Рыцары, дудары і паэты выступяць на дзіцячым свяце ў Гродна

6 кастрычніка з 12.00 да 18.00 prastora.by ладзіць Дзень беларускай дзіцячай творчасці.

Фота prastora.by

Як паведаміў «Салідарнасці» прадстаўнік арганізатара Міхась Башура, свята суправаджаецца майстар-класамі для дзяцей і дарослых, забавамі, конкурсамі, розыгрышамі прызоў ад генеральнага партнёра свята — сеткі крамаў «Карона».

— Мы распрацавалі новы фармат, які ўключае ў сябе мноства забаўляльных актыўнасцяў, вясёлыя анімацыйныя элементы і творчую конкурсную праграму, — распавёў суразмоўца. — Мы пастараліся даць адказ на пытанне, куды схадзіць разам з дзецьмі, каб гэта было цікава, карысна, пазнавальна і разам з тым бясплатна.

Паводле арганізатара свята, цэнтральнае месца сярод усіх актыўнасцяў займаюць выступы лепшых дзіцячых калектываў і сольных выступоўцаў з Гродна, якія атрымаюць магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці і таленты і выступіць на адной сцэне з мінскімі артыстамі.

На свята запрошаныя Раман Абрамчук і «Гарадскі вал», Андрусь Такінданг, спявачка Дзіяна Шыманоўская, паэтка Данута Бічэль-Загнётава, дудар Вік Лагацкі ды іншыя вядомыя госці.

Сярод гродзенскіх выканаўцаў будзе праведзены конкурс «Падтрымаем свае таленты!» з прызам глядацкіх сімпатый. Па выніках галасавання пераможца атрымае сертыфікат на запіс песні ў прафесійнай студыі гуказапісу (вакальны нумар) або сертыфікат на здымкі відэакліпа (танцавальны або іншы нумар).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)