Комментарии
Ігар Тышкевіч

Пяць тэзісаў праграмы ўраду, якія могуць зьмяніць Беларусь

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў праграму дзейнасці на 2016-2020 гады. Яна ж будзе вынесена на чарговы «усенародны сход».

Пры гэтым, калі глядзець па водгуках у СМІ, каментарыях чыноўнікаў можна заблытацца. Адны кажуць пра рэформы ў краіне. Іншыя пра адсутнасць такіх і палітыку, скіраваную на выцягваньне апошняй капейкі з кашалькоў грамадзян. З іншага боку ў нашай краіне ёсць досвед «прыняцця ды выканання» падобных праграмаў. Адпаведна і стаўленне: нешта прымуць, а што атрымаецца з гэтага – невядома.

Тым не меней дадзены дакумент, на маю думку заслугоўвае ўвагі. Упершыню за апошнія гады (ці нават дзесяцігоддзі) у ім ёсць адразу некалькі тэзаў, што прымушаюць задумацца. Бо рэалізацыя гэтых пунктаў карэнным чынам мяняе структуру адносінаў у Рэспубліцы Беларусь. Я маю на ўвазе не толькі эканоміку, а ў тым ліку сістэму адносінаў у грамадзтве. Як паміж індывідамі так і супольнасцямі.

Не буду цытаваць увесь дакумэнт – ён у адкрытым доступе на нацыянальным прававым партале. Закрану толькі некалькі тэмаў,якія на маю думку заслугоўваюць увагі:

• Экспертаў – бо гэта сапраўды новы падыход

• Знешніх гульцоў – бо гэта магчымасці да трансфармацыі дзяржавы

• Беларускіх палітыкаў – бо зменяцца ўмовы ўнутры краіны. І калі ты сапраўды палітык і хочаш атрымаць уладу – маеш ведаць, аналізаваць, рэагаваць.

Сельская гаспадарка: чарговы крок да рынку зямлі

Менавіта так. Беларусь зараз знаходзіцца ў вельмі добрай пазіцыі па запуску ў вольны продаж зямель. З аднаго боку гэта рэсурс, які можа выкарыстаць улада для стварэння новых бізнэсаў. З іншага – гэта грошы, жывыя грошы.

Так, прэзідэнт Беларусі колькі разоў публічна казаў пра немагчымасць гандлю зямлёй. Больш за тое, нават сярод яго апанентаў распаўсюджана думка, што рынак зямлі немагчымы з прычыны неўрэгуляванага права ўласнасці былых калгаснікаў. Бяру за смеласць сцвярджаць, што гэтае пытанне даўно вырашанае. Прычым рукамі саміх сялян.

За прамежак з 2002 па 2011 гады прайшлі некалькі хваляў рэарганізацыі калгасаў. Апошнюю, якую мы памятаем – пераўтварэнне Сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў на адкрытыя акцыянерныя таварыствы.

На першы погляд нічога цікавага – дзяржава захавала свой кантроль. Але калі прыглядзецца, змены глабальныя. Тыповы статут «калектыўнай гаспадаркі» 50-х гадоў і прыняты пасля ў 1974-1977-м гадах утрымліваў адназначную фармулёўку, што калектыўная гаспадарка (калгас) утворана сялянамі-уласнікамі шляхам аб'яднання рэсурсаў і сродкаў вытворчасці. Адпаведна удзельнік калгасу тэарэтычна меў права «забраць сваё» (хоць гэта часьцяком і не было прапісана).

Статут СВК таксама змяшчаў падобную норму. Хоць і ў больш мяккай фармулёўцы. А вось у статуце ААТ гэтага ўжо няма. Сяляне – акцыянеры-мінарытарыі. І іх акцыі маюць выключна грашовае забеспячэнне. Яны не могуць прэтэндаваць ні на частку ўласнасці (зямлю) ні на сродкі вытворчасці.

Пры гэтым з фармальнай кропкі гледжаньня ўсё праведзена бездакорна. Сяляне самі прагаласавалі за змены. Яны самі адмовіліся ад магчымасці прэтэндаваць на спадчыну дзядоў. Кропка.

Падобная камбінацыя ў маштабах дзяржавы робіць пытанне запуску рынку зямлі тэхнічным. Бо праблемы паёў, прэтэндэнтаў на права ўласнасці знятыя – людзі самі адмовіліся. Адпаведна пры запуску продажы яго можна праводзіць выключна за грошы. Без залішняй сацыяльнай рыторыкі.

А цяпер пераходзім да другой часткі камбінацыі. Запускаць рынак на поўную сэнсу няма. А вось прадаваць тое, што не працуе як след варта. У беларускай сельскай гаспадарцы дастаткова суб'ектаў, якія працуюць са стратамі. Не сакрэт. Праграма ўраду прадугледжвае увядзенне працэдуры санацыі і банкруцтва да сельскагаспадарчых ААТ. І правядзення такіх працэдур. А частку, якая працуе пад дэвізам «40 год без ураджаю» будуць перадаваць адмысловаму «Агенцтву па кіраванню актывамі».

А самае цікавае парай абзацаў ніжэй – прыцягненне замежных інвестараў у АПК праз «механізмы кіруемага банкруцтва». Гэта, паўтару, праграма дзеяння ўраду.

Для поўнай карціны варта звярнуцца да яшчэ аднаго дакумента – праграмы устойлівага сацыяльна эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 году. Яна была прынятая год таму. І вось там ёсьць вельмі цікавыя радкі. А менавіта плянуецца:

• «у асобных раёнах Беларусі» уводзіць прыватную уласнасць на зямлю

• «у асобных раёнах Беларусі» змяніць прынцып вядзення сельскай гаспадаркі і рассялення. А менавіта – перайсці да хутарскога прынцыпу функцыянавання сяла.

Такім чынам у краіне ўжо бліжэйшыя гады могуць з'явіцца ўласнікі сельскагаспадарчых зямель. Рынак зямлі аўтаматычна накладае адбітак на ўсю сістэму стасункаў у грамадзтве. З'яўляецца новая група грамадзянаў.

Другая частка – хутарскі тып рассялення і хутарскі прынцып вядзення гаспадаркі яшчэ больш маштабны. Бо робіць немінучай адміністратыўную рэформу. Бо калі ёсць хутары – няма вялікай вёскі. Няма вялікай вёскі-мяняюцца функцыі сельсаветаў (альбо яны наогул становяцца непатрэбнымі у цяперашнім выглядзе).

Такім чынам маем асцярожную спробу запусціць рынак зямлі ўжо на працягу бліжэйшых 4-5 год. І пашырэнне практыкі ў перспектыве 10-15. Што з гэтым рабіць, як рэагаваць – трэба думаць. Ці называць такі падыход рэформай – кожны вырашае сам. У дзяржаўнай прэсе, натуральна, працэс назавуць неяк па-іншаму. Мадэрнізацыя, павялічэньне прадуктыўнасці... ці выдумаюць іншае слова.

Маёмасць і кіраванне ёю

Яшчэ больш цікавыя працэсы. Мы звыкліся з думкаю, што дзяржаўная маёмасць кіруецца з цэнтру. А профільныя міністэрствы па сутнасці сваёй выконваюць ролю кіруючай кампаніі вялікага холдынгу. Тыповы савецкі падыход. Які, па вялікім рахунку і дастаўся нам з часоў СССР.

Праграма ўраду на 2016-2020 гады прадугледжвае працэс перадачы цэлага шэрагу актываў.

• Ствараюцца тэрытарыяльныя камітэты па кіраванню маёмасцю. Ім будзе цалкам перададзена кіраванне камунальнай маёмасцю. У тым ліку і аб'ектамі, якія можна перадаць у прыватную уласнасць. З мэтаю прыватызацыі адзін ці некалькі такіх камітэтаў могуць утвараць тэрытарыяльныя органы дзяржаўнай маёмасці. Такое таксама прадугледжана праграмай.

• На узровень тэрыторый перадаюцца таксама і камерцыйныя актывы - пакеты акцый ААТ, ЗАТ і унітарныя прадпрыемствы.

На цэнтральным ўзроўні застаюцца толькі стратэгічныя актывы і інфраструктурныя арганізацыі, праца якіх забяспечвае функцыянаванне дзяржавы. Міністэрства пазбаўляюцца функцыі «кіравання» і маюць засяродзіцца на больш натуральных задачах – стварэнне ўмоваў.

Такім чынам магчымасці продажу дзяржаўнай уласнасці а таксама атрыманне дывідэндаў па акцыях прадпрыемстваў пераходзяць на тэрытарыяльны ўзровень. Гэта без сумневу мяняе структуру адносінаў. З аднаго боку дае мясцовай уладзе больш самастойнасці і фінансавы рэсурс.

З другога боку пераходны перыяд можа адзначыцца актывізацыяй «кланавай барацьбы» наменклатуры. Ключавым пытаннем будзе уласнасць. Дзе яна апынецца: у вобласці, у асобным раёне, горадзе ці групе раёнаў (калі напрыклад ААТ мае некалькі вытворчых пляцовак).

Зноўку маем змены. На якія трэба рэагаваць. А таксама пытаньне: называць такое рэформамі ці не?

Структура эканомікі

Першае, што кідаецца ў вочы ў працэсе чытання блоку «прамысловасць» -гэта ўвага розным галінам. Мы прывыклі казаць, што Беларусь існуе ў значнай ступені дзякуючы калійным угнаенням ды нафтапрадуктам.

Тым часам нават у прэамбуле дакумэнту кажацца пра крызіс сыравінных рынкаў і сыравінных эканомік. Далей – цікавей. Нафтавы комплекс , напрыклад, згадваецца толькі раз. Кажацца пра прыцягненне замежных крэдытных рэсурсаў на ягонае ўдасканаленне. Якіх – не удакладняецца.

Затое далей ідуць цікавыя пляны. У прыватнасьці вызначаюцца прыярытэтныя галіны якія маюць развівацца. Ні нафты ні калійных соляў, мікраэлектроніка і фатоніка, касмічная і авіяцыйная тэхніка, прадукцыя высокадакладнага машынабудавання».

Пад рэалізацыю такіх планаў мяняецца падыход дзяржаўнай падтрымкі і дырэктыўнага (ільготнага) крэдытавання. Абвяшчаецца на пераход да кластэрных і тэрытарыяльных прынцыпаў. Гэта азначае ўсе вольныя рэсурсы ў адно месца. Такое ўжо было 15 год таму калі заняліся развіццём Мазырскага і Наваполацкага НПЗ. Але не было тэрытарыяльных падыходаў.

Што таксама цікава, як будзе рэалізоўвацца, на падставе якіх нарматыўных актаў і як будзе ажыццяўляцца адбор тэрыторый? Бо гэта можа спрычыніць рэгіянальную канкурэнцыю у стварэнні планаў развіцця. Падобныя змены могуць даць штуршок развіццю такой з’явы як «рэгіянальная эканамічная палітыка». Прынамсі, ствараюць перадумовы для гэтага.

Наступны цікавы крок – рэфармаванне натуральных манаполій. Так у сферы ЖКГ плянуецца падзяліць функцыі вытворцы і замоўцы паслуг. У энэргетыцы аддзяліць канкурэнтныя галіны генэрацыі і продажу ад манапольнай – перадачы і размеркавання энэргетычных плыняў. Наступны лагічным крокам можа быць (пакуль няма ў дакумэнтах) – увядзенне недзяржаўнага капіталу ў галіны. Прычым як на ўзроўні гандлю з манаполіямі так і на ўзроўні спажыўца.

Адносіны чыноўнік-грамадзянін

Вельмі цікавыя і таксама знакавыя змены. У суседняй Украіне гэта называецца ключавымі рэформамі сістэмы кіравання. У Беларусі кажуць пра «мадэрнізацыю» і «павялічэньне эфектыўнасці».

Гаворка йдзе пра намеры ўраду масава пераводзіць адміністрацыйныя працэдуры дзяржаўныя паслугі ў электронны фармат. Тое, што ў іншых краінах называецца «электронны ўрад».

Падобныя змены вядуць да мінімізацыі кантактаў грамадзяніна з бюракратам. А гэта азначае змены функцый і сацыяльнага уплыву дзяржаўных служачых. Натуральна, працэс не хуткі. І не падобны на выбуховую хвалю. Электронныя паслугі ўводзяцца паступова. Але калі працэс ідзе – праз 3-5 год істотна змяняецца стыль камунікацыі грамадзянін-дзяржава.

Кадры

Яшчэ адно ключавое пытанне. Дакумэнт можна напісаць які заўгодна. Але ўсё ўпіраецца у рэалізацыю. Дакладней – у тых, хто мае пераўтвараць планы ў гісторыю.

З аднаго боку ў Беларусі ўжо ідзе досыць маштабная праграма МОСТ. Гэта сумесны праект з ЕС які прадугледжвае стажы ў Еўропе для прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання і бізнэсу. Колькасьць – да 1500 стажыровак. Вельмі нямала для Беларусі.

Другі чыннік – увага дзяржавы да бізнэс-адукацыі. Тое, што раней не заўважалі сёння становіцца прыярытэтам. І знаходзіць адбітак у тым ліку у праграме ўраду да 2020 году.

Сярод іншых прыярытэтаў Саўмін называе прафесійнае удасканаленне кадраў, бесперапынная адукацыя і павышэнне кваліфікацыі мэнэджэраў а таксама перападрыхтоўка і адукацыйныя праграмы за мяжою.

Упершыню за апошнія 20 год урад звярнуў увагу на якасць кіруючых кадраў. І задаўся пытаннем, адкуль яны бяруцца. Натуральна, кавалерыйскі наскок «усе па МВА» наўрад ці зможа даць імгненнага выніку. Але праца па аналізу кваліфікацыі і кампетэнцый мэнэджэраў на дзяржаўнай службе рана ці позна будзе плённай.

Ды й сама змена падыходу з «дзяржслужачага» на «мэнэджэра» ужо багата. Калі такое стане нормай – будзем мець зусім іншае успрыманьне функцый дзяржавы.

Хто дапаможа

Вельмі цікава глядзець на праграму з пункту гледжання «інтэграцыйных» тэзісаў. ЕАЭС, Мытны Саюз, Саюзная дзяржава сустракаюцца. Але паміж іншым.

Затое досыць яўна прапісаныя задачы па паглыбленню эканамічнага і навуковага супрацоўніцтва з ЗША, ЕС. А праца з Кітаем і наогул аднесеная да катэгорыі «інтэграцыйныя праекты».

Не менш цікавым падаецца аналіз таго, адкуль урад збіраецца браць грошы на свае праекты. У пераліку ЕБРР, Сусветны банк, Еўрапейскі інвестыцыйны банк, нават ААН.

Гэтыя структуры плянуецца падключаць як для вялікіх праектаў так і для праграм крэдытавання, стымулявання малога бізнэсу, праграмаў рэгіянальнага развіцця.

Адным словам, новая праграма ўраду дастойная таго каб яе вывучыць. Ці называць гэта рэформамі – вырашае кожны сам. Але адсочваць працэсы, што адбываюцца ў дзяржаве і аналізаваць магчымасці, якія з'яўляюцца ўжо карысна. Як для звычайных грамадзян так і для тых, хто называе сабе палітыкам.

__________________

Тэкст спадабаўся? Можна падзякаваць аўтару. Словам, пашырэннем думак ці капейкай.

Апошняе прымаецца праз сістэму WebMoney.

Кашалёк у далярах ЗША Z293974971904

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)