Политика

Пракурор папрасіў для шасці абвінавачаных ад 3,5 да 4 гадоў калоніі строгага рэжыму

12 мая ў судзе Маскоўскага раёна Мінска абвесцяць прыгавор удзельнікам Плошчы Зміцеру Дароніну, Сяргею Казакову, Уладзіміру Лобану, Віталю Мацукевічу, Яўгену Сакрэту і Алегу Федаркевічу. Яны абвінавачваюцца па частцы 2 арт. 293 «Масавыя беспарадкі».

У сваім апошнім слове Даронін кваліфікаваў свае дзеянні як хуліганства, але заявіў, што не ўдзельнічаў у масавых беспарадках. Лобан папрасіў у суда літасці. Сакрэт падкрэсліў, што дзейнічаў у межах самаабароны. Федаркевіч адзначыў, што “калі адзін чалавек лічыць для сябе магчымым быць вышэй над Канстытуцыяй і караць іншых за нейкія дзеянні, то гэта і ёсць самая вялікая несправядлівасьць”. Мацукевіч папрасіў прабачэньня ў бацькоў, што прынёс ім гора і расстройства і папрасіў суд не пазбаўляць яго волі. «Рана ці позна прыйдзе час, калі за гэта прыйдзецца адказваць. Я буду змагацца і ведаю, што я не адзін — мы будзем змагацца», цытуе апошні словы Казакова «Радыё Свабода».

Чацвёрты дзень суда над актывістамі пачаўся з разгляду відэаматэрыялаў. На іх прамовы кандыдатаў, кадры, як ламалі дзверы.

Як паведамляе Радыё Свабода, падчас допыту на судзе Лобан прызнаўся, што вырваў шчыт у супрацоўніка міліцыі, спрыяў людзям, якія білі нагамі і рукамі па шчытах. Прызнаў таксама, што быў нападпітку.

Сакрэт не прызнаў, што біў шыбы і спрабаваў патрапіць у Дом ураду. Ён расказаў, што быў усхваляваны лёсам кандыдатаў, якія спрабавалі ісці на перамовы ў Дом ураду, туды накіраваліся і не вярнуліся. Наяўнасць цвікадзёру Сакрэт патлумачыў тым, што гэта ягоны працоўны інструмент і нічога дрэннага ён не задумваў. Тым не менш згадзіўся, што ягоныя дзеянні можна назваць хуліганскімі.

Казакоў часткова прызнаў віну і таксама назваў свае дзеянні хуліганскімі. Даронін патлумачыў, што быў сярод людзей, але гэта не з’яўляецца правапарушэннем. Тем не менш ён прызнаўся, што ўдарыў па агароджны. Федаркевіч пацвердзіў свае ранейшыя паказанні, што дапамагаў людзям, якія былі збітыя. У бойцы са спэцназам не ўдзельнічаў, ніякіх намётаў, арматуры, пляшак у людзей не бачыў.

Мацукевіч кажа, што прызнае віну часткова, што прыняў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, бо не ведаў пра забарону акцыі. "Беларусы, сюды!" выгукнуў, паддаўшыся эмоцым, але сышоў з плошчы раней за іншых і не біў шкло.

Пракурор палічыў віну ўсіх шасцярых абвінавачаных даказанай і папрасіў суд пакараць іх пазбаўленнем волі: Зміцеру Дароніну, Сяргею Казакову, Віталю Мацукевічу і Яўгену Сакрэту прысудзіць 4 гады калоніі строгага рэжыму, Уладзіміру Лобану і Алегу Федаркевічу – 3,5 гады калоніі строгага рэжыму.

Адвакаты абвінавачаных заявілі, што іх падабаронныя не ўдзельнічалі ў масавых беспарадках, паколькі такіх не было, а значыць адсутнічаюць дзеяньні, якія можна кваліфікаваць паводле артыкулу 293.

Прысуд будзе агучаны 12 мая, а 16-й гадзіне.

Падрабязнасці трэцяга дня суда чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)