Севярынец: «Было дзіцячае адчуванне, што можна знішчыць монстра адной пстрычкай»

Вядомая настаўніца расказала пра адну размову са сваімі былымі вучнямі наконт сённяшняй сітуацыі.

«Я сёння мела адну цікавую гутарку з дзецьмі. Ну як дзецьмі, гэта мне яны — дзеці, бо я іх вучыла. А так ужо, канешне, дарослыя, з выбарчым правам людзі. Я асцярожна спыталася: што вы адчуваеце зараз? Ці гатовыя вы да таго, што вам давядзецца расчаравацца, магчыма, прызнаць паразу, ці разумееце вы маштаб таго, з чым сутыкнуліся?

— Пффф, а з чым мы сутыкнуліся? Што такога адбываецца з таго, што ніхто не чакаў? Ну ўсе ж разумеюць, што будзе так, як адбываецца, чаго тут расчароўвацца? Ясны перац, мы разумеем маштаб. І што цяпер? Баяцца?

І я падумала, што вось прыкладам я кожны раз здзіўляюся маштабу таго, з чым даводзіцца сутыкацца. І кожны раз адчуваю паразу. Я не вулічны баец, я не люблю адкрытых сутычак, але і я кожны раз, калі пачынаюцца масавыя рэпрэсіі, ўпадаю ў тугу, сум і непрыемнае ліпкае адчуванне бездапаможнасці.

Можа быць, гэта таму, што я была зусім маладая, калі разваліўся СССР, і мне, сказаць па праўдзе, тады падалося, што ён разваліўся неяк проста: пстрык — і няма. Гэта цяпер я ведаю, што супраціў і барацьба з Саюзам цягнулася семдзесят гадоў, усе тыя часы, якія Саюз існаваў, і што мільёны леглі ў гэтай барацьбе, але дзіцячае тое адчуванне — яно ўсё адно засталося, што можна знішчыць монстра адной пстрычкай.

Можа быць, таму кожны раз я расчароўваюся і ўпадаю ў тугу. Можа быць, таму расчароўваецца шмат хто.

Але не гэтыя дзеці. А можа, гэта проста такія законы маладосці, а я іх ужо забыла».

Нагадаем, што не так даўно з Ганнай Севярнец не працягнулі кантракт у гімназіі. Прычынай стаў яе верш пра Колю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(53)