Праваабаронцы заклікаюць міжнародную супольнасьць да салідарнай пазыцыі

Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Рэпартэры бязь межаў" заклікала ўрады эўрапейскіх дзяржаў прыйсьці да агульнай пазыцыі ў адносінах да Беларусі, дзе душацца апошнія інфармацыйныя выспы.

У адмысловай заяве гаворыцца, што беларускія ўлады працягваюць уціск на журналістаў ператрусамі, допытамі і арыштамі. У сваю чаргу, адвакатам, якія абараняюць прадстаўнікоў незалежных СМІ, пагражаюць фактычным адлучэньнем ад прафэсіі.

Аўтары падкрэсьліваюць, што ініцыятарам маштабных апэрацый супраць мас-мэдыяў выступае Камітэт дзяржбясьпекі, які выконвае ролю "палітычнай паліцыі".

Праваабаронцы перакананыя, што дзеля вызваленьня затрыманых і абвінавачаных у "арганізацыі масавых беспарадкаў" журналістаў, а таксама экс-кандыдатаў у прэзыдэнты і дэмакратычных актывістаў неабходна задзейнічаць усе дыпляматычныя сродкі. Толькі супольнымі захадамі можна прымусіць улады Беларусі спыніць хвалю рэпрэсіяў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)