Политика
Алесь Пілецкі, «Наша Ніва», фота БЕЛТА

Раманчук сустрэўся з Лукашэнкам (фота)

У панядзелак адбылася сустрэча былога кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука і дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Ініцыявала сустрэчу Адміністрацыя прэзідэнта.

Яраслаў Раманчук распавёў «НН» аб яе акалічнасцях: «Сёння, а 15.00 мне патэлефанавалі з Адміністрацыі і сказалі, што ёсць магчымасць сустрэцца з кіраўніком дзяржавы. Я пагадзіўся. Кароткая размова мела прайсці пасля завяршэння прэс-канферэнцыі Лукашэнкі ў Палацы рэспублікі. Мы прыехалі і чакалі там. Потым падышоў супрацоўнік спецслужбаў і правёў мяне да Аляксандра Лукашэнкі».

Са словаў спадара Раманчука, размова з Лукашэнкам датычыла пераважна лёсу кіраўніка партыі АГП, Анатоля Лябедзькі.

«Я запытаўся, за што асудзілі Лябедзьку? Ці можна разлічваць на яго вызваленне ў бліжэйшы час?. Лукашэнка адказаў — «Паглядзім», — паведаміў «Нашай Ніве» Раманчук.

Пасля гэтага Лукашэнка яшчэ пацікавіўся ў Яраслава Раманчука наяўнасцю прапановаў для супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы. Намеснік старшыні АГП паведаміў кіраўніку дзяржавы, што мае дастаткова шмат напрацовак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)