Нашыя мэты і задачы накіраваныя, у першую чаргу, на паляпшэнне сітуацыі ў краіне. Але гэта не значыць, што мы не звяртаем ўвагі на парушэнні правоў чалавека ў іншых краінах.

— Як змянілася праца «Вясны» пасля арышту Алеся Бяляцкага?

— Справа Бяляцкага фактычна не паўплывала на стасункі з людзьмі, якія да нас звяртаюцца за дапамогай. Праца «Вясны» не спынілася ні на адзін дзень. Дадалося адчуванне яшчэ большай рызыкі, але, як наказаў Бяляцкі, «трымайце «Вясну». Так і трымаем, каб зрабіць усё тое, што запланавалі яшчэ з Алесем.

У любы дзень у нас могуць забраць офіс. Гэта вялікая праблема. Нагадаю, што мільёны рублёў, якія сабралі беларусы «у якасці кампенсацыі за нанесеную шкоду дзяржаве», не змянілі прысуд. Маёмасць Алеся Бяляцкага канфіскуюць. Зараз цяжка сказаць, куды будуць прыходзіць людзі, якія будуць чакаць ад нас дапамогі, калі мы застанемся без памяшкання. Але мы спрабуем вырашыць гэтую праблему.

— Галоўны рэдактар «Ежедневника» Cяргей Сацук выказаў меркаванне, што калі б маці Уладзіслава Кавалёва не паслухалася вядомую праваабаронцу і па-іншаму пабудавала барацьбу за памілаванне сына, яго б, можа, і не растралялі. Наколькі гэтая пазіцыя мае рацыю?

— Мы займаемся пытаннямі смяротнага пакарання і ў тых справах, дзе віна людзей даказаная і не выклікае сумневу. Для нас прынцыпова адмова ад такога віда пакарання, якое не ўжывецца не толькі ў Еўропе, але і на ўсёй постсавецкай прасторы.

Нас і раней абвінавачвалі ў тым, што мы абараняем забойцаў. На самай справе мы абараняем права на жыццё. Увогуле па справе Кавалёва і Канавалава нават не была разгледжаная па сутнасці наглядная скарга — адвакат паспеў падаць толькі папярэднюю, указаўшы, што будзе асноўная. І гэта невыкананне унутраных працэдур абароны.

Да гэтага часу не выкананы прысуд у дачыненні да Ігара Мяліка, асуджанага да смяротнага пакарання яшчэ ў верасні 2010 года. Сапраўды, там віна даказаная, і ён прызнае яе. І з таго часу ён не растраляны, таму што ёсць нейкія працэдуры, якія ў адносінах да яго выконваюцца, як гэта павінна адбывацца.

Хуткі растрэл Кавалёва і Канавалава ставіць яшчэ больш пытанняў даверу да рашэння суда. І тут гучыць крытыка: «праваабаронцы ўмяшаліся, ў выніку не з той нагі ўстаў Аляксандр Рыгоравіч, і вырашыў не мілаваць». Выбачайце, прэзідэнт – гэта дзяржаўны інстытут, гэта гарант правоў нашых грамадзянаў. І што, мы павінны залежаць ад ягонага настрою, ад таго, хто яму спадабаецца, а хто не? А для каго пісаны законы, Канстытуцыя і ўсе працэдуры? Перш за ўсё, яны напісаныя і для самой дзяржавы. І гэта наша пазіцыя, і мы ад яе не адступаем, незалежна ад таго, якія меркаванні будуць выказвацца і ў грамадстве, і з боку асобных журналістаў ці палітыкаў.

— Ці шмат беларусаў гатовыя ісці да канца, адстойваючы свае правы?

— Няшмат.Лічу, што гэта не таму, што няма прафесіяналаў, якія гатовыя дапамагаць, не таму, што няма працэдур, а проста таму, што людзі не вераць, што гэта магчыма ў нашай сітуацыі. Асабліва па справах, якія тычацца інтарэсаў дзяржавы.

Не так шмат, але ёсць адзінкавыя прыклады, калі Вярхоўны суд адмяняў рашэнне папярэдніх судоў па маўклівых акцыях. І на станоўчых выпадках мы акцэнтуем увагу і гаворым людзям: «Глядзіце, гэта магчыма. На гэта трэба сілы, энергія, вера і ўпартасць, і часам гэта спрацоўвае». На жаль, не заўсёды ўдаецца пераканаць, што трэба адстойваць свае правы да канца, інакш сітуацыя не зменіцца.

— Можа, з гэтай прычыны ў нас нічога і не мяняецца?

— Відаць, комплекс прычын, чаму не мяняецца. Увогуле, у нас вельмі вялікая залежнасць нават не тое, што ад інстытута прэзідэнта, а ад асобнага чалавека, які займае гэтае прэзідэнцкае месца ўсю незалежную гісторыю існавання нашай дзяржавы. Залежнасць ад ягонага настрою, ад ягонага палітычнага бачання, ад ягоных інтарэсаў, страхаў, нежадання мяняць сітуацыю, ад імкнення гандлянуць.

Гаворачы пра менталітэт беларусаў, нельга не згадаць, што праз нашую краіну ішлі войны. І інстынкт самазахавання у нас, відаць, ляжыць у аснове. Чым менш ты будзеш вытыркацца, чым больш у сваім картапляніку галава не тырчыць, значыць, у цябе больш шансаў застацца жывым і працягнуць свой род.

На нашую ментальнасць ўплывае і тое, што нашая краіна, здабыўшы незалежнасць, не здабыла інстытуты гарантыі правоў. Яны папросту не працуюць. З савецкіх часоў беларусы адчуваюць сябе залежнымі ад нейкай палітычнай волі, а не ад закона. Пасля маўклівых акцыяў, калі крызіс па многіх людзях ударыў, здавалася, што людзі расправілі плечы, усталі і пойдуць абараняць свой дабрабыт, эканамічнае становішча, правы. Трошкі прыўзняліся, атрымалі па галаве і вырашылі: ў мэтах самазахавання лепш неяк прыстасавацца да гэтай сітуацыі. Знайсці іншую працу, паехаць на заробкі ў Расію. Прыстасаванства… А можа быць нейкі глыбокі ментальны закон самазахавання.

— На сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” вы нядаўна пісалі пра тое, як на адной канферэнцыі калега, уключыўшы адпаведную праграму на айфоне, выявіла, што ў зале запушчана праграма-шпіён. Вы тады яшчэ жартавалі, маўляў, калі ты параноік, гэта не значыць, што за табой не сочаць. Ці не здаецца вам, што наша асцярожнасць на самай справе залішняя?

— Я думаю, што праслухоўваюць не ўсіх. Ці залішняй з’яўляецца асцярожнасць, патлумачу на прыкладзе «Вясны». У 2010-м у наш офіс патрапіў інсайдэр. Уначы ён узламаў шафу, сфатаграфаваў дакументы і перадаў у адпаведныя органы. Я не выключаю, што людзі працуюць з пэўнымі мэтамі, альбо на іх аказваецца нейкі ціск, і яны не вытрымліваюць і выконваюць патрабаванні адпаведных структур. Зразумела, мы гэтага чалавека вылічылі. Потым мы з ім пагаварылі і развіталіся. Пасля ў матэрыялах справы Бяляцкага праходзілі некаторыя дакументы, якія былі прадстаўлены гэтым чалавекам, які лічыўся нашым «вясноўцам».

Я не думаю, што кожны крок мой адсочваецца, але разумныя меры бяспекі я прымаю. За часы лібералізацыі перад выбарамі мы крышку расслабіліся, а потым у ноч на 19 снежня ў нас вынеслі ўсе 17 кампутараў. Мне шкада не толькі згубленай інфармацыі, фотаздымкаў, архіваў. Мне шкада, што доступ да гэтага атрымалі людзі, якім не варта ведаць пра мае сямейныя здымкі, святы, сяброўскія пасядзелкі. Потым яны былі выкарыставаны, у тым ліку ў рэпартажах, якія паказваліся па дзяржаўным тэлебачанні. Дайшло да абсурда. Аднойчы Новы год мы адзначалі ў маскарадных касцюмах – з вушкамі, з рожкамі, з крылцамі. Прыкольныя, вясёлыя здымкі паказвалі па тэлебачанні і казалі: «Вы видите, какие аморальные люди!».

У гэтым, канешне, нічога няма страшнага для чалавека разумнага, але не варта даваць лішнія інструменты прапагандыстам ў рукі. Варта кампутары пароліць, карыстацца рознымі сістэмамі бяспекі, нават калі нікому не будзе цікавасці да твайго кампутара і флэшак. У выпадку чаго флэшку можна будзе з’есці. (Усміхаецца). Дарэчы, супрацоўнікі КДБ не атрымалі доступа да матэрыялаў Алеся Бяляцкага, бо яны былі запароленыя. Не змаглі іх расшыфраваць, і яны не знайшлі месца ў судовай справе.

— А як вы думаеце, чаму Бяляцкі не з’ехаў? Ён жа здагадваўся, чым гэтая гісторыя можа скончыцца?

— Думаю, з-за адчування, што за ім няма віны. Адчуванне праваты не гоніць чалавека пакінуць краіну. Да таго ж ён ведаў, што ў такой сітуацыі могуць апынуцца іншыя людзі з грамадскага сектару, якія вымушаны працаваць па тых жа правілах. Ведаеце, ён заўсёды быў такі. Ніколі не хаваўся за чужыя спіны і ніколі не ўцякаў. Ён з усімі праблемамі сутыкаўся твар у твар. Я яго больш чым дваццаць гадоў ведаю. Калі б ён быў іншы, не стварыў бы такую каманду, якая эфектыўна працуе і ў якой людзі ставяцца адно да аднаго з глыбокім даверам.

— Таццяна, родныя вам ніколі не казалі: «Навошта ты займаешся гэтай справай?»?

— Родных трэба берагчы ад гэтага. Іх трэба па мінімуму інфармаваць пра такія рэчы. Мае бацькі — дзеці сваёй эпохі. Для іх незразумела, чым я займаюся. Змагацца з агромнай дзяржаўнай машынай, чымсьці рызыкаваць... Мая мама ўвесь час паўтарае: «Госпадзі, у цябе пенсіі не будзе». (Смяецца). Але ступень рызыкі, звязанай з маёй працай, яны да канца не асэнсоўваюць.

Дзякуючы ўсё таму ж “Фэйсбуку” супольнасць пабачыла вашую дачку-прыгажуню — найлепшае тварэнне, як вы аднойчы трапна напісалі.

— Яна вучыцца на трэцім курсе Інстытута правазнаўства на юрыдычнай псіхалогіі. Харошая дзяўчынка, мая памочніца.

Канечне, ёй прыйшлося рана стаць дарослай. З-за паездак мне даводзілася пакідаць яе адну. І яна была адказная за сабаку, за дом. Наста мне як сяброўка. Мы з ёй дзелімся усім, абмяркоўваем сардэчныя справы.

Таццяна Рэвяка з дачкой Настай

— Калі ўжо зайшла гаворка пра сардэчныя справы, прызнайцеся, гэта праўда, што Вікіпедыя назвала вас жонкай Бяляцкага?

— За гады існавання «Вясны» мяне прымалі за «жонку» то нашых юрыстаў, а потым — Бяляцкага. Мы з гумарам узгадваем усе тыя выпадкі. Відаць, проста у нашай арганізацыі настолькі блізкія людзі працуюць, што звонку гэта як сям’я выглядае. (Смяецца). На самай справе з жонкамі калегаў у мяне добрыя стасункі. Мы сустракаемся і супольныя святы ладзім.

— Можаце прыгадаць самыя шчаслівыя моманты ў вашым жыцці?

— Калі дзіця нарадзіла. І боль прапаў. (Усміхаецца). Каханне, але гэта не момант, а шчаслівейшыя перыяды майго жыцця.

…Бяляцкага выпусцяць – будзе шчаслівы момант. Калі ўнукі народзяцца, буду шчаслівай бабкай. (Смяецца).

— Калі дазволіце, яшчэ інтымнае пытанне. Якога мужчыну вы бачыце побач з сабой?

— У мяне быў муж, якога я вельмі любіла. І вялікі боль, расчараванне — тое, чым скончылася нашае дзесяцігадовае жыццё. Зараз магу сказаць, што мужчыне побач са мной я павінна давяраць. Мне трэба разумець, што гэта мой мужчына. І нават не аналізуючы — чаму. На нейкім энергетычным узроўні адбываецца гэта разуменне.

Мяне часам пытаюцца: «Таццяна, чаму вы замуж не выйшлі другі раз?». А я больш нікому не змагла даверыцца. Калі ты раскрыты і здаецца, што гэта самы бліжэйшы табе чалавек, а ён нечакана наносіць табе ўдар… Відаць, у мяне страх атрымаць такі боль пераважае. Думаю, хто перажыў гэта, той разумее.

Хаця мне заўсёды шанцавала на мужчын. Тыя, хто быў са мной побач і зараз ёсць, сапраўды вартыя людзі.

— Кажуць, вы пісалі артыкулы пра эротыку?

— І не толькі артыкулы. Літаратурную кар’еру я скончыла кнігай «Тайны китайской эротики». (Смяецца). У маім жыцці быў такі перыяд, калі я пісала кніжкі як «літаратурны негр». У тыя часы, калі мы ў музеі атрымлівалі 20-30 долараў штомесяц, даводзілася браць падпрацоўкі. Так што ў мяне за плячыма добрыя два-тры дзясяткі кніжак. Была серыя «Энциклопедия преступлений и катастроф». На маньяках і забойцах спецыялізавалася. (Усміхаецца). І пра крамлёўскіх каханак пісала.

А ў 1998-м годзе Бяляцкі сыходзіў з музея і запрасіў мяне працаваць у «Вясну». «Якія правы чалавека? Я ж не юрыст», — здзівілася я. — «Таня, ты ж пісаць умееш! Вось і будзеш пісаць», — не разгубіўся Алесь.

Таццяна Рэвяка на сустрэчы з Хілары Клінтан, 2011 год

«Салідарнасць» працягвае праект «Жыццё (не)звычайнага беларуса». Чакаем вашых прапаноў і запрашэнняў у госці на кухонныя пасядзелкі на gasetaby@gmail.com.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)