А што тычыцца заяваў Алейніка, то гэта працяг лініі, якую Лукашэнка абазначыў пэўны час таму: Мінск хацеў бы нейкага замірэння. Яму не падабаецца сённяшняя вострая сітуацыя ў адносінах з суседзямі. Найперш з Польшчай і Літвой.
«Прыбраць найбольш вострыя і балючыя пытанні ў адносінах паміж Мінскам і Варшавай цалкам магчыма»
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст падзяліўся з Филином меркаваннем пра абмен заявамі паміж Беларуссю і Захадам.
— Нямецкі парламент прыняў рэзалюцыю «За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і». Міністр замежных спраў Швецыі Тобіас Більстрам дзеліцца думкамі пра тое, чаму ён бачыць Беларусь у Еўразвязе.
Фонам усяму гэтаму гучыць заява кіраўніка МЗС Беларусі Алейніка пра тое, што Беларусь гатовая да «ўзаемапаважлівага дыялога з Польшчай і ЕС у цэлым».
Пра што гэта сведчыць? Адбываецца нейкі зрух у адносінах з Захадам, ці гэта ўсё ж рытуальныя заявы без асаблівых перспектываў, якія не варта пераацэньваць?
— Гэта крыху рознапланаваныя заявы. Што тычыцца заявы нямецкага парламента, то гэта ў пэўнай ступені жэст ветлівасці. Вось выступае перад ім Святлана Ціханоўская — хтосьці скажа, што прэзідэнт-элект, хтосьці назаве лідарам дэмсілаў — але так ці інакш гэта прадстаўнік Беларусі, беларускага грамадства.
І яна кажа: мы хочам у Еўразвяз. І ёй адказваюць: добра, мы будзем вас вітаць.
Іншымі словамі, на такі даволі агульны пасыл ідзе досыць агульны адказ. Бо размова не ідзе пра тое, што Беларусь ужо заўтра стане кандыдатам. Пытанне аб яе прыёме не абмяркоўваецца.
І ўсе разумеюць, што нейкія канкрэтныя і больш практычныя размовы магчымыя толькі пасля таго, як у Беларусі зменіцца палітычная сітуацыя.
Пакуль жа прыкметы такіх зменаў не праглядаюцца, мякка кажучы, то такое запрашэнне выглядае вельмі ўмоўным. І таму не варта тут рабіць нейкія далёкасяжныя высновы. Маўляў, калі ў Беларусі наступяць перамены, то перад ёй тут жа адчыняцца ўсе дзверы.
Яны не адчыніліся ні перад Малдовай, ні перад Украінай, ні перад Грузіяй, дзе нібыта і ўлада хоча ў Еўразвяз. Ніхто не спяшаецца адчыняць.
Што тычыцца Беларусі, то я б не надаваў вялікай увагі гэтаму жэсту ветлівасці. Па-сутнасці, нямецкі парламент паўтарыў тое, што напісана ў статутных дакументах Еўразвязу: любая краіна Еўропы мае права папрасіць сяброўства з ЕЗ. Ну так, мае. І яны гэта пацвердзілі.
Лукашэнка ўскладае пэўныя спадзевы на тое, што гэта можа адбыцца пры новым польскім урадзе. Ці гэта адбудзецца? Гэта вельмі складанае пытанне.
Але прыходзяць новыя людзі, не абцяжараныя палітыкай апошніх васьмі гадоў. Безумоўна, Польшча не зменіць сваю палітыку кардынальна, бо яна — сябра Еўразвязу і НАТА. Але прыбраць нейкія вострыя і найбольш балючыя пытанні ў адносінах можна.
Беларусь можа вызваліць Пачобута, напрыклад. Яна можа адмовіцца ад вар’яцкай палітыкі знішчэння могілак байцоў Арміі Краёвай. Прыцішыць антыпольскую рыторыку ў сваіх дзяржаўных медыя. Гэта ўсё магчыма.
Магчыма, і Польшча можа зрабіць нейкія крокі насустрач. Я тут магу толькі фантазіраваць, бо мне цяжка сказаць, якія патрабаванні выстаўляе Варшаве Мінск. Але я не выключаю, што Польшча можа знізіць вайсковую прысутнасць на мяжы, адвесці свае войскі.
Такія крокі кардынальна не мяняюць палітыку, але гэта будзе нейкая іншая якасць стасункаў. І я думаю, што гэта цалкам магчыма.
— Але пакуль мы бачым, што Польшча наадварот дасылае на мяжу з Брэсцкай вобласцю танкавы батальён, які складаецца з навюткіх карэйскіх танкаў. Ці не азначае гэта, што бакі пакуль не знайшлі кропкі судакранання?
— Пакуль што кіраўніком ураду з’яўляецца Маравецкі, гэта ягонае рашэнне. Мне цяжка сказаць, у якой ступені гэта ўзгоднена з Тускам, які мае вялікія шанцы стаць прэм’ерам. Але пакуль што ён не прэм’ер.
А ў палітыцы часам робяцца нейкія крокі, што называецца, fait accompli — здзейснены факт. Маравецкі размяшчае батальён, а Туск пасля вырашае — можа адвесці, а можа пакінуць. Ёсць свае перавагі і свае мінусы ў абодвух рашэнняў.
Так часам робіцца ў свеце, у палітыцы, калі палітык сыходзіць і ставіць перад фактам сваіх пераемнікаў. Так што пакуль гэта не азначае лінію новага ўраду. Бо да апошняга часу кіруе стары ўрад, пакуль не прыйдзе новы.
Тым больш, што Маравецкі, які на сёння з’яўляецца кіраўніком ураду, мае мандат на фармаванне новага ўраду. А што будзе далей — пабачым.
Читайте еще
Избранное