Политика
Анастасія Зелянкова, Аляксандр Старыкевіч

Рыгор Кастусёў: «З намі згулялі, як кот з мышкай»

Чаму Рыгор Кастусёў рыхтаваўся да другога туру? За што яго паважае Аляксандр Лукашэнка? Што за дамову парушылі кандыдаты на плошчы? Пра гэта і шмат што экс-кандыдат у прэзідэнты распавядае ў другой частцы размовы ў межах праекту «Выбары: Рэканструкцыя».

Першую частку размовы чытайце тут.

“Мне даходзіла інфармацыя, што будзе другі тур выбараў”

-- Што лічыце галоўным дасягненнем гэтай кампаніі?

-- Пазітыў тое, што Партыя БНФ, нягледзячы на вынік выбарчай кампаніі, засталася дзеючай арганізацыяй, у адрозненне ад іншых. Удзел партыі як палітычнай сілы на выбарах я таксама залічваю ў плюс. Гэта адбылося ўпершыню з 1994 года.

-- Але, прабачце, па шчырасці вы і гэтыя выбары хацелі праскочыць, зняўшыся пад Мілінкевіча.

-- Мы гэтага не казалі.

-- Можа, і не казалі, але гэта было відавочна пасля стварэння БНБ.

-- Калі мы пачалі аналізаваць тую працэдуру, на якую пагадзіўся Мілінкевіч, то выходзіла: не факт, што ён быў бы такім лідэрам. Працэдура прадугледжвала набіранне балаў у рэгіёнах. І там Мілінкевіч мог бы максімум балаў не набраць.

У некаторых арганізацыях стаўленне да Мілінкевіча было не зусім станоўчае. Узяць, напрыклад, Магілёўскую вобласць. Зразумела, што калі б ставілі ацэнкі, то БНФ паставіў бы найвышэйшую адзнаку прадстаўніку БНФ, рух “За свабоду” – за Мілінкевіча. А што такое Рух “За свабоду” на Магілёўшчыне? Гэта той жа БНФ, або людзі, блізкія да БНФ. Што да БХД, то, улічваючы адносіны, якія склаліся ў іх з Мілінкевічам, на другое месца паставілі б хутчэй мяне.

Зараз я аналізую нашу выбарчую кампанію заднім розумам -- ой, колькі памылак было зроблена!

Мы вельмі позна стартанулі. За паўгода да галасавання прыняць рашэнне пра ўдзел у выбарчай кампаніі – гэта нонсэнс. Другое – мы не знайшлі сродкаў, што таксама выцякае з першага. Ісці на выбары без рэсурсаў – гэта бывае самагубства. Гэта быў і вялікі ўдар па сямейным бюджэцце, калі на свае сродкі я ездзіў па рэгіёнах. Так у мяне разышлося дзве тысячы даляраў асабістых грошай, якія я мог пусціць на сям’ю, на свой дабрабыт.

-- І што на гэта сказала жонка?

-- Жонка пра гэта не ведае яшчэ. Я ёй не казаў.

Што было плюсам – мы актыўна паехалі па рэгіёнах, сустракаліся з людзьмі. Праўда, з-за гэтага мы кепска падрыхтаваліся да выступу на тэлебачанні. Лічу, што мог выступіць значна лепей. Ды і мала часу мы адвялі на падрыхтоўку. Я ўначы пісаў прамову і потым ішоў выступаць.

-- І якія высновы вы зрабілі з гэтай кампаніі?

-- Трэба аб’ядноўвацца. Аб’ядноўвацца з людзьмі, блізкімі па духу, і шукаць разам нейкі кампраміс з тымі палітыкамі, з тымі арганізацыямі, якіх хвалюе лёс Беларусі, якія, можа, да гэтай пары памыляліся. Мы гатовы з імі працаваць у сувязі з тым, што адбылося 19 снежня.

-- Якія мэты вы ставілі на выбарах?

-- Канешне, мы заяўлялі пра перамогу. Але мы таксама разумелі, што Лукашэнка так проста сваю ўладу не аддасць, і што сапраўдных выбараў не будзе.

Што даў удзел БНФ у выбарчай кампаніі? Ва ўсіх СМІ была апублікавана праграма, упершыню з 1994 года. Упершыню ў “Советской Белоруссии” з’явілася праграма з гербам “Пагоня” і бел-чырвона-белым сцягам.

Мы пайшлі да людзей. Самыя выдатныя сустрэчы ў мяне адбываліся не там, дзе да цябе прыйшлі ў залю, бо на такія імпрэзы звычайна ідуць нашы прыхільнікі або прыхільнікі іншага альтэрнатыўнага кандыдата, а на рынках -- з людзьмі, далёкімі ад палітыкі, якіх больш цікавіць, чым накарміць сям’ю, як апрануць дзяцей, ці будзе ў іх праца.

На нашых сустрэчах не было ніводнай правакацыі. Мы самі сабе раней навязалі такі імідж, што нібыта людзі недалюбліваюць Партыю БНФ. А я паглядзеў, дык наадварот, усе з цікавасцю ставяцца да БНФ. Былі складаныя пытанні, але заўсёды тактоўныя. Я бачыў, што людзі адносіліся да нас вельмі добра.

-- Ну, да вас і ўлада чамусьці ставілася добра. Ёсць гэтаму тлумачэнне?

-- Няма. Ёсць розныя меркаванні, але на ўзроўні чутак.

Сцэнар мог развівацца па-рознаму. Але тое, што было пра мяне сказана добрага з вуснаў Лукашэнкі, лічу справядлівым. Ён ведае, што кажа. Мы з ім былі ў свой час асабіста знаёмыя.

Яшчэ ў 2001 годзе былі спробы знайсці на мяне кампрамат і пасадзіць – не знайшлі. Гэта шмат пра што сведчыць. Так што я правераны-пераправераны сто разоў. Ну, і ў адрозненні ад некаторых іншых кандыдатаў, у мяне ўвесь час было месца працы. Не ўмоўнае, а сапраўднае.

-- А што вы маеце на ўвазе, калі кажаце, што “сцэнар мог развівацца па-рознаму”?

-- Да мяне прасачылася інфармацыя, што разглядаўся варыянт другога тура. Я не скажу, што мне вядомыя вынікі галасавання, бо іх не ведае ніхто, але другі тур цалкам быў магчымы да апошняга дня галасавання. Чаму раптам памянялася сітуацыя, мне складана сказаць.

-- Вы маеце на ўвазе варыянт другога туру, калі сумленна лічацца галасы, ці шоў паводле сцэнара, напісанага на Карла Маркса, 38?

-- Хутчэй больш шоў.

“Рашэння ісці на плошчу Незалежнасці не было”

-- Ваша версія: што адбылося вечарам 19-га? Чаму ўлада, правёўшы адносна ліберальную кампанію, арыентаваную на прызнанне выбараў Захадам, у самы апошні момант усё пусціла прахам?

-- Тут версій шмат. Мяне вельмі многа крытыкавалі за мой каментар на БТ. Я даваў яго добраахвотна, без усялякіх умоваў. І зараз яго паўтараюць практычны ўсе палітыкі, хаця мяне за гэта асуджалі.

Самыя галоўныя выказванні мае на той час былі пра тое, што на плошчы адбылася правакацыя, якая звузілася да біцця шкла. А каму гэта было выгадна? Расіі.

-- Але не Расія перакрывала шлях калоне Някляева, яго перакрывалі нашы ДАІшнікі. І не расійскі спецназ збіваў кандыдата ў прэзідэнты.

-- Але ж давайце ўспомнім, што потым сталася з кіраўніком гэтага спецназу Карпянковым? Яго звольнілі. А якія ў яго былі стасункі з былым міністрам Навумавым, які зараз у Маскве? Наколькі мне вядома, сяброўскія...

Да гэтай пары ніхто не можа сказаць: чаму Някляева збілі, чаму напалі?

Адназначна, што была ўжо гатовая рэзалюцыя АБСЕ. Давайце ўявім, што АБСЕ выбары прызнала. Пра што гэта сведчыла б: ЕС пачаў бы больш цесныя стасункі з нашай краінай. Гэта расійскаму боку было зусім нецікава.

Мяне, дарэчы, папярэджвалі і пра магчымы кіргізскі варыянт. Казалі, што на плошчы будзе, як у Кіргізіі, і як толькі адбудзецца праліццё крыві, будзе спроба павесіць гэта на нацыянальна-дэмакратычныя сілы, тыя, што з чырвонай палоскай у вачах. Каб у Беларусі засталася толькі прарасійская апазіцыя...

Я не ведаў, чым закончылася Плошча, мяне ж адтуль звезлі, як толькі паявіўся першы спецназ, і мяне далбанулі. Ужо знаходзячыся ў КДБ, я патэлефанаваў Янукевічу...

-- Як???

-- Цікава, але спачатку ў мяне тэлефон не забралі. Я, седзячы ў нейкім кабінеце, званіў, і нават тэлефон там на падзарадку паставіў. Следчы зайшоў і кажа: глядзі, каб потым выключыў. Адносіны да мяне і стаўленне было досыць лаяльным: не хочаш даваць паказанні без адваката – распішыся, што не хочаш.

... Дык вось, Янукевіч мне расказаў, што затрымалі іншых кандыдатаў. Але сувязь была кепская, таму, чым скончылася Плошча, я не ведаў.

-- Вы правялі паралель Карпянкоў – Навумаў, але ж відавочна, што не Карпянкоў прымаў рашэнне нападаць на Някляева. Ён усё роўна быў выканаўцам. І тое, што сцэнар зацвярджаўся самім Лукашэнкам сумненняў не выклікае.

-- Тады чаму яго знялі з пасады? Так завяршыць Плошчу прыдумаў не адзін Лукашэнка. Можа, яго накруцілі ў нейкай ступені і так паднеслі інфармацыю? Хаця, зразумела, галоўная віна на Лукашэнке. Не хапіла яму адных сутак, каб давесці гэтую ліберальную кампанію да лагічнага канца.

Дарэчы, першы раз мы адагналі гэтых маладых, якія збіраліся біць шкло. Але гэта было зроблена зноў, -- была правакацыя, каб гэта ўсё пачаць. З тым, каб Беларусь не пусціць на Захад, а пакінуць у абдымках Расіі.

-- Аднак ці маглі расейцы гэта зрабіць і ўвогуле не пакінуць слядоў?

-- Часта, калі наймаюць кілера, замоўцу ніхто не ведае. Проста я заўсёды задаю пытанне: каму гэта выгадна?

-- Але ж улада, калі гэта быў не яе сцэнар, магла гэта ў любы момант перайначыць сітуацыю. Даць, скажам, па 5-10 сутак за несанкцыянаваную акцыю і наперад – у Еўропу!

-- Вы яшчэ не забывайце пра жаданне застацца пры ўладзе. Вы ўспомніце перадвыбарчую сітуацыю: фільмы “Хросны бацька”, спроба раскруткі некаторых кандыдатаў. А потым за 10 дзён усё хоп – і абвалілася. Мы ж не ведаем, што абяцаў Лукашэнка расійскаму боку. І тут завязана не толькі ўлада. Гэта і сродкі, і рахункі, і сям’я.

Мы ўвесь час кажам пра Лукашэнку, і пры гэтым забываемся пра яго атачэнне, якое таксама мае ўплыў на яго. Зразумела, ён сказаў, што прымаў рашэнне. Але прымаў на аснове інфармацыі, якую яму перадавалі.

-- А ці існаваў узгоднены сцэнар апазіцыі на плошчы?

-- Не. Прынамсі, я ў такім не ўдзельнічаў.

-- Тады з чым вы ішлі на плошчу?

-- Мы меркавалі ўжо на месцы прыняць рашэнне разам з іншымі кандыдатамі і прадстаўнікамі штабоў. І мы прынялі яго. Прычым рашэння ісці на плошчу Незалежнасці не было.

Мы вырашылі заставацца тут і стаць вакол вядомага будынку на Карла Маркса. Але адназначна не ісці на штурм, на нейкі гвалт. Мы нават сказалі, што калі хтосьці пойдзеце на штурм, то аб’явім, што сыходзім з плошчы. Усе пагадзіліся.

Хто перайначыў гэтае рашэнне, у мяне ёсць толькі падазрэнні. Гэтыя людзі ведалі пра дамоўленасці, але чаму не выканалі, невядома. Яны паспелі выйсці да людзей і аказаліся на чале калоны, якая пайшла на плошчу Незалежнасці.

-- Хто-небудзь з кандыдатаў кіраваў Плошчай?

-- На Кастрычніцкай гэты працэс яшчэ быў кіраваны. Была і ўзгодненая пазіцыя ўсіх кандыдатаў. На плошчы Незалежнасці дзесьці на пачатку таксама. Але пасля пайшоў працэс цалкам не кіраваны. Кандыдаты разбраліся хто куды.

Памятаю, толькі мы са Статкевічам пайшлі да АМАПУ на перамовы, каб не дапусціць збіцця. Але гэтага не атрымалася. Я толькі адвярнуўся, згубіў увагу, і мяне два разы далбанулі. Калі б не пачаў варочацца, зусім бы вырубілі капітальна. Я баяўся, што калі звалюся, затопчуць насмерць. Потым сябры вывелі мяне з плошчы і пасадзілі ў машыну.

Калі мы пайшлі на плошчу Незалежнасці, мы згулялі па чужым сцэнары. Там нас чакалі. І згулялі з намі, як кот з мышкай.

Дарэчы, калі Саннікаў пайшоў на перамовы ў Дом урада, журналісты ў яго пыталіся: а што далей? Ён ім адказаў: пачакайце, зараз самі ўбачыце. Значыць, чагосьці Саннікаў чакаў, нейкая інфармацыя ў яго была...

Сапраўды пытанняў шмат. Але галоўная выснова з усяго гэтага: нельга парушаць дамоўленасці. На жаль, гэтага прынцыпу мы не прытрымліваліся ні ў час, калі былі кандыдатамі, ні пасля – на Плошчы. Кожны спрабаваў цягнуць коўдру на сябе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)