Скандалы
Алена Якжык

Рэдакцыі «Народнай волі» вынеслі трэцяе папярэджанне цягам года (+ каментар Сярэдзіча)

За парушэнне арт. 4 Закона «Аб СМІ», які абавязвае сродкі масавай інфармацыі распаўсюджваць адпаведную рэчаіснасці інфармацыю. Гэта тычыцца серыі публікацый І. Копыла «Нябышына. Вайна», што друкавалася ў «Народнай волі» ў сакавіку.

Як паведамляе baj.by , Мінінфармацыі сцвярджае, спасылаючыся на заключэнне Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, што шэраг прыведзеных у публікацыях гістарычных звестак не адпавядае рэчаіснасці.

Акрамя таго, «распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, …якая дыскрэдытуе партызанскі рух у Беларусі, дзеянні Чырвонай Арміі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны», стаў прычынай правядзення грамадзянамі… пікетаў, а таксама новых праяваў негатыўнай грамадскай рэакцыі».

Папярэджанне падпісаў 31 траўня міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі. У дакуменце ён спасылаецца на замацаванае ў законе «Аб СМІ» права Мінінфармацыі выносіць рэдакцыям пісьмовыя папярэджанні «ў выпадку распаўсюду непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесці страты дзяржаўным альбо грамадскім інтарэсам».

— Мы самі раней прапаноўвалі Міністэрству інфармацыі, што калі яны ўбачаць памылкі ў аўтарскіх артыкулах, і пакажуць нам на іх, то “НВ” гатовая іх выпраўляць. Што да серыі публікацый “Нябышына. Вайна” — гэта ўспаміны і яны носяць суб’ектыўны характар. Як апынулася, гэтыя ўспаміны не супалі з генеральнай лініяй. Мы публікавалі гэту серыю больш месяца. І, высвятлілася, там выяўлена некалькі памылак. Што ж... Мы іх выправім, — сказаў «Салідарнасці» галоўны рэдактар «НВ» Іосіф Сярэдзіч.

— У прынцыпе, з’яўленне трэцяга цягам года папярэджання нічога для газеты не мяняе: паводле закона “Аб СМІ”, звяртацца ў суд Мінінфармцыі можа нават пасля 2 папярэджанняў, вынесеных за нават самае нязначнае парушэнне любога артыкула закона. Так што я расцэньваю чарговую санкцыю, хутчэй, як сродак ціску на рэдакцыю, — пракаментаваў baj.by сітуацыю намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец.

Як нагадвае «Еўрарадыё», першае папярэджанне рэдакцыя “НВ” атрымала 17 лістапада за артыкул “Не перашкаджай іншым адстойваць свабоду”. Мінінфармацыі палічыла, што ў артыкуле ўтрымоўваўся “заклік замінаць законнай дзейнасці ЦВК, а таксама заклік да дзейнасці, якая адносіцца да экстрэмістскай”. Другое пісьмовае папярэджанне газета атрымала 24 снежня за распаўсюд нібыта не адпаведнай рэчаіснасці інфармацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)