Общество
Георгій Чыгір, «Народная воля»

Рэстаўрацыя Нясвіжскага замка: апошнія штрыхі (фотарэпартаж)

Розгалас данёс, што рэстаўрацыйныя работы (другая чарга) у замку практычна завершаны. Не бавячы часу, спяшаюся туды...

Падчас аднаго з візітаў у Нясвіж княгіня Эльжбета Радзівіл-Тамашэўская (дачка пана Альбрэхта, перадапошняга нясвіжскага ўладара) угледзела на гадзіннікавай вежы свайго замка дах, падобны ні то на цыбуліну, ні то на макаўку... «Божа, што за ідыёцкая цыбуліна!? – вырвалася тады ў яе пры выглядзе новага купалу вежы. – Яе ж ніколі тут не было!».

З таго моманту прайшло даволі часу. Рэспубліканская навукова-метадычная рада (орган, які вышэй па статусу за Міністэрства культуры) прызнала памылковасць узвядзенне вежы-«цыбуліны». Было прынята рашэнне ўсталяваць гадзіннікавую вежу ў тым жа стылі, што і цэнтральную на ўваходзе. Карацей, пані Эльжбета перамагла ўсіх...

І вось – 2012 год... Розгалас данёс, што рэстаўрацыйныя работы (другая чарга) у замку практычна завершаны, што вясною маецца адкрыццё новых залаў, што каналы і валы па ўсёй акружнасці палацавага комплекса прыведзены ў належны парадак. Да ўсяго ў замкавай адміністрацыі нібыта вялікія планы на перспектыву – як у сэнсе небывалага прытоку турыстаў, так і ў сэнсе культурніцкіх мерапрыемстваў. Нясвіж жа цяпер культурная сталіца ўсяе краіны. Не бавячы часу, спяшаюся туды...

Люты, сумёты, але сонейка ўжо па-веснавому лашчыць не толькі меднага арла на ўваходнай вежы... Перад тым як агледзець адноўленыя рэстаўратарамі залы, меўся высветліць два пытанні, якія хвалююць многіх. Па-першае, ці завершана работа па рэстаўрацыі гадзіннікавай вежы згодна з апошнім рашэннем навукова-метадычнай Рады, па-другое, наколькі запоўнены новыя залы аўтэнтычнымі, ці хаця б набліжанымі да іх, радзівілаўскімі рэчамі – карцінамі, мэбляй, зброяй і ўсім астатнім. Паколькі дырэктар палацавага комплекса Сяргей Клімаў адсутнічаў, то гаворка вялася з ягоным намеснікам – Наталляй Пятроўнай Жэрко...

–– Пакуль работы на вежы працягваюцца, але да пачатку адкрыцця другой чаргі палацавага комплекса яны будуць завершаны і вежа паўстане такой, якой яна выглядала пры канцы ХІХ пачатку ХХ стагоддзя, –– запэўніла спадарыня Жэрко. –– Заместа «цыбуліны» закрасуе купал, пакрыты меднай дахоўкай... Такім чынам і другая вежа набудзе той выгляд, які мела ў канцы ХІХ стагоддзя, а не ХVІ-га. Да слова кажучы, цяпер уся рэстаўрацыя вялася ў поўнай адпаведнасці з канцэпцыяй, якая арыентавана якраз на замкавую архітэктуру ХІХ стагоддзя... Можна сказаць, памылка будзе выпраўлена...

А калі ўсё ж плануецца адкрыццё другой чаргі замкавага музея, новых залаў, акспазіцый?

–– Нейкай канкрэтнай даты пакуль няма, бо гэта вырашае Міністэрства культуры, –– кажа спадарыня Жэрко, –– але дакладна вядома, што ў другім квартале. Значыцца, вясной. Цяпер манціруем рознае абсталяванне, вядзем перамовы па закупцы некаторых рэчаў, да таго па асобнаму праекту рыхтуецца выставачная зала на 200 квадратных метраў, на яе выдаткаваны дадатковыя сродкі. Гэта будзе зала для перасоўных выстаў. Але асноўнае, што мы павінны падрыхтаваць да адкрыцця комплексу –– дык гэта новыя залы. Апроч інтэр’ерных экспазіцый кожная з іх ужо запоўнена – паводле апісанняў і старых фатаграфій – адмысловай мэбляй, карцінамі і г.д. Тут не ўсё так гладка, бо прыходзіцца некаторыя мастацкія каштоўнасці браць на дэпазіт з іншых музеяў, а гэта вымагае і часу і сродкаў. У любым выпадку да адкрыцця другой чаргі комплекса залы будуць гатовыя для наведвання...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)