Общество

Таццяна Гусева

Псіхолаг: «Бацькі б'юць дзяцей, таму што адчуваюць сябе бездапаможнымі»

Ваша праблема ў тым, што вы не б'еце свайго сына — такія словы я не раз чула ад незнаёмых людзей ў краме, на вуліцы і ў парку. Што рабіць маці, калі яна чуе такія парады, і як рэагаваць, калі бачыш, як на тваіх вачах бацькі б'юць сваіх дзяцей — у гутарцы з карэспандэнткай «Салідарнасці» тлумачыць псіхолаг Таццяна Палхоўская.

Фота з асабістага архіву Таццяны Палхоўскай

Трохгадовы малы скідвае з паліц ў гіпермаркеце алей і ўцякае ад мяне з хуткасцю, не ўласцівай яго аднагодкам. Хуценька расстаўляю бутэлькі на паліцы і лячу па малога, які забег у памяшканне, куды пакупнікам забаронена ўваходзіць.

— Вы няправільна выхоўваеце дзіця, — тлумачыць мне пара пакупнікоў — муж з жонкай гадоў 50-ці.

— А як правільна? — пытаюся.

— Дзяцей трэба біць, каб слухаліся і ведалі, што можна, а што нельга.

Калі я пачула гэтую параду ўпершыню, здзівілася, а праз нейкі час яны пачалі гучаць настолькі часта, што перастала на іх рэагаваць. Напэўна, такое гавораць многім мамам гіперактыўных (і не толькі) дзяцей, якія бясконца выпрабоўваюць межы цярпення і на кожнае «нельга» ці «стоп» ты чуеш ад дзіцяці «не» ці атрымліваеш пратэстнае дзеянне.

Апошні раз пра карысць папругі мне распавёў вартаўнік у гарадскім дзіцячым парку. Калі малы ўцёк з пляцоўкі, з якой забаронена было сыходзіць, дзядзечка пенсійнага веку вынес вырак: сына трэба біць.

— Вас, напэўна, білі ў дзяцінстве? — спытала я.

— А як жа ж! Вось калі я сачкаваў школу, я прыходжу дадому, маці абедам пакорміць, а потым папругу нясе. Ох, як яна лупцавала! Пасля школу прагульваць не хацелася — я добра гэта памятаю.

Я не пыталася, ці біў ён сваіх дзяцей, але на развітанне сказала, што ёсць тэорыя, паводле якой дзеці, якіх білі ў дзяцінстве, пасля адпомсцяць сваім састарэлым бацькам. Мужчына захітаў галавой: ня можа такога быць.

Ці можа фізічнае пакаранне быць метадам выхавання — абмяркоўваем з хрысціянскім псіхолагам, сямейным і групавым псіхатэрапеўтам Таццянай Палхоўскай.

— На сваім досведзе я ўпэўнілася, што частка грамадства атаясамлівае выхаванне і фізічнае пакаранне — для кагосьці гэта норма. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба — не так даўно кіраўнік дзяржавы публічна выказаўся, што добрая папруга часам карысная для дзіцяці.

— Я катэгарычна супраць таго, каб кагосцьці білі, любога чалавека, у тым ліку дзяцей, таму што яны — людзі. Я ведаю, што дзіцёнак нараджаецца добрым. Ёсць генэтыка: у кожнага з нас за плячыма стаіць наш род, наша гісторыя. Але ўсё ж найбольш уплывае на дзіцёнка тое, што ён бачыць ад нараджэння. Як да яго ставяцца бацькі і блізкія, як яны ставяцца адно да аднаго, якія пасланні транслюць словамі ці дзеяннямі, ці бяздзеяннем свайму дзіцёнку.

Выхаванне будуецца на гэтым. Калі бацькі пачынаюць дзяцей біць, мяркуючы, што без гэтага яны вырастуць дрэннымі, гэта як быццам бы закладвае ідэю, што чалавек нараджаецца кепскім, сапсаваным, і яго можна толькі выпраўляць.

Што такое біць? Гэта запалохаць. Зрабіць так, каб дзіцёнак баяўся вас. Гэта адразу адмаўляе магчымасць дамаўляцца, тлумачыць, знайсці іншыя метады пакарання. Дзецям вельмі важна ведаць свае межы, яны іх тэстуюць пастаянна, правакуюць бацькоў, каб атрымаць досвед — дзе гэтыя межы ёсць. Ім важна выхаванне.

Я ўпэўненая, бацькі б'юць дзяцей, таму што адчуваюць сябе бездапаможнымі. Бацькі пачынаюць біць дзяцей часцей за ўсё тады, калі не вытрымліваюць эмоцый дзяцей, іх капрызаў, сваёй стомленасці, сваёй трывогі, магчыма.

Не вытрымліваюць неразумення, калі яны не могуць высветліць, чаму дзіця так сябе паводзіць. Калі яны ня ведаюць нічога пра свайго дзіцёнка і пра яго жаданні ці не ведаюць прынцыпы развіцця чалавека і выхавання. Яны зрываюцца, таму што свае эмоцыі перапаўняюць.

Другі варыянт, калі бацькі вельмі баяцца, што дзіця не зразумее іншага спосабу, чым толькі, калі яго паб'юць. То бок калі ён будзе рабіць дрэнна — стане кепскім чалавекам. Але тут таксама крыецца падвох, бо гэта азначае, што бацькі самі хутчэй за ўсё сутыкаліся з фізічным пакараннем, ім проста няма адкуль узяць ведаў аб альтэрнатыўных спосабах тлумачэння, выхавання і пакарання.

Часам людзі кажуць: мяне білі, я вырас, і ўсё нармальна, ды яшчэ і мала білі. Мне вельмі шкада такіх людзей, таму што ў іх не з'явілася ў жыцці шанцаў, каб паглядзець: а як гэта — жыць без гвалту?  Якімі яны маглі б вырасці, калі б у іх было шмат любові і разумення?  Калі б у бацькоў хапала цярпення і часу для таго, каб выслухаць дзіцёнка, каб паназіраць, прааналізаваць, зрабіць нейкія высновы з іх паводзінаў і патрэбы дзяцей задавольваць іншымі спосабамі. Таму што за капрызамі і дрэннымі паводзінамі стаіць нейкая патрэба.

Я не кажу, што трэба задавольваць кожную знешнюю патрэбу дзіцёнка. Гэта азначае: калі ён просіць нешта набыць, то ня трэба выканаць кожнае яго жаданне. Не. Але задаволіць яго патрэбу можна нават не набываючы штосьці.

Самы просты спосаб —  сказаць: «Слухай, я табе не магу гэта купіць. Я разумею, як ты злуешся, як табе хочацца. І ты маеш права злавацца. Я б таксама злавалася ці крыўдавала, калі б у мяне не было гэтай цацкі ці цукеркі. Але не магу табе зараз гэта  набыць». Як варыянт можна прапанаваць набыць жаданае, калі з'явіцца магчымасць — на свята ці калі бацькі заробяць дастаткова грошай.

Давайце дзіцяці надзею і разуменне, будзьце побач з ім у розных яго эмоцыях і жаданнях. Калі дзіця кідаецца на зямлю, плача, крычыць, то спачатку трэба прыпыніць гістэрыку. Адзін з такіх спосабаў — апусціцца да дзіцёнка на ўзровень яго вачэй, узяць яго моцна за плечы, супакоіць. І ўжо пасля гэтага штосьці яму тлумачыць, шкадаваць.

— Як спыніцца, калі маці ці бацька хоча прымяніць фізічнае пакаранне?

— Бацькам я б раіла павучыцца супакойваць сябе, паглядзець, якую эмоцыю яны не могуць вытрымліваць, папрацаваць зь ёй. Напрыклад, калі бацькі лічаць, што дзяцей можна біць, калі яны штосьці выпрошваюць, то хутчэй за ўсё, дарослы не можа вытрываць шкадавання.

Ім настолькі балюча ад таго, што яны не могуць рэалізаваць жаданне дзіцёнка, што ім прасцей накрычаць, шлёпнуць па попе і сказаць: «Усё, сядзі і не прасі ў мяне». А за гэтым стаяць свае нерэалізаваныя жаданні. Гэта ім нельга хацець было ніколі. Гэта яны свайго унутранага дзіценка зараз шкадуюць і ад гэтай бездапаможнасці пачынаюць прымяняць фізічнае пакаранне да свайго малога.

Альбо, напрыклад, маці ці бацька не выносіць гневу. Нельга ў сям'і гневацца. Ім падаецца, калі дзіцёнак адчувае злосць, гэта значыць будзе кепскім чалавекам. За праяву гэтай эмоцыі могуць пакараць.

Калі бацькі заўважаюць, што ў запале яны могуць шлёпнуць, даць па карку ці яшчэ штосьці, няхай возьмуць за правіла: перад тым, як рабіць нейкае дзеянне, калі гнеў перапаўняе — далічыць да 50 ці падыхаць глыбока. То бок, даць сабе астыць і толькі пасля прымаць нейкія рашэнні пра пакаранне.

Раю звярнуцца да добрага псіхолага і паглядзець, якімі яшчэ спосабамі можна ўзаемадзейнічаць са сваім дзіцёнкам. Альбо знайсці дзіцячага псіхолага, які дасць парады пра іншыя спосабы пакарання, якія не прыніжаюць асобу дзіцяці, але дапамагаюць выбудаваць здаровыя межы.

Галоўнае, на маю думку, выйсце, — гэта рабіць усё магчымае, каб разумець сябе і людзей побач. Таму што гэта аснова ўсяго. Калі мы разумеем матывы іншага чалавека, нам тады не так злосна ці крыўдна. Мы можам стаць на бок чалавека і паглядзець, як з яго боку сітуацыя выглядае.

—  Што рабіць, калі ты стаў сведкам гвалту ў дачыненні да дзяцей?

— Для мяне вялікае пытанне, як даваць парады бацькам, якія іх не просяць, асабліва на вуліцы ці ў грамадскім месцы. Калі бачыш гвалт, для мяне гэта асабісты боль. Я намагаюся прыняць правільнае рашэнне. Не заўсёды гэта атрымліваецца.Часам сваруся на сябе за бяздзейнасць. Часам губляюся і не разумею, што можна зрабіць у такой сітуацыі.

Калі бачу, як дзіця плача, таму што капрызнічае ці злуецца на сваіх бацькоў, гэта адна справа. А калі дзіцёнак запалоханы і дрыжыць ад страху перад дарослым мужчынам — сваім бацькам — ці дарослай жанчынай — сваёй маці — гэта мяне напружвае больш за ўсё.

Ці падыходзіць ды казаць штосьці бацькам — гэта адказнасць кожнага чалавека.

Я думаю, што часам можна яшчэ больш справакаваць сітуацыю, калі бацькі ў запале могуць свой гнеў выліваць пасля на дзіцёнка ці можна выклікаць канфлікт, скандал. А гэта яшчэ больш нашкодзіць у дадзенай сітуацыі.

Як варыянт можна адцягнуць увагу бацькоў ад дзяцей, якіх яны ў гэты момант збіраюцца караць фізічна, задаваць нейкія пытанні, перавесці размову, можа быць, у жарт, каб нейкім чынам прыпыніць тое, што адбываецца. І калі далей бацькі будуць гатовыя слухаць, можна штосьці параіць, расказаць пра іншыя спосабы выхавання.

— Што бы вы параілі бацькам: як рэагаваць на парады біць дзіця ў выхаваўчых мэтах?

— Калі гэта блізкія людзі, можна паспрабаваць ім распавесці ўсё, што я казала вышэй. Але я б не жыла ілюзіяй, што гэта пачуюць. Звяртала ўвагу на тое, што ў Фэйсбуку каментары ў абарону гвалту пішуць звычайна людзі, якія прымяняюць гвалт. Для іх прыняць іншы бок азначае зразумець, што ты рабіў штосьці не так, а прызнавацца ў гэтым вельмі не хочацца, нават самому сабе. Да таго ж трэба будзе зрабіць вялікую працу, каб змяніць свой стыль паводзінаў і шукаць выйсце. Нямногія на гэта гатовыя.

Калі парады біць дзіця дае малазнаёмы ці незнаёмы чалавек, можна вельмі цвёрда казаць, што лічыце біццё гвалтам, што ваш сын ці дачка дастаткова разумныя для таго, каб чуць словы, і што вы здольная маці (ці бацька), каб патлумачыць свайму дзіцяці, як трэба жыць у гэтым свеце, і для гэтага вам яго не трэба гвалціць.

— Таццяна, ці падтрымліваеце вы ідэю прасоўвання закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту? Ці дапаможа, на вашую думку, гэтая мера спыніць фізічныя пакаранні ў сям'і?

—  Не маю адназначнага меркавання па гэтым пытанні. З аднаго боку, такі закон, безумоўна, патрэбны. Людзі думаюць, што маюць права біць сваіх бліжніх, і гэта страшна. Але я не зусім упэўненая, што зараз нашае грамадства гатовае да закона менавіта ў такой форме. Мне падаецца, мусіць быць праведзеная вялізная праца па фармаванні грамадства і сям'і ў цэлым, каб гэты закон мог запрацаваў.

Што рабіць, калі вы сталі сведкам гвалту ў дачыненні дзяцей

Ганна Коршун, фота з асабістага архіву

Распавядае Ганна Коршун, кіраўнік агульнанацыянальнай гарачай лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту 8-801-100-8-801:

—  Калі ў вас ёсць меркаванне, што над дзецьмі ўчыняюцца гвалтоўныя дзеянні, напрыклад,  вы чуеце, як вашыя суседзі крычаць ці нецэнзурна лаюцца на сваіх дзяцей, вы можаце звярнуцца ў раённы аддзел адукацыі па тэлефоне альбо напісаць заяву. Органы адукацыі ініцыююць абследаванне жыллёвых умоваў, а таксама яны маюць права правесці сацыяльнае расследаванне.

Калі вы сталі сведкам жорсткага абыходжання з дзіцём, калі на вашых вачох дзіця падвяргаецца жорсткаму фізічнаму гвалту, трэба выклікаць міліцыю для таго, каб яе супрацоўнікі забяспечылі дзіцяці экстраную фізічную абарону, бяспеку, а таксама ініцыявалі расследаванне і выявілі наяўнасць у дзеяннях бацькоў складу правапарушэння і/ці злачынства, а пасля інфармавалі аб здарэнні органы апекі.

У Беларусі ёсць спецыялізаваная гарачая лінія для дзяцей і падлеткаў. Нумар тэлефона 8-801-100-1611.

Дзеці, якія церпяць любы від гвалту —  псіхалагічны, фізічны, сексуальны — могуць атрымаць дапамогу на гэтай лініі ананімна і канфідэнцыйна.

Таксама на гэтую лінію могуць звярнуцца бацькі і сведкі гвалту над дзецьмі і атрымаць кансультацыю псіхолага.

— Ці дастаткова інструментаў для абароны непаўнагадовых ахвяр гвалту?

— Гэта складанае пытанне, таму што канцэпцыя законапраекта аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, якую раскрытыкавалі, мела асноўны акцэнт на паўнагадовых ахвярах хатняга гвалту.  Але яна ўключала пункт забароны фізічнага пакарання дзяцей. Гэтая норма выклікала рэзананс. Праціўнікі канцэпцыі пачалі казаць: «Хто мае права нам указваць, як выхоўваць сваіх дзяцей?» Відаць, наша грамадства пакуль яшчэ не саспела да таго, каб пайсці па шляху прагрэсіўных еўрапейскіх краін, дзе на працягу дзесяцігоддзяў існуе забарона фізічнага пакарання дзяцей.

Мяркую, што мераў для абароны дзяцей ад хатняга гвалту недастаткова, бо гвалт у сям'і — гэта латэнтная праблема, і яе вельмі цяжка ўбачыць староннім людзям. Калі дзіця само не звяртаецца па дапамогу ў міліцыю ці да сваякоў, як пра гэта даведацца? Дзеці могуць цярпець гвалт доўгі час.

Дадам, што дэкрэт № 18 абараняе дзяцей. Калі бацькі дрэнна выконваюць свае бацькоўскія функцыі, вядуць асацыяльны лад жыцця, дзяржава прызнае, што гэтыя дзеці знаходзяцца у сацыяльна небяспечным становішчы.

Але ў сітуацыі, калі пацярпелымі ад гвалту ў сям'і з'яўляюцца маці і яе дзеці, адбываецца так, што жанчыны баяцца звяртацца ў міліцыю ці аддзел адукацыі, таму што сям'ю паставяць на ўлік як сацыяльна небяспечную. А гэта значыць, дзяржаўныя органы прыйдуць кантраляваць маці, якой патрэбная абарона, а не дадатковы кантроль.

Куды звяртацца ахвяры хатняга гвалту

Агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту (Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Гендэрныя перспектывы».

Працуе кожны дзень з 8.00 да 20.00. Без выходных і святаў.

8 801 100 8 801

Тэлефон экстраннай дапамогі для размяшчэння ў прытулку грамадскага аб'яднання «Радзіслава» для жанчын і іх дзяцей, якія пацярпелі ад гвалту. Кругласутачна.

8 029 610 83 55

Атрымаць падтрымку і дапамогу можна ад спецыялістак ГА «Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын».

8 033 603 20 32

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(16)