Пятыя суткі трымае галадоўку шматдзетная маці. Улада маўчыць

Пятыя суткі трымае галадоўку шматдзетная маці з Магілёва Натальля Шкадун. Яна дамагаецца для сваёй сям’і паляпшэньня жыльлёвых умоваў.

Як сьцьвярджае спадарыня Шкадун, за час галадоўкі прадстаўнікі ўлады не выходзілі зь ёй непасрэдна на кантакт. Кіраўніцтва мэдычнай установы, дзе яна працуе, пераконвае спыніць галадоўку, бо тая пагражае здароўю.

Натальля Шкадун (справа) са старэйшай дачкой Надзеяй

– Наколькі я ведаю, учора тэлефанавалі з аблвыканкаму і пыталіся, ці на працы я. Сёньня, спадзяюся, на працу хопіць сіл. Праца ў мяне сядзячая, таму вытрымаю. Хаця адчуваю я моцнае нядужаньне. Дужа калоціцца сэрца. Потым буду глядзець. У сям’і стараюцца браць мае звыклыя абавязкі на сябе. Гэтым дужа дапамагаюць, бо сіл у мяне на ўсё хатняе ўжо не хапае.

Пра свае жыльлёвыя праблемы Натальля Шкадун учора паведаміла даверанай асобе Лукашэнкі — Валерыю Шаршунову.

– Ён нічога нават не запісаў. Нічога не хацеў слухаць зусім. Адразу адправіў мяне ў грамадзкую прыёмную Лукашэнкі. Яму наагул было ўсё роўна, хто зь якімі праблемамі прыйшоў. Я наагул не магу зразумець, навошта патрэбныя такія давераныя асобы.

Натальля Шкадун заяўляе, што будзе галадаць да вырашэньня сваіх жыльлёвых праблемаў. Псыхалягічна яна да гэтага падрыхтаваная. Што да стану здароўя — то ў яе паніжаны ціск, што пагаршае трываласьць у галадаваньні.

Натальлі Шкадун 51 год. Дзяцей у яе пяцёра. Чацьвёра зь іх непаўналетнія. Сям’я абыходзіцца бяз адраснай сацыяльнай дапамогі. У трохпакаёвай кватэры памерам 63 квадратныя мэтры жыве дзевяць чалавек.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)