Общество

«Сабралі з міру па нітцы». Мінскай чацверцы, якая адбіла ад амапаўцаў чалавека – ад чатырох да пяці год калоніі

I вялікая кампенсацыя пацярпелым.

Абвінавачаныя Дроба, Зянько і Кацкель.  ў суде 17 сакавіка. Фота: Наша Ніва.

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 2 красавіка абвясціў прысуд па крымінальнай справе чатырох жыхароў сталіцы – Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драбы і Уладзіміра Кацкеля, паведамляе Вясна.

Іх абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК), арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК), наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанні маёмасці (арт. 218).

Справу разглядала суддзя Юля Блізнюк. Дзяржабвінаваўца – пракурор Вікторыя Таратыка.

У справе – сем пацярпелых супрацоўнікаў АМАПу.

Падзеі адбываліся пасля 17 гадзін 11 кастрычніка 2020 года. Пад час разгону «Маршу гонару» каля станцыі метро «Пушкінская» яны, як вынікае з матэрыялаў следства, перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі.

Што запрасіла дзяржабвінавачванне?

Івану Зянько па артыкуле 218 – 3 месяцы арышту, па артыкуле 342 – абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу 2 гады, па артыкуле 364 – 5 год пазбаўлення волі. Разам – пяць год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;

Яўгену Бароўскаму па артыкуле 342 – 3 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, па артыкуле 364 – 4 гады пазбаўлення волі, разам – 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;

Аляксею Драбу па артыкуле 364 з улікам непагашанай ранейшай судзімасці - пяць год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;

Уладзіміру Кацкелю па артыкуле 364 з улікам непагашанай ранейшай судзімасці – пяць год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Апошнія словы абвінавачваемых

Яўген Бароўскі быў лаканічным: «Нічога не парушаў, супрацьпраўных дзеянняў не здзяйсняў».

Іван Зянько сказаў, што не ведае тых людзей, якіх у судзе паказвалі некалькі разоў на відэа, але нічога дрэннага яны не рабілі: «Сабралі з міру па нітцы, паказалі нейкія размытыя скрыншоты, на якіх невядома што».

Аляксей Драба: «Прашу паблажкі ў суда, абяцаю ў далейшым весці законапаслухмяны лад жыцця, прашу не судзіць строга. Пяць месяцаў у СІЗА паслужыла мне ўрокам. Мая дапытлівасць прывяла мяне ў турму... Раскайваюся, віну часткова прызнаю».

Уладзімір Кацкель: «Ніякага злачынства не здзяйсняў, знаходзіўся дома на каранціне, хварэў каранавірусам. Прашу вызваліць мяне з-пад варты і зняць з мяне ўсе абвінавачванні».

Суддзя Юлія Блізнюк абвясціла прысуд:

Яўгену Бароўскаму – абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу – 3 гады па першым артыкуле, па арт. 364 –  пазбаўленне волі тэрмінам на чатыры гады. Сумарна – пазбаўленне  волі на чатыры гады ў калоніі агульнага рэжыму;

Івану Зянько – арышт 3 месяцы па першым артыкуле, па арт. 342 КК – абмежаванне волі на 2 гады, па 364 артыкуле – пазбаўленне волі на 5 гадоў.

Сумарна – пяць  гадоў калоніі агульнага рэжыму;

Аляксей Драб і Уладзімір Кацкель прызнаныя вінаватымі па арт. 364 Крымінальнага кодэксу – па пяць гадоў у калоніі агульнага рэжыму;

Залічыць у тэрмін адбыцця пакарання – адзін  дзень пад вартай як адзін дзень пазбаўлення волі.

Апроч гэтага Бароўскаму ў грамадзянскім працэсе будзе вырашацца пытанне  аб кампенсацыі зыска Мінсктранса ў памеры 4 699 рублёў. Зянько павінен аплаціць ГУУС 7 073 рублі 75 капеек.

Кожны павінен  аплаціць пацярпелым па справе амапащцам маральны ўрон у памеры ад двух да 3 000 рублёў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(15)