Филин

Сяргей Васілеўскі

Рудкоўскі: Запрашэнне Польшчы да сумесных вучэнняў — гэта тролінг, які можа быць адначасова намёкам

Пра што сведчаць экспрэсіўна-хаатычныя заявы з боку беларускага рэжыма.

Першы намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Павел Муравейка заявіў, што Беларусь гатовая ініцыяваць сумесныя вайсковыя вучэнні з Польшчай.

— Калі палякі гатовыя з намі правесці вучэнне, мы з задавальненнем выступім з такой ініцыятывай і разгледзім, якія пытанні мы можам адпрацаваць сумесна, — падкрэсліў чыноўнік. Па яго словах, гэта могуць быць пытанні супрацьпаветранай абароны ў рамках аховы сумеснай мяжы, і пытанні памежнай бяспекі.

Тым часам, 17 верасня Польшча ўслед за Літвой, Латвіяй, Эстоніяй і Фінлядыяй увяла забарону на ўезд зарэгістраваных у Расіі легкавых аўто. Акрамя таго, польская памежная служба аб’явіла тэндар на стварэнне электроннага бар’еру ўздоўж ракі Буг на мяжы з Беларуссю.

Актуальны стан беларуска-польскіх адносінаў Филин абмеркаваў з палітолагам Пятром Рудкоўскім.

— Афіцыйны Мінск кажа пра гатоўнасць правесці сумесныя вучэнні з Польшчай. У тым ліку па пытаннях «супрацьпаветранай абароны ў рамках аховы сумеснай мяжы і памежнай бяспекі». Гэта такі тролінг Варшавы ці насамрэч спроба аднавіць кантакты?

— Гэта тролінг, які можа быць адначасова намёкам. Муравейка разгорнута казаў пра чаканыя вучэнні, расказваў пра тое, які сур’ёзны курс па прымяненні ядзернай зброі прайшлі беларускія ваенныя.

І каб не было ніякага сумневу, падкрэсліў, што хай не прыходзіць у галовы суседзяў шалёная думка правяраць навыкі па ядзернай часці беларускіх ваенных.

Вось у такія разважанні-пагрозы, якія з’явіліся на фоне бесперапынных правакацый з выкарыстаннем мігрантаў, уплецена «запрашэнне» да сумесных вучэнняў.

Але будучыня няпэўная, у прыватнасці, будучыня завязанай на Расію бяспекі беларускага рэжыму, таму нельга выключаць, што тое, што публічны тролінг такога зместу з’яўляецца намёкам на непублічныя размовы аб змяншэнні напружання.

— У дзень так званага «народнага адзінства» Лукашэнка заявіў: «Час паказаў, што наша высакароднае імкненне жыць у міры суседзі не ацанілі. Я не гавару пра польскі народ. Гавару пра эліты палітыкаў, якія ўсе гэтыя гады прагнуць рэваншу».

Што гэта — даўняя савецкая традыцыя звяртацца наўпрост да народаў «варожых краінаў»? Наколькі наіўна сёння гучыць такі зварот да палякаў?

— Гэта адзін з найпрасцейшых — і базавых — паліттэхналагічных прыёмаў, які часта і паўсюдна выкарыстоўваецца — не толькі прапагандыстамі аўтакратый: проціпастаўленне «добрага» народу «кепскаму» рэжыму.

Прыём ёсць прыём, да яго можна ставіцца нават нейтральна. Іншая справа, што ў дадзеным выпадку ён гучыць дужа цынічна, бо лукашэнкаўскі рэжым жорстка расправіўся з уласным народам, падтрымаў расійскую агрэсію супраць украінскага народа, ну і цяпер нібыта іграе ролю «сябра» польскага народа...

— Польшча плануе будаваць электронны плот уздоўж Буга на мяжы з Беларуссю. Гэта і ёсць адказ на вышэйзгаданыя экстравагантныя спробы Мінска навесці масты? 

— Не, гэта працяг планаў па ўмацаванню мяжы, які ў дадзены момант набывае таксама для кіроўнай партыі ў Польшчы і ўнутрыпалітычнае значэнне — набліжаюцца парламенцкія выбары. Гэта акурат не прывязана да экспрэсіўных і даволі хаатычных заяў з боку беларускага рэжыма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)