Общество
Аліна Таранік

Прэмію «За свабоду думкі» ўручылі пад пільным наглядам міліцыянтаў (фота)

Традыцыйную прэмію «За свабоду думкі» ўручылі на малой радзіме Васіля Быкава ў чарговую гадавіну народзінаў пісьменніка. Сёлета лаўрэатамі сталі адразу два чалавекі — Алесь Белакоз і Лявон Вольскі.

19 чэрвеня на сядзібу Васіля Быкава ў Бычкі завітала больш за 30 чалавек. Ушанаваць памяць вядомага пісьменніка прыехалі Зінаіда Бандарэнка, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Колас, Ада Райчонак, лаўрэаты мінулагодніх прэмій «За свабоду думкі» Алесь Пушкін і Уладзімір Арлоў, прадстаўнікі Руха «За свабоду», невялікая група студэнтаў-замежнікаў Еўрапейскага каледжу ў Варшаве. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі амбасадаў Славакіі і Эстоніі.

Імпрэза пачалася з дыктоўкі – вядомая дыктарка Зінаіда Бандарэнка прадыктавала ўрывак тэкста з кнігі «Быкаў на свабодзе». На сустрэчы цытавалі пісьменніка, слова ўзялі Мечыслаў Грыб, Уладзімір Арлоў, сястра Васіля Быкава – Валянціна Быкава.

Паводле заснавальнікаў, гэтай прэміяй штогод узнагароджваюць тых, хто праявіў сябе ў грамадскай, прафесійнай альбо творчай дзейнасці на карысць Беларусі і свабоды. Мастак Алесь Пушкін прадставіў лаўрэата прэміі 2012 года:

– Сёлета лаўрэат – чалавек, які нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у вёсцы. Гэта чалавек, які ў 1948 годзе, будучы яшчэ наіўным хлапцом, раскідваў улёткі з антысавецкім зместам і ў падтрымку незалежнай Беларусі, чалавек, які ў 1966 годзе выпусціў краязнаўчы альманах, які выдаваўся да 80-х гадоў. Намінант гэтага года – Алесь Белакоз.

Аляксандр Мілінкевіч уручае прэмію Алесю Белакозу

Паколькі пры галасаванні галасы членаў журы падзяліліся, было вырашана, што намінантаў сёлета будзе два. Другім стаў спявак Лявон Вольскі.

Пасярэдзіне – Валянціна Быкава

Раней лаўрэатамі прэміі, заснаванай Аляксандрам Мілінкевічам на ўзор прэміі Еўрапарламенту «За свабоду думкі імя Сахарава», станавіліся мастак Алесь Пушкін, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, палітык Павел Севярынец.

Журналiст Аляксандр Тамковiч i мастак Алесь Пушкiн

Завяршылася сустрэча сяброўскай вячэрай за накрытымі пад вольным паветрам сталамі і абменам уражаннямі. Замежныя студэнты, напрыклад, распавялі карэспандэнту «Салідарнасці», што пра Быкава да мерапрыемства нічога не ведалі, тым часам прэмія ім спадабалася сваім фарматам – адсутнасцю афіцыёзу і ўрачыстасцямі пад адкрытым небам.

Амбасадар Эстоніі Яак Ленсмент, які адмыслова прыехаў у Бычкі з Мінску, распавёў у гутарцы з карэспандэнтам «Салідарнасці», што шануе творчасць Васіля Быкава. Да спадобы яму прыйшліся, напрыклад, «Сотнікаў» і «Абеліск».

– Мне падабаецца, што Быкаў піша пра вайну шчыра. Героі яго твораў сапраўдныя. Напрыклад, ён вельмі добра паказаў, што некаторыя людзі ў вайну пераходзілі на іншы бок, – патлумачыў Яак Ленсмент.

Амбасадар Эстоніі Яак Ленсмент гутарыць з Адай Райчонак

Цэлы дзень у Бычках дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі – здалёк сачылі за падзеямі і здымалі прысутных на відэа.

Кніга водгукаў у музеі

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)