Рыгора Барадуліна ва Ўшачах абкрадалі тры разы (фота)

На сваёй малой радзіме народны паэт прызнаўся Еўрарадыё, адкуль ў яго зямельны надзел на Каўказе, чым ён падобны да Мао Цзэдуна і навошта суседзі пакінулі для яго два пеўня.

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін праводзіць лета ва Ўшачах, на сваёй малой радзіме. Цяпер гэта асабліва важна для яго. Узімку дзядзька Рыгор сустрэў сваё 75-годдзе ў рэанімацыі, з цяжкім запаленнем лёгкіх. А Вушачы яму, прызнаецца паэт, лепшыя ад усякіх лекаў. Мы наведалі Рыгора Барадуліна ў роднай хаце і распыталі, як тут праходзяць ягоныя дні.

Рыгор Барадулін: “Я па-ранейшаму раблю запісы Вушацкага словазбору, пішу патроху вершы, стараюся ўспомніць нешта вушацкае – гэтым і жыву…”

Барадулін з сумам кажа, што з усяе вуліцы застаўся ён адзін – даўнія суседзі ці пайшлі ў лепшы свет, ці пераехалі.

Рыгор Барадулін: “Суседзі ўжо ўсе новыя. Дапусцім, насупраць сусед, які нячысты на руку, між намі кажучы. Мяне ж тры разы абкрадалі, да ікон! Гэта ўдзячныя мае землякі так цікавіліся маёй спадчынай! Пакуль я не паставіў сігналізацыю”.

Ці ёсць ў Барадуліна нейкія стравы, якія асацыююцца менавіта з Ушачамі, з парою маленства?

Рыгор Барадулін:
“Ёсць клёцкі з душамі, “сцяклянныя клёцкі” – без душы, без нічога, проста з малаком. Поліўка… А клёцкі з душамі ведаеце, што такое? Гэта з мясам. Заўсёды, калі варылі клёцкі, варылі адну сароку – прадаўгаватую клёцку, а ўнутры не фарш, а адрэзаны кавалак сала. Гэта называлася “сарока”.

Клёцкі – гэта зразумела. А чым жа запівалі іх раней ва Ўшачах?

Рыгор Барадулін: “Ну квас ушацкі быў… Дарэчы, кава пасля вайны была з жалудоў, жалудовая кава! Цяпер ёсць, напэўна, і нармалёвая, але я цяпер каву не п’ю… Мне сказалі, што нельга. Дык я, як Мао Цзэдун, п’ю зялёны чай. Вялікі Мао піў такі – і я па ягоным прыкладзе”.

Кожны, хто меў гонар піць з Барадуліным гарбату, мог назіраць дзіўны рытуал: паэт налівае яе з глінянага чайніка ў піялу, пасля пералівае назад. Так – тры разы. І толькі пасля прыступае да піцця. У чым сакрэт гэтага рытуалу?

Рыгор Барадулін: “Гэта я прывёз з Усходу. Заварваеш зялёны чай, ён стаіць трошку, нацягваецца. Пасля піялу пераліваеш назад у чайнік – лай! Пасля другі раз – май! І пасля – чай! І пасля трэба піць. “Лай” – гэта гліна. “Май” – гэта пах, водар. А “чай” – гэта ўжо чай. Гэта я навучыўся ў Сярэдняй Азіі. З піялы – зусім іншы смак! Асабліва калі яна гліняная. Мне шкада, што пабілася мая самая любімая піяла, калмыцкая, ручная работа… Цяпер ужо, з фарфоравай – смак ужо не той…”

Аказваецца, у свой час Барадулін прывёз з Сярэдняе Азіі не толькі рытуал піцця гарбаты, але і шыкоўны набор. Прычым набор дастаўся яму вельмі незвычайным чынам.

Рыгор Барадулін: “Наогул, у Сярэдняй Азіі ў мяне было многа вясёлых гісторый. Я помню, як мы паехалі ва Ўзбекістан, па-мойму. Кіраўнік дэлегацыі, здаецца, Пашкевіч, намеснік – Вярцінскі, як парторг, і я – уся дэлегацыя. Нас трое, у пакоі жывём. Ад’язжаем – ляжаць сувеніры. Ім там нейкія кніжкі ці што. А мне — выдатнейшы чайны набор! Вярцінскі гаворыць: “Давай дзяліцца!” Я кажу: “Чаму?!” Той адказвае: “Мы ж кіраўнікі дэлегацыі, чаму гэта табе лепшае дастанецца!?” Я гляджу на каробку з наборам – а там напісана “Барадуллін”, з дзвюма “л”! За свайго прынялі! Што там “Вярцінскі”?.. А “Барадуллін” – гэта свой! Адно “л” дабавіць – і ўсё!..”

Тэма Азіі дагэтуль блізкая Барадуліну. Не так даўно ўсе пабачылі здымак, дзе паэт стаіць ва ўбранні горца.

Рыгор Барадулін: “Папаху гэту мне падарылі каўказцы. Папаху, грамату і зямельны надзел на Каўказе. Што я магу там прыязджаць і будаваць хату. Каб раней – дык паехаў бы, а цяпер па здароўю не магу. Але прыемна. Некаторыя там у Еўропе купляюць цэлыя вілы, замкі. А ў мяне ёсць надзел на Каўказе!”

Што яшчэ засмучае народнага паэта Беларусі ва Ўшачах? Як высвятляецца – адсутнасць пеўняў і кароў, якія таксама нагадвалі Барадуліну пра юнацтва…

Рыгор Барадулін: “Раней тут было многа пеўняў. А цяпер раніцай адзін певень як з перапою хрыпіць. Я думаю: чаго ён напіўся?.. Раней па вуліцы ішоў цэлы статак кароў. Цяпер ніводнай каровы, толькі машыны зрэдку праходзяць. Урбанізацыя Вушачы захапіла… Рэдка пачуеш, каб карова замычэла. Яшчэ два пеўні ёсць. Можа, мне іх для настроя пакінулі? Дзякуй землякам…”


У працоўным кабінеце на паддашку вушацкае хаты


У лесе народны паэт не супраць паласавацца ягадамі


У Вушачах натхненне шукаць лягчэй, чым у Мінску...


На выпадак дажджу дзядзька Рыгор узброены добра


На магіле мамы


Дарогі ва Ўшачах не ўсе ў ідэальным стане


Ля матчынай хаты, 1980-я гады


Некалі тут і на возе можна было пракаціцца. Цяпер такога няма...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)