Распачаўся збор подпісаў за ўключэнне «Новага часу» ў дзяржаўны распаўсюд

Пакуль невядомы нам добры чалавек распачаў збор подпісаў пад электроннай петыцыяй «Узяць на распаўсюд газету «Новы час» i дадаць яе ў падпісны каталог».

«Газета «Новы Час» — штотыднёвік, які надае вялікую ўвагу нацыянальнай культурнай і гістарычнай тэматыцы і актыўна прапагандуе палітыку кіраўніцтва нашай краіны ў той частцы, якая накіравана на захаванне і ўмацаванне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама на захаванне і распаўсюджванне беларускай мовы.

«Новы Час» — адно з нямногіх рэспубліканскіх выданняў, якія выдаюцца цалкам на беларускай мове. Дадзеная газета выконвае важную місію па забеспячэнні заўсёды свежай, праверанай і якаснай інфармацыяй аб падзеях у Беларусі і свеце. Улічваючы дадзеныя факты, просім РУП «Белсаюздрук», а таксама ўсе абласныя саюздрукі ўзяць на распаўсюд газету «Новы час». РУП «Белпошта» просім дадаць газету ў падпісны каталог», — гаворыцца ў петыцыі.

Электронны зварот будзе накіраваны ў РУП «Белпошта» і РУП «Белсаюздрук» праз 4 дні.

Шаноўныя нашы чытачы, калі вы таксама хацелі б бачыць наша выданне ў шапікаў і падпісным каталогу, падпішыце, калі ласка, гэту петыцыю.

А раптам спрацуе!..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)