«Мы павінны ініцыяваць сяброўства Беларусі як еўрапейскай краіны, як толькі яна зноўку зробіцца вольнай дзяржавай з дэмакратычным кіраваннем»
Міністр замежных спраў Швецыі — пра тое, чаму бачыць Беларусь у ЕЗ.
Нядаўна Швецыя прызначыла спецпасланніка па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю. Гэты пост заняла Крысціна Юханесан, былая амбасадарка Швецыі ў Беларусі.
— Па-першае, прызначэнне спецыяльнага пасланніка для беларускай апазіцыі — гэта спосаб стварыць лепшыя кантакты, якія дазволяць нам лепш зразумець, што трэба ў цяперашнім становішчы, — каментуе гэтае прызначэнне міністр замежных спраў Швецыі Тобіас Більстрам у інтэрв’ю Свабода Premium. — І мець добрыя кантакты тады, калі Беларусь зноў стане свабоднай.
Заўсёды лепш мець добрыя і стабільныя адносіны, і гэта менавіта тое, да чаго мы імкнёмся гэтым прызначэннем.
Але пытанне стаіць і пра тое, каб мы маглі працаваць з гэтым пасланнікам і ў межах паўночна-балтыйскіх краін. Я хацеў бы бачыць большае супрацоўніцтва і паміж паўночна-балтыйскімі краінамі ў цэлым і беларускай апазіцыі, а таксама ў рамках Еўразвязу.
Тобіас Більстрам таксама адзначыў, што ў будучыні бачыць Беларусь у ЕЗ.
— Вядома, гэта паэтапны працэс. Першы крок — ліквідацыя рэжыму Лукашэнкі. Але мы таксама павінны сказаць беларускаму народу, што будзе далей. І для мяне, і для ўрада, які я прадстаўляю, цалкам відавочна, што для Беларусі ёсць месца ў Еўразвязе.
Беларусь належыць да еўрапейскай сям’і. І цалкам натуральна бачыць Беларусь членам Еўразвязу. Гэты працэс павінен грунтавацца на заслугах, як і ва ўсіх краінах-кандыдатах. Але з нечага трэба пачынаць.
І я кажу як міністр замежных спраў Швецыі, і шведскі ўрад цвёрда ў гэтым перакананы, што мы павінны ініцыяваць сяброўства Беларусі як еўрапейскай краіны, як толькі яна зноўку зробіцца вольнай дзяржавай з дэмакратычным кіраваннем.
Прызначэнне спецпасланніка па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю яшчэ раз паказвае, што мы прызнаем толькі адзін легітымны ўрад Беларусі: той, якім кіруе Святлана Ціханоўская. Менавіта яна прадстаўляе беларускі народ, — заключае міністр замежных спраў Швецыі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное