Политика

Расейскія экспэрты: «Лукашэнка дае сыгнал Захаду, што Расея хоча яго скінуць»

Расейскія экспэрты пракамэнтавалі Свабодзе затрыманьне пад Менскам больш як трыццаці грамадзянаў Расеі, якіх праваахоўнікі і дзяржаўныя СМІ назвалі баевікамі.

Затрыманьне пад Менскам грамадзянаў Расеі

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА 29 ліпеня паведаміла, што ўначы супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі. Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі, узрост — ад 24 да 55 гадоў.

Як высьветлілася, 20 з 33 затрыманых значацца ў базе ўкраінскага сайта «Міратворац». 5 з 20 знойдзеных у базе «Міратворца» названыя чальцамі групы «ПВК Вагнэра», якая ўдзельнічала ў вайне на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі.

«Яны там зьявіліся пад рукой, і Лукашэнка вырашыў згуляць сваю гульню»

Аляксандар Гольц, расейскі вайсковы экспэрт, намесьнік галоўнага рэдактара «Ежедневного журнала»:

— Вэрсія беларускіх уладаў нерэальная. Калі б баевікі «Вагнэра» апынуліся на тэрыторыі Беларусі для арганізацыі беспарадкаў, то гаворка пра сакрэтную апэрацыю з боку Расеі.

Вагнэраўцы дзейнічаюць або па даручэньні, або прынамсі па ўзгадненьні з расейскімі ўладамі. І таму гэтая тэорыя не вытрымлівае крытыкі.

Пуцін пасьлядоўны чалавек, і ў яго ёсьць прынцыпы, якіх ён трымаецца. Адзін з гэтых прынцыпаў — абсалютнае непрыняцьце «каляровых рэвалюцыяў».

Пуцін прынцыпова перакананы, што кожны няшчасны народ павінен жыць з тым дыктатарам, які яму дастаўся, і што гэты народ ня мае права вызваляцца ад дыктатара з дапамогай хваляваньняў.

Пуцін пра гэта адкрыта сказаў падчас выступу ў ААН, і ўся практыка расейскай улады кажа пра тое, што гэта адзін зь ягоных базавых прынцыпаў. Гэта запісана ў ваеннай дактрыне РФ, дзе гаворыцца пра тое, што каляровыя рэвалюцыі зьяўляюцца новай формай ваенных дзеяньняў.

Калі гэтыя паведамленьні праўдзівыя, то мы назіраем за незвычайнай мэтамарфозай у поглядах Уладзіміра Пуціна. Я ня бачу нейкіх падставаў для такой мэтамарфозы.

— Ці можа быць мэтай такой гіпатэтычнай апэрацыі аслабленьне Аляксандра Лукашэнкі?

— Гэта тэорыя, якую выгадна перад выбарамі распаўсюдзіць беларускай уладзе. Вэрсія пра тое, што яны меліся ляцець празь Менск далей, больш праўдападобная. Яны там зьявіліся пад рукой, і Лукашэнка вырашыў згуляць сваю гульню.

— Ці можа быць праблемай у двухбаковых адносінах Менску і Масквы затрыманьне чальцоў ПВК?

— Вядома, гэта праблема. Расейскія грамадзяне затрыманыя ў Беларусі. Ім жа павінны прад’явіць абвінавачаньне. Калі ўзяць пад увагу тыя абвінавачаньні, якія ўжо агучаныя ўладамі ў Беларусі, то гэта праблема для Расейскай Фэдэрацыі, якая дакладна не прызнае, што яна неяк удзельнічала ў спробе дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі.

Расейска-беларуская мяжа закрытая, прапускаюць хворых на лячэньне, напрыклад. То бок мы маем справу з 200 хворымі накачанымі людзьмі? Узьнікае мноства пытаньняў. Найхутчэй, яны былі ў Менску транзытам. Гэта больш праўдападобна, чым арганізацыя беспарадкаў у Беларусі.

«Лукашэнка дае сыгнал Захаду, што Расея хоча яго скінуць»

Павел Фэльгенгаўэр, вайсковы аглядальнік «Новай газэты», аналітык:

— Гэта вельмі дзіўная гісторыя. Калі гэта людзі «Вагнэра», то што яны рабілі там бяз зброі? Вагнэр і яго людзі былі ў 2014 годзе ў Данбасе, потым яны езьдзілі на Блізкі Ўсход, у Афрыку, ваяваць і ахоўваць. Але гэта ўсё ж розныя рэчы. Калі гэта нейкія актывісты, тады пры чым тут Вагнэр? Або гэта людзі, якіх Вагнэр сам наймаў. Але чаму яны былі бяз зброі? І пры чым тут увогуле група «Вагнэра»?

— Прозьвішчы часткі затрыманых ёсьць у базе «Міратворца».

— Калі гэта вэтэраны Данбасу, магчыма. А як яны апынуліся ў Беларусі? ПВК «Вагнэр» займаецца трошкі іншымі рэчамі. Ды яшчэ і бяз зброі. Яны бяз зброі не падарожнічаюць. А калі падарожнічаюць, то ім зброю выдаюць на месцы.

Гэта байцы. Яны займаюцца баявымі дзеяньнямі. А баявых дзеяньняў пакуль у Беларусі, дзякуй Богу, яшчэ няма. Палітычныя актывісты займаюцца трошкі іншымі рэчамі.

— Навошта, на вашу думку, такі скандал патрэбны ўладзе ў Беларусі?

— Калі гэтую гісторыю прасоўвае Лукашэнка, то гэта відавочны сыгнал Захаду, што Расея хоча яго скінуць. Ён увесь час гуляе ў такую гульню, то Расея супраць Захаду, то Захад супраць Расеі.

Нейкае расейскае ўмяшаньне магчымае толькі тады, калі там пачнецца дэстабілізацыя. Яна была і трыгерам у 2014 годзе. У Маскве такія дэстабілізацыі лічаць і нагодай, і магчымасьцю. Але пакуль там Вагнэру няма чаго рабіць.

Кто стоит за наемниками из «группы Вагнера»

«Пастаноўка для ўпрыгожваньня канцоўкі выбарчай кампаніі»

Канстанцін Калачоў, расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы»:

— Я мяркую, што ад кіраўніцтва прыватнай вайсковай кампаніі можа быць камэнтар, што гэтых людзей узнагародзілі адпачынкам у Беларусі. Беларусь — папулярнае месца адпачынку ў расейцаў. Іншая справа, што межы зачыненыя. Але многія расейцы праз бульбяныя палі прабіраюцца ў Менск, а адтуль ужо ў Турэччыну ці куды яшчэ.

Пакуль доказная база слабая. Прыналежнасьць гэтых людзей да ПВК ні пра што ня кажа. Тым больш што анансаваныя былі 200 чалавек, затрыманыя 33. Самы просты спосаб іх абароны — казаць, што яны там адпачывалі. А тое, што не пілі — дык гэта таму, што людзі дысцыплінаваныя і суровыя.

Ня выключаны варыянт — выкарыстаньне Беларусі як транзытнай тэрыторыі пры перакіданьні далей. Бо зь Беларусі самалёты лётаюць, а ад нас — не. Зараз цікава — ці прад’явяць затрыманыя квіткі куды-небудзь. Але перакідаць можна і вайсковымі транспартнымі самалётамі.

Але для Лукашэнкі — гэта падарунак. Да выбараў лічаныя дні. Гледзячы па тых апытаньнях, якія ў нас тыражуюцца, яго падтрымка — каля 35%, што ня вельмі пераканаўча. І нават выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу можа не дапамагчы.

Крыху наіўна думаць, што гэтыя 30 чалавек маглі б зьмяніць уладу ў Беларусі. Там сытуацыя іншая, чым ва Ўкраіне пасьля Майдану. Лукашэнка правёў чыстку, перазагрузіў сілавыя структуры, нядаўна атрымаў вялікі тэрмін былы кіраўнік службы аховы прэзыдэнта. Прарасейска настроеных генэралаў «зачышчалі».

Я б усё ж не выключаў, што гэта пастаноўка, якая павінна ўпрыгожыць апошнія паўтара тыдня выбарчай кампаніі, пераключыць увагу грамадзтва.

Если в Беларусь заявились боевики Вагнера, союзный договор должен быть разорван

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(34)