Общество
Алена Якжык

Сапраўды асаблівая дзяўчына (фота)

Увечары 10 сакавіка Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан уручыў намесніцы старшыні «Маладога фронту» Насце Палажанцы прэмію за мужнасць, якой узнагароджваюцца жанчыны розных нацыянальнасцяў і ўзростаў. «Калі жанчына любіць сваіх сяброў, сваю краіну, сваю справу – яна нічога не баіцца», – паведаміла, прымаючы прэмію, лаурэатка.

Нагадаем, упершыню ў гісторыі міжнароднай прэстыжнай прэміі, якая існуе з 2007 года, прэмію ўручылі беларусцы – 20-гадовай Насце Палажанцы. 8 сакавіка дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан ўзнагародзіла астатніх лаўрэатаў. Палажанка прысутнічаць на цэрымоніі ў Вашынгтоне не змагла, бо знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезде.

10 сакавіка ўвечары ў Мінску ў коле прадстаўнікоў дэмакратычнага грамадства ёй уручыў гэтую прэмію Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан. Спачатку ён павіншаваў прысутных жанчын са стагоддзем свята 8 сакавіка:

– Мы верым, што любое грамадзтва, у тым ліку ў ЗША, можа быць паспяховым, толькі калі яно будзе даваць жанчынам і дзяўчынам магчымасць ажыццяўляць свае мары. Гэта свята азначае стагоддзе барацьбы жанчын за тое, каб займаць належнае месца ў грамадстве. Але ў той самы час трэба зрабіць яшчэ многа, каб жанчыны дасягнулі сапраўднай роўнасці.

Пасля гэтага Майкл Скэнлан адзначыў, што зараз усе сабраліся, каб ушанаваць сапраўды асаблівую дзяўчыну. І дадаў, што дзяржаўны сакратар ЗША штогод уручае гэтую ўзнагароду жанчынам, якія адважна бароняць правы жанчын, асноўныя правы чалавека і прынцыпы дэмакратыі.

– Наста сапраўды адпавядае ўсім гэтым якасцям, – сказаў дыпламат. – Яна ўвасабляе выдатны прыклад патэнцыйнай грамадскай актыўнасці ў Беларусі. Нягледзячы на палітычна матываваны ціск, якому падверглася яна сама і яе сям’я, Наста працягвае абараняць свабоды грамадскай супольнасці і правы чалавека. Яна працягвае верыць, што магчыма дабіцца лепшай будучыні. Для мяне вялікі гонар сёння знаходзіцца разам з Настай.

Лаўрэатка, у сваю чаргу, адзначыла, што вельмі ўдзячная такой увазе з боку ЗША да яе персоны, да ўсёй сітуацыі ў Беларусі, да ўсіх нашых бед.

– Тым больш, за такую прынцыповую і паслядоўную пазіцыю ЗША адносна нашай краіны. У дадзены момант гэта вельмі важна для нас, – падкрэсліла яна. – У гэты дзень не магу не ўспомніць такіх мужных жанчын, як Наталля Радзіна і Ірына Халіп, якія знаходзіліся са мной у засценках турмы КДБ. Я маю гонар казаць, што знаёмая з імі.

Для мяне слова жанчына заўсёды атаясамлялася са словам любоў. Наталля і Ірына толькі пацвердзілі мае думкі, што там, дзе ёсць каханне – няма месца страху. Калі жанчына любіць сваіх сяброў, сваю краіну, сваю справу – яна нічога не баіцца.

Пасля, у прыватнай гутарцы, Наста Палажанка дадала “Салідарнасці”, што мужных беларусак, якімі яна захапляецца, вельмі шмат.

– І я не перастаю натхняцца гэтым. Разумею, што ў жанчын ёсць больш адчування самаадданасці, ахвярнасці… Зараз у турме знаходзяцца такія для мяне людзі, за якіх жыццё можна аддаць, а не толькі свабоду. І такіх жанчын шмат, якія гатовыя змагацца да канца. Каб не толькі блізкія былі на свабодзе, але і каб мы жылі ў такой краіне, у якой хацелі б, каб жылі нашыя дзеці.

Наста Палажанка з’яўляецца адной з абвінавачаных па артыкуле 293 КК «Масавыя беспарадкі». Яе арыштавалі 20 снежня ва ўласнай кватэры. Амаль два месяцы яна знаходзілася ў СІЗА КДБ. 17 лютага яе выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Праваабаронца Таццяна Равяка, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, гісторык Ніна Стужынская, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка

Таццяна Равяка і Жанна Літвіна

Прадстаўніца Камітэту аховы рэпрэсаваных Эла Гарэцкая і маці маладафронтаўца Наталля Ясевіч

Адзін з кіраўнікоў «Маладога Фронту» Мікола Дземідзенка і прэс-сакратар аб’яднання Таццяна Шапуцька

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)