Политика

Саміт Усходняга партнёрства пройдзе без Лукашэнкі?

Прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус заявіў, што Аляксандр Лукашэнка павінен узяць удзел у травеньскім саміце ЕС у Празе, на якім будзе прэзентаваная праграма «Ўсходняе партнёрства». Тым часам некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што Еўропа ўжо вырашыла, што не будзе запрашаць кіраўніка Беларусі ў сталіцу Чэхіі.

Паводле ”Радыё Рацыя”, гэтае пытанне было вырашана яшчэ 7 красавіка падчас кансультацый кіраўнікоў МЗС краін Еўразвязу. З беларускага боку на кансультацыях прысутнічаў намеснік міністра замежных спраў Валер Варанецкі, якому і паведамілі пра тое, што Беларусь будзе прадстаўляць не кіраўнік краіны, а міністр замежных спраў. У прыватнасці пра гэта паведаміў, спасылаючыся на неафіцыйныя крыніцы, аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Дэпутат Еўрапарламенту Яцэк Сарыюш-Вольскі адзначае, што Лукашэнку пакуль рана запрашаць у Еўропу, таму рашэнне пра тое, што Беларусь будзе прадстаўляць не Лукашэнка, а міністр – адпаведная рэчаіснасці:

- У любым выпадку ў Еўрапарламенце мы выказваліся наконт гэтага запрашэння даволі выразна. Я таксама выступаў з ініцыятывай, каб ў Прагу прыехаў не Лукашэнка, а нехта з прадстаўнікоў улад. Мяркую, што візіт на гэтае мерапрыемства Лукашэнкі быў бы неадпаведным сённяшняй сітуацыі і, у прыватнасці, заўчасным.

Але днямі прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус заявіў, што Аляксандр Лукашэнка павінен узяць удзел у саміце ЕС у Празе. Паводле ”Радыё Свабода”

, заява была зроблена ў часе візіту літоўскага кіраўніка ў Чэхію на мінулым тыдні.

Выступаючы за запрашэнне Лукашэнкі, Адамкус, аднак, удакладніў: «Але ж гэта зусім не азначае, што ЕС згодны з палітыкай Лукашэнкі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)