Прэс-служба МУС стала больш адкрытай з першага ж дня працы Караева

У гісторыі са смерцю ваеннаслужачага ў Баранавіцкай часці ўнутраных войскаў журналісты звяртаюць увагу, што насуперак звыклай традыцыі Міністэрства ўнутраных спраў не стала замоўчваць інцыдэнт, а паведаміла дэталі грамадскасці: як журналістам у размове, так і на афіцыйным сайце.

Раней складвалася ўражанне, што сутнасць працы прэс-службы была ў тым, каб у патрэбны момант прамаўчаць: не падняць слухаўку, сказаць «мы ўдакладняем» ці «мы самі напішам, калі гэта будзе патрэбна».

Ці не з'яўляецца гэта прынцыповай пазіцыяй новага міністра Юрыя Караева, які дэклараваў гатоўнасць да большай адкрытасці?

Гэтае пытанне «Наша Ніва» адрасавала прэс-сакратару ўнутраных войскаў Уладзіміру Пархомцаву.

Той кажа, што ў гэтым канкрэтным выпадку сапраўды гаворка пра волю міністра.

«Гэта было яго рашэнне, што гэты факт мы пацвердзім і апублікуем на сайце МУС», — сцісла сказаў Пархомцаў.

Паглядзім, як будзе далей.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.8 (оценок:12)