Общество

Прыпыніў дзейнасць Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў

Дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі патлумачыў прычыны.

— У чэрвені 2007 года групай выбітных навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў, пры падтрымцы міжнароднай арганізацыі «Pact», быў заснаваны Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), — нагадвае Пётр Рудкоўскі.

Пётр Рудкоўскі

Пад кіраўніцтвам першага дырэктара Віталя Сіліцкага інстытут стаў месцам высакаякаснай грамадска-палітычнай экспертызы. BISS займеў тады рэпутацыю аўтарытэтнага і ўплывовага think-tank'а еўрапейскага ўзроўню.

Пасля прадчаснай смерці Віталя Сіліцкага ў чэрвені 2011 годзе ў арганізацыі пачалі ўзнікаць канцэпцыйныя і персанальныя спрэчкі, тым не менш, інстытут надалеў меў інстытуцыйнае фінансаванне і меў магчымасць паўнаспраўна функцыянаваць як арганізацыя.

У сакавіку 2018 года Пётр Рудкоўскі пагадзіўся стаць дырэктарам-валанцёрам BISS і падпісаў кантракт з інстытутам.

— Па стане на лета 2020 года ў BISS было ўжо шмат перадпасылак для таго, каб трансфармавацца ў паўнаспраўную інстытуцыю, з аплочванымі стаўкамі, офісам і рэгулярна функцыянуючай Радай.

Працэс аднаўлення арганізацыі быў спынены ў кастрычніку 2020 года, калі Дэлегацыя ЕС у Беларусі пастанавіла правесці вонкавы аўдыт па праекце «Рэфорум». Паколькі я ніколі не ўдзельнічаў у гэтым праекце, а мая праца ў якасці дырэктара была надалей валанцёрскай, нават пры ўсім жаданні і намаганнях у мяне не было б шанцаў вывучыць дакументацыю па трох-з-паловай-гадовым праекце.

Паколькі Дэлегацыя ЕС у Беларусі настойвае на тым, каб цяперашні BISS разлічыўся за імаверныя недахопы ў рэалізацыі праекта «Рэфорум», я не бачу магчымасці працягваць сваю працу ў BISS.

Думаю, што я зрабіў усё, што мог, каб адбудаваць арганізацыю, але зараз я падышоў да мяжы сваіх магчымасцяў. Адшуканне іншага кандыдата на валанцёрсткае дырэктарства ўяўляецца нерэалістычнай перспектывай. Таму, пасля кансультацый з чальцамі Рады BISS і абмеркавання з членамі экспертнай каманды, прынята рашэнне прыпыніць дзейнасць арганізацыі.

Гэта прыкра і балюча — бачыць, як плён пяцігадовай працы вандруе ў архіў гісторыі. Але гэта не быў страчаны час. Дзякуючы прыгодзе з BISS давялося сустрэць шмат светлых і выдатных людзей, пазнаёміцца з мноствам цікавых праектаў і ўдзельнічаць у стварэнні дзясяткаў важных інтэлектуальных прадуктаў.

Пётр Рудкоўскі запрашае чытаць аналітычныя прадукты BISS, многія з якіх яшчэ доўга будуць захоўваць актуальнасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(9)