«Рэжым намагаецца зрабіць з палітзняволеных прадмет гандлю з Захадам»

Беларускія ўлады працягваюць выпускаць са следчага ізалятара КДБ журналістаў і палітыкаў, абвінавачаных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня. І чым бліжэй пасяджэнне Рады міністраў замежных справаў ЕС, на якім мае быць прынятае рашэнне аб санкцыях у дачыненні да беларускіх уладаў, тым болей адпушчаных.

Так, 29 студзеня пад хатні арышт пераведзеныя журналістка і жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Халіп і лідэр кампаніі “Гавары праўду!”, экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, а сябра яго каманды, адзін з кіраўнікоў партыі “Справядлівы свет” Сяргей Вазняк выпушчаны пад падпіску аб невыездзе.

Паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтра “Вясна”, па крымінальнай справе аб масавых беспарадках на сённяшні дзень праходзяць 37 абвінавачаных і 15 падазраваных!

“Да прыняцця рашэння па санкцыях Рады Еўрасаюзу, што збярэцца 31 студзеня, тэрмінова выпускаюцца палітзняволеныя. Можа, і яшчэ хто выйдзе. Лукашэнка відавочна занепакоены жорсткай і салідарнай рэакцыяй Еўропы на тое, як ён правёў прэзідэнцкія выбары. І зразумела, што рэжым намагаецца зрабіць з палітзняволеных прадмет гандлю з Захадам. Бо палітзняволеныя выпускаюцца, але крымінальная справа па нібыта масавых беспарадках 19 снежня працягвае набіраць абароты. Не супыняецца антызаходняя прапаганда і дыскрэдытацыя апазіцыі, з’яўляюцца ўсё новыя звінавачаныя”, - пракаментаваў сітуацыю ў інтэрв’ю Pyx.by старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)