Севярынец: «Цырк для аднаго. Ці не зашмат актораў?»

Ну я ўяўляю сабе гэты цырк. Сьветлая пасьлявелікодная раніца. Школа. Зь блізкіх двароў цякуць да школьнага ганку тоненькія цурочкі дзяцей у масках. Дзе-нідзе ў гэтай плыні вытыркаюцца стройныя вербы, суворыя камяні і счарнелыя карчы — гэта настаўнікі ў масках, піша ў сваім блогу на Радыё Свабода Ганна Севярынец.

На ўваходзе снуе клапатлівая рыбка — гэта вахцёрка ў масцы, яна працірае ручку дзьвярэй пасьля кожнага дзіцёнка ў масцы, наладжвае эпідэміялягічна бясьпечны рэжым. Унутры бясконца пікае турнікет, які паставілі шчэ пасьля стаўпецкай трагедыі — ён пікае на кожнага, ніхто даўно не зьвяртае на яго ўвагі, насі хоць нож, хоць бомбу, тым больш ты цяпер у масцы. Як бы дэкарацыі патрабуюць.

Потым мы ўва ўсіх мераем тэмпэратуру і заносім у спэцыяльны журнал. Гэта хвілін 40. За гэты час дзеці ўжо стаміліся дыхаць у масках. Яны пачынаюць сьцягваць іх на бароды, падымаць на лоб, нехта ўжо душыць суседа гэтай маскай, нехта патаемна мые індывідуальным антысэптыкам герані на вокнах.

Настаўнік у масцы ля дошкі рвецца з усіх сіл, каб патлумачыць урок — ага, ты без маскі паспрабуй яго да ўсіх данесьці, цяпер хіба пісаць проста на ёй формулу альбо правіла. Ад бясконцага гаварэньня маска на ягоным твары мокрая, але памяняць немагчыма — папярэдняга заробку хапіла толькі на тое, каб кожнаму ў сям’і набыць сродкі аховы і крышачку закупіцца туалетнай паперай.

На перапынку трэба праветрыць. «Дзеці, выйдзіце ў калідор! А не, стоп! На калідор нельга! Станьце ўсе ў дальні кут, мне трэба адчыніць вокны! Куды вы сталі! Захоўвайце дыстанцыю! Ня ведаю, як, але каб два мэтры! Ваня! Злазь з падаконьня! Маша! Куды ты палезла ў шафу! Адамовіч! Не прымярай чужую маску!»

Ганна Севярынец: Некаторыя настаўнікі дазваляюць сабе абразьлівыя камэнтары ў бок вучняў у масках

І так шэсьць гадзін. Тысячу разоў схапіўся за твар, ды што там, скінуў маску і дыхаеш гэтым паветрам — мо, нарэшце захварэю і на бальнічны. Але не! Які бальнічны! Прыпаўзаеш дадому — і ў zoom! Цяпер трэба дагледзець тых, каго не пусьцілі бацькі — хто сьвядома, а хто праз адсутнасьць масак. Цырк і тут.

У рэкамэндацыях Мінаду па выкарыстаньні камунікатыўных тэхналёгій самае карыснае — гэта спасылкі на фэйсбучныя групы, створаныя настаўнікамі-энтузыястамі за час дадатковых вакацый. Першы раз бачу, каб у рэкамэндацыях сур’ёзнага міністэрства трэцім пунктам пасьля замежных плятформ ішлі спасылкі на фэйсбучныя групы. Але ладна, групы, насамрэч, клёвыя, зараз што-нішто там знойдзем і правядзем яшчэ шэсьць гадзін за наладжваньнем вучэбнага працэсу дыстанцыйна.

Я дык ня ведаю, нашто гэты цырк. Ані з раніцы, у рэжыме маскі-шоў, ані з вечара, разрываючыся паміж мэсэснджэрамі і плятформамі, настаўнік ня будзе эфэктыўным. Нам бы адзін навучальны працэс правесьці, ня кожны можа. Дзе ўжо два! Блага будзе і тым, і гэтым.

Але карцінка! Карцінка! Рэспубліка-партызанка не здаецца і выводзіць дзяцей у школы! Беларусы супраць ковід-19! Настаўніца хіміі за 45 хвілін перамагае каранавірус рэактывамі 1985 году! Умацуем імунітэт ў школьнай спортзалі! Вы дрыжыце ў тухлых кватэрах — мы ідзем у школы! Баязьліўцы, панікёры, бе-бе-бе, у нас кожны Пецька Іванчык сьмялейшы за тысячы Бэльгій і Італій! Ударым маскай па непісьменнасьці і ляноце! Выкідай смартфон, даставай антысэптык! Піянэры супраць панікі!

Ну гэта як кожную суботу выганяюць дзяцей на «шосты школьны дзень». Прымусяць выдатнікаў прыцягнуцца ў школу на які-небудзь панылы квэст на тэму «Мы з табою грамадзяне, па-над намі сонца ўстане», зробяць дзясятак фотак — і кладуць са спакойным сэрцам у папку, маўляў, праверцы будзе што паказаць.

Так і тут. Цырк у масках у маштабах краіны дзеля аднаго гледача. Ці не зашмат актораў толькі? Можна было б зэканоміць крыху рэсурсаў. Як людзей не шкада — то хаця б масак.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:96)