Общество
Аліна Таранік

Праваабаронцы нагадалі Лукашэнку пра Бяляцкага (фота)

Напярэдадні гадавіны арышта старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алеся Бяляцкага, яго калегі перадалі ў адміністрацыю прэзідэнта петыцыю на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Прадстаўнікі «Вясны» і іншых праваабарончых арганізацый хочуць звярнуць увагу ўладаў на праблему палітзняволеных.

– 4 жнiўня спаўняецца год з арышту Алеся Бяляцкага. Салідарнасць з ім – гэта салідарнасць у усімі палітвязнямі. Для нас важна нагадаць кіраўніцтву дзяржавы, што людзі памятаюць, спрабуюць з гэтым нешта зрабіць, не могуць змірыцца, – кажа праваабаронца Таццяна Равяка.

Арышт Алеся Бяляцкага – знакавая падзея ў беларускім грамадстве, бо да яго не існавала палітвязняў-праваабаронцаў. З гэтай нагоды Таццяна Равяка ўхваляе рашэнне калегаў з розных краінаў свету прымеркаваць Міжнародны Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі менавіта да гэтай даты.

– Апошнія паўтары гады сітуацыя ў праваабарончых арганізацыях стабільна цяжкая, – лічыць старшыня БХК Алег Гулак. – З аднаго боку, мы працягваем працу і маем для гэтага пэўныя магчымасці. З другога, пастаянная пагроза арыштаў, ліквідацыі тых арганізацый, якія засталіся, немагчымасць скарыстаць суд і іншыя прававыя сродкі для самаабароны, ускладняюць працу.

Ён адзначае, што арышт Бяляцкага паўплываў на праваабарончы рух – прынёс новыя пагрозы і перасцярогі, аднак і змушае праваабаронцаў быць больш адказнымі і актыўнымі.

Пакінуць свой подпіс у падтрымку старшыні ПЦ «Вясна» прыйшоў і палітык Аляксандр Мілінкевіч.

– Заўсёды кажуць, што такія акцыі больш піяраўскія, чым канкрэтныя і выніковыя. Але я лічу, што гэта важная акцыя – чарговая праява салідарнасці. Толькі салідарнасць вызваляе людзей з турмы, мы мусім паказаць, што не ўсе ў краіне баяцца, – пракаментаваў свой удзел у акцыі лідар руху «За свабоду».

Тым часам, «вясноўцы» жывуць ва ўмовах штодзённага чакання, што офіс забяруць: кожны дзень прыходзяць на працу кожны са сваім кампутарам і сыходзяць з ім.

– Гэтае чаканне і разуменне таго, што ў нас хутка будзе разбуранае гняздо. Вялікі клопат для нас, – кажа Таццяна Равяка.

У адміністрацыі прэзідэнта петыцыю прынялі спакойна, зарэгістравалі. Усё адбывалася, па словах праваабаронцы, «у спакойным дзелавым рэжыме», а таму суразмоўца выказвае спадзяванне, што і адказ будзе па сутнасці.

Нагадаем, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» 24 лістапада быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці нібыта за ўхіленне ад аплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)