Общество
Eolonir

Раней трэба было закупацца фільтравым абсталяваньнем

Стужка Юрыя Хашчавацкага «Плошча» з'явілася на сэрвісе Google Video з ангельскімі субтытрамі.

Спасылку на арыгінал можна знайсьці тут або праз забудаваны пошук на самім Google Video. Праўда, памер стужкі немаленькі, і карыстальнікам ADSL ці любога іншага метада атрыманьня смачнага хуткаснага Нэту давядзецца раскашэліцца.

Аднак сытуацыя можа неўзабаве зьмяніцца. Размовы пра лібералізацыю рынка сувязі гучаць з цягам часу ўсё часьцей ды часьцей, а па меры набліжэньня тэрміну чарговага плацяжу за газ прыватызацыйная актыўнасьць чынавенства б'е ўсе рэкорды. Мо й Белтэлекам спрададуць нарэшце? Якой бы ні была тая прыватызацыя, галоўнае — каб прыватным правайдэрам дазволілі будаваць свае каналы сувязі ўсярэдзіне ды з краіны. Практыка Грузіі ды Польшчы паказвае, што як толькі апэратары набываюць права будаваць вонкавыя каналы, нелімітаваны дасяг да Сеціва стае даступным ужо цягам двух год, і нават пры адваротнае скупцы былым манапалістам сваёй клішняй маёмасьці адкату назад ужо не бывае.

Калі ў Туркменістане народ трэба вучыць, як можна карыстацца з Інтэрнэту і што ім можна зьмяніць, то ў Беларусі таго рабіць ня трэба. За апошнія гады ў краіне, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, вельмі дарагі Інтэрнэт ды нізкія прыбыткі з'явілася шмат прасунутых карыстальнікаў, якія стварылі хатнія сеткі — адэкватны, калі так можна казаць, адказ дарагому Нэту. Толькі Ракфэлеры маглі дазволіць сабе выпампоўваць фільмы з Сеціва, таму тыя, хто мог ды хацеў тым займацца (а такіх было шмат: вось ён, чалавечы капітал краіны) стварылі медыя-сэрвэры, на якіх пачалі выкладаць дарагое зьмесьціва для карыстальнікаў сваіх Сетак. Цягам апошніх двух год хатнія сеткі масава паглыналі адна адну: аптавалакновыя каналы спарадзілі волатавыя ўтварэньні з 2000-3000 кампутараў у спальных раёнах Менску. Не адставалі й правайдэры: да 2007 году амаль усе зрабілі абмен дадзенымі між сваімі карыстальнікамі безкаштоўным, па сутнасьці ствараючы паралельныя Сеткі, якія функцыянавалі цалкам аўтаномна. У іх з'явілася сваё ўласнае радыё, а ў некаторых — нават падабенства відэаканалаў. Што цыркулюе там — немагчыма пракантраляваць аніводнаму дзяржаўнаму чыноўніку...

І нягледзячы на размовы Лукашэнкі пра кантроль над Інтэрнэтам, законы рынка падмануць нельга. Спраўджана стагодзьдзямі. Раней трэба было закупацца фільтравым абсталяваньнем.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)