Общество
Вольга Слуцкая

Рэальныя гісторыі, як за беларускамоўнасць можна атрымаць зніжку

Як Вінцук Вячорка бясплатна ездзіў на таксоўцы, а журналістка Адар’я Гуштын схадзіла да фізіятэрапеўта, не заплаціўшы за прыем.

Грамадскi дзеяч Вінцук Вячорка распавеў “Салідарнасці”, як праз сеціва купляў у прыватнай фірме пральную машыну з дастаткова адчувальнай зніжкай за беларускую мову. Дарэчы, і сайт гэтай фірмы меў беларускамоўную версію.

– Напэўна, гаспадар быў гатовы панесці грашовыя страты для сцвярджэння каштоўнасцяў, якія ен падзяляе, – гаворыць суразмоўца. – Памятаю, аднойчы кіроўца таксоўкі не ўзяў з мяне грошай, пачуўшы беларускую мову. Гэта даволі часта бывае.

На думку Вячоркі, людзі пазітыўна ставяцца да беларускамоўных і часта пераходзяць на беларускую мову ў адказ:

– Гэта сведчыць пра тое, што ў беларускім грамадстве на фоне антыбеларускай палітыкі цепліцца жывы патэнцыял – ставіцца з вялікай любоўю да роднае мовы.

А вось Уладзіміру Някляеву зніжак за беларускамоўнасць не прапаноўвалі.

– Калі ты размаўляеш па-беларуску на вуліцы, у транспарце ці ў краме, 80 адсоткаў беларусаў успрымаюць гэта пазітыўна, – адзначае палітык і паэт. – Але такога, каб я нешта атрымаў задарма, не было. Карацей, мовай не купляюць.

Гарадоцкі краязнаўца Леанід Гаравы ніколі ў жыцці не сутыкаўся са зніжкамі за беларускамоўнасць.

– Ні ў маім горадзе, ні ў Віцебску такога не робяць. Хіба што ў выданнях чытаў пра гэта, – сказаў ен у размове з карэспандэнтам “Салідарнасці”.

Журналістка Адар’я Гуштын на сваей старонцы ў Фэйсбуку падзялілася, як бясплатна запісалася на масаж.

– Прыйшла ў дзяржаўную палiклiнiку. Фiзiятэрапеўт, пачуўшы маю беларускую мову, дастала з шуфлядкi бэйдж з пагоняй i дэманстратыўна паклала побач “Народную волю”. Чарга на масаж, на дзiва, адразу знiкла. А ў канцы доктар сказала: “За мой прыем плацiць не трэба”. – “Ой, што вы, я заплачу!” – “Не, я настойваю, для вас бясплатна”.

Гісторыя журналісткі з цікавасцю абмяркоўвалі яе калегі і сябры.

Алена Германовіч расказала, як яе знаемы ў сталіцы праходзіў медкамісію:

“Павінны былі яго забраць “у боты”. Ен размаўляў па-беларуску, і адна жанчына-урач, калі пачула родную мову, напісала, што ен хворы, і сказала яму, маўляў, давай, сынок, навошта табе тое войска!”.

Журналістка Дар'я Ліс некалькі год таму набывала фотаапарат. З прадаўцом яна размаўляла па-беларуску, і ў якасці бонуса за мову атрымала бутэльку гарэлкi з журавінамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)