Скандалы
Алена Штраль, Bulletin Online

Праваабаронца адкажа за РНЕ

Віцебскі праваабаронца, які патрабаваў ад спэцслужбаў выкрыць мясцовых нэафашыстаў, сам абвінавачаны цяпер у "распальваньні міжнацыянальнай варажнечы".

На працягу апошніх трох гадоў Леанід Сьвецік змагаўся за тое, каб міліцыя і КДБ аспачалі крымінальную справу супраць тых, хто дасылае віцебскім актывістам лісты з пагрозамі ад імя РНЕ — нэафашыстоўскай арганізацыі "Русское Национальное Единство".

Праваабаронца дапамагаў скласьці скаргі ў пракуратуру сябрам КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву і Яну Таўпыгу, загадчыцы літаратурнай часткі тэатра "Лялька" Вікторыі Дашкевіч, рэдактару бюлетэня "Курьер из Витебска" Ўладзімеру Базану, былой старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Алене Залесскай... Ва ўсіх гэтых выпадках заяўнікі атрымлівалі адмовы: паваахоўныя органы не жадалі заводзіць крымінальныя справы з тае прычыны, што арганізацыя РНЕ ў Беларусі не зарэгістраваная.

Пра тое, што нарэшце тое ўсё-ткі вырашылі зрабіць, віцебскі праваабаронца даведаўся самым нечаканым для сябе чынам: а 9-й раніцы 23 траўня да яго ў кватэру зьявіліся трое супрацоўнікаў КДБ з пастановай на ператрус. У пастанове было пазначана, што Леанід Сьвецік ёсьць сьведкам у справе, заведзенай "за распальваньне міжнацыянальнай варажнечы".

— Гэта яўная спроба запалохаць сумленнага і актыўнага чалавека, — гаворыць Барыс Хамайда, які двойчы атрымліваў лісты з пагрозамі ад імя "віцебскай філіі" РНЕ. — Замест таго, каб шукаць сучасных фашыстаў, у КДБ дапытваюць чалавека, які змагаецца супраць іх. Гэта абуральна! Зрэшты, я не выключаю, што структуры КДБ маюць самае непасрэднае дачыненьне да зьяўленьня лістоў ад нэафашыстоўцаў, бо чамусьці змагацца супраць іх, завёўшы крымінальныя справы, у нашым горадзе не сьпяшаюцца. Не магу выключаць і таго, што насамрэч КДБ цікавіла не датычнасьць праваабаронцы да дзейнасьці РНЕ, а непасрэдна ягоная юрыдычная праца. Бо невыпадкова падчас ператрусу ў Леаніда Сьвеціка канфіскавалі кампутар ды літаратуру па прававых пытаньнях.

Ператрус у кватрэры праваабаронцы праводзіўся больш за 9 гадзін. Пра гэта распавяла жонка Леаніда Сьвеціка, спадарыня Людміла. Зь яе ўзялі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва, таму больш ніякіх падрабязнасьцяў яна не паведаміла. Хіба толькі тое, што пасьля ператрусу мужа завезьлі ў КДБ і дапытвалі яшчэ каля дзьвюх гадзін, здымаючы гэты працэс на відэакамеру.

Леаніду Сьвеціку выдалі позву на наступны допыт у КДБ, які мае адбыцца заўтра, 28 траўня. На думку Барыса Хамайды, падтрымаць віцебскага праваабаронцу мусіць кожны, каму той дапамог парадай альбо справай, бо праца з тымі, хто трапіў пад увагу РНЕ ёсьць толькі часткай праваабарончай практыкі віцебскага актывіста.

Спадар Хамайда нагадаў таксама, што ў Віцебску ўжо меліся спробы зганіць мясцовых праваабаронцаў праз датычнасьць да дзейнасьці "Русского Национального Единства". Так, на адным з купэртаў, у якім быў дасланы чарговы ліст ад нэафашыстоўцаў, быў пазначаны хатні адрас віцебскага сябра БХК Паўла Левінава, якому давялося з гэтае нагоды зьвяртацца ў пракуратуру і ў сродкі масавай інфармацыі.

Цяпер сьведкам у справе, распачатай паводле арт. 130.1 Крымінальнага кодэксу РБ (распальваньне міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці) стаўся Леанід Сьвецік. Аднак імёны тых, хто пад пагрозамі патрабаваў адмяніць беларускую мову ў лялечным тэатры, загадваў спыніць распаўсюд недзяржаўнай газэты "Курьер из Витебска" і абяцаў фізычна зьішчыць усіх, хто вывешвае ў горадзе бел-чырвона-белыя сьцягі, дагэтуль невядомыя ні праваахоўным органам, ні занепакоенай дэмакратычнай грамадзкасьці горада.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)