Общество

Рух «За Свабоду»: Абмежаванне на вываз паліва супярэчыць Канстытуцыі

Паводле юрыстаў аб’яднання, Пастанова Саўміна ад 10 чэрвеня 2011г. № 753 «Пра некаторыя пытанні рэгулявання вывазу аўтамабільнага паліва з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» парушае права грамадзян на свабоду перамяшчэння. З гэтай нагоды накіраваны зварот у Канстытуцыйны Суд.

«За Свабоду» у звароце прапанаваў Канстытуцыйнаму Суду даследаваць узгаданую Пастанову на прадмет яе адпаведнасці Канстытуцыі і міжнародным дамовам, а таксама выступіць з ініцыятывай удасканальвання заканадаўства па пытанні вывазу аўтамабільнага паліва, паведамляе прэс-служба Руху.

Згодна з Пастановай, кожны, хто перасякае мяжу на аўтамабілі болей за адзін раз цягам пяці сутак не мае права вывозіць аўтамабільнае паліва нават у баку свайго аўтамабіля, бо яно, паводле чэрвеньскага рашэння ўраду, не можа лічыцца таварам для ўласнага карыстання і мусіць абкладацца мытай. Працэдура вывазу паліва ў гэтым выпадку не выпрацавана, што фактычна абмяжоўвае права на выезд грамадзян за мяжу ўласным транспартам.

Такое становішча супярэчыць артыкулу 30 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (права грамадзян свабодна пакідаць краіну і вяртацца ў яе), артыкулу 12 Міжнароднага пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы (права на свабоднае перамяшчэнне і выбар месца жыхарства) і нават трохбаковым дамовам у межах Мытнага звязу Беларусі, Казахстана і Расіі, згодна з якім паліва ў баку аўтамабіля з’яўляецца таварам для асабістага карыстання і не абкладаецца мытамі.

– Сітуацыя склалася пасля вядомых пратэстаў перавозчыкаў паліва ў Брузгах. Пастанова была прынятая з мэтай абмежавання незаконнага вывазу паліва за мяжу. Але дакумент не вырашыў праблемы. Па-першае, парадак дэкларавання паліва ў баку ўласнага аўто не акрэслены, па-другое, пастанова распаўсюдзілася на ўсіх грамадзян, у тым ліку добрасумленных аўтааматараў, якія сутыкаюцца з немагчымасцю рэалізацыя канстытуцыйнага права на свабоду перамяшчэння, – каментуе сітуацыю праваабаронца Андрэй Сушко.

Паводле праваабаронцы, які на мінулым тыдні прысутнічаў на прыёме ў Канстытуцыйным Судзе і выказаў пазіцыю Руху “За Свабоду” па ўзгаданай праблеме, чыноўнікі судовай установы прадэманстравалі цікавасць да сітуацыі.

Рух “За Свабоду” працягне займацца вырашэннем праблемы. Грамадзяне, якія пацярпелі ад абмежаванняў на выезд, уведзеных Пастановай Саўміна ад 10 чэрвеня 2011г. № 75, могуць звяртацца ў офіс арганізацыі па кансультацыі і юрыдычную дапамогу. Юрысты дапамогуць скласці індывідуальныя скаргі альбо звароты ў адпаведныя структуры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)