Шасцёра абвінавачваемых – тактоўныя, добрасумленныя, ветлівыя

10 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску працягваўся працэс у крымінальнай справе удзельнікаў Плошчы Дзьмітрыя Дароніна, Сяргея Казакова, Уладзімера Лобана, Віталя Мацукевіча, Яўгена Сакрэта, Алега Федаркевіча.

Яны абвінавачваюцца па частцы.2 арт.293 «Масавыя беспарадкі». Судзьдзя Алена Шылько. Даронін цалкам не прызнаў сваю віну, астатнія прызналі часткова. У судзе абвешчаны перапынак да 10:00 11 траўня.

18.25. Судзьдзя зачытвае пратакол допыту Яроменка, які, нібыта, засьведчыў, што заклік «Беларусы, сюды!» яго натхніў біць шкло.

Абвінаваўца Мельнік заяўляе, што менавіта заклік Мацукевіча справакаваў біць шкло. Мацукевіч на прапанову пракурора тлумачыць, што ягоны заклік ня ўтрымлівае закліку да беспарадкаў. А сьведчаньні — кожны інтэрпрэтуе як хоча.

18.13. Судзьдзя спыніла прагляд відэаматэрыялаў і запрасіла сьведку. Андрэй Рашчупкін, начальнік аддзелу ў Заводзкім РУУС Менску.

Судзьдзя заявіла, што пра гэтага сьведку ёй паведамілі толькі што. Рашчупкін наведаміў, што, магчыма, бачыў Мацукевіча, якога ня ведае. Кажа, што дакумэнтаваў падзеі на плошчы. Кажа, што лёзунгі на плошчы былі пра тое, што выбары сфальшаваныя. Кажа, што праз гучную сувязь увесь час казалі, праз 10-15 хвілінаў, што дзеяньні незаконныя і людзям неабходна пакінуць плошчу. Сьведка памятае маладога чалавека, які выгукваў лёзунгі. Але ня памятае, як ён выглядаў, у што быў апрануты.

18.10. Працягваецца відэапрагляд. Судзьдзя паказала на відэа Федаркевіча, Казакова і Мацукевіча.

17.55. Судзьдзя паказвае на відэа Казакову ягоныя дзеяньні. Казакоў прызнае, што на відэа сапраўды ён сам. Што менавіта зафіксавана на відэа, у залі ня бачна і застаецца невядомым.

Судзьдзя з усьмешкай пытаецца ў Мацукевіча, ці пазнае ён сябе. Мацукевіч сябе пазнаў, але заявіў, што ён нічога супрацьпраўнага не ўчыняе.

17.03. Пачынаецца прагляд відэаматэрыялаў. Карцінкі практычна няма — толькі цёмны экран зь мільгаценьнем сьпінаў, зямлі, на гэтым тле — воклічы і галасы. Чуецца «Жыве Беларусь!», «Ганьба!».

Абвінавачаныя сябе на відэа не пазналі.

Абвінаваўца спыніў прагляд і паказаў на Федаркевіча, што ён біў па дзьвярах. Федаркевіч пацьвердзіў, што ён сапраўды ўдарыў па дзьвярах, але не разьбіваў іх.

17.00. Допыт сьведак скончаны. Судзьдзя глядзіць матэрыялы справы.

16.55. Кірыл Макасін распавёў, што цягам дня стаялі ў рэзэрве за Палацам рэспублікі да 20.00. Каля 22.00 атрымаў каманду перамясьціццца да Дому ўраду. Прыехалі, сядзелі ў транспарце, а пасьля па камандзе высадзіліся і адцясьнялі «натоўп» ад Дому ўраду. Быў каля прыступак Дому ўраду. Міліцынтаў білі нагамі, палкамі, вудамі.

Заяўляе, што падзялілі «натоўп» на больш і не меньш актыўных. Больш актыўныя апынуліся каля Дому ўраду. Сам непасрэдна затрымаў чалавека, але ня здолеў патлумачыць менавіта за што. Маўляў, не хацеў добраахотна праходзіць у спэцтранспарт.

Абвінаваўца ўладкладняе: Ці ня быў чалавек, якога ён затрымліваў — чалавекам, які сядзеў у кагосьці на плячах? Сьведка гэтага не падцьвердзіў, ягоны допыт закончаны.

16.48. Чарговы сьведка з боку міліцынятаў – Кірыл Макасін, кіроўца палку міліцыі асобага спэцпрызначэньня. Сказаў, што магчыма затрымліваў Лобана.

16.35. Наступны сьведка – супрацоўнік ГУУС Менску Аляксандар Новік.

Кажа, што нікога з абвінавачаных раней ня бачыў і ня ведае. Кажа, што 19-га аховаў грамадзкі парадак на Кастрычніцкай плошчы і пл.Незалежнасьці.

Заяўляе, што мітынгоўцы спрабавалі разарваць ланцуг, у якім ён стаяў, ягоных калегаў па службе спрабавалі вырваць з шэрагаў. Затым выконваў каманду пазатрыманьні асабліва актыўных удзельнікаў. Чым і як білі шкло, ня бачыў. Толькі чуў каманду «Б’ем».

Адказы сьведкі выклікаюць ажыўленьне і ўсьмешкі прысутных. Сказаў, што ён сам непасрэдна затрымаў шмат людзей. Допыт сьведкі завершаны.

16.24. Наступны сьведка – супрацоўнік міліцыі Маскоўскага раёну Валеры Шчур.

Кажа, што меў задачу ахоўваць Дому ураду, унутры будынку. Быў у поўнай экіпіроўцы – у касцы, са шчытом, у абмундзіваньні. Кажа, што сталы ня ставіў і нічога ня ведае, навошта ставілі.

З яго слоў, мітынгоўцы разьбілі дзьверы і аднаго зь іх разам са шчытом выцягнулі, а затым вярнулі. Кажа, што ён сам не пацярпеў – пра іншых нічога ня ведае. Кажа, што мітынгоўцы выкарыстоўвалі арматуру. Кажа, што ўсё доўжылася гадзіны дзьве.

На пытаньні адваката кажа, што тры гадзіны сядзелі ў актавай залі пакуль паклікалі на абарону Дома ўраду, да дзьвярэй. Кажа, што былі мэталёвыя прадметы, а якія менавіта ня памятае. На падказку пракурора Мельніка ўзгадвае сякеры і вуды. Кажа, што ня бачыў чым білі ў дзьверы.

Ці здымалі на відэа падзеі ўнутры Дома ураду? Кажа, што, пэўна. Кажа, што адчувалі пах дыму і думалі, што дзесьці штосьці гарыць. Допыт сьведкі закончаны.

16.00. Наступны сьведка – Аляксандар Нікіфарэнка. Кажа, што нікога з абвінавачаных ня ведае і не пазнае.

Каля Дому ўраду займаўся аховай грамадзкага парадку, ў самім Доме ураду – у актавай залі.

Кажа, што каля 20.00 распачаўся штурм дзьвярэй, якія былі закладзенвыя сталамі. Чуў воклічы «Жыве Беларусь!». Кажа, пра разьбітыя дзьверы і паламаныя сталы, якімі былі закладзеныя дзьверы.

Пасьля таго, як скончылася ўсё – яны прыбралі сталы і пабачылі ледаколы, рыдлёўкі, арматуру, пруты. Усё ляжала побач з Домам ураду.

Кажа, што чуў, як увесь час ва ўзмацняльнікі заклікалі разысьціся. Чуў, што ў дзьверы білі нагамі, а як – ня бачыў.

Кажа, што ён, у тым ліку, разам зь іншымі міліцыянтамі, якія ахоўвалі Дом ураду застаўлялі дзьверы сталамі, калі людзі пайшлі штурмаваць.

Допыт ахоўніка Дому ўраду завершаны.

15.45. Наступны сьведка – Дзяніс Зыль. Кажа, што ён сябра Дароніна.

15.33. Наступны сьведка – Андрэй Пракапчук. Маляр-тынкоўшчык, працуе ў прыватным прадпрыемстве. Заяўляе, што зьяўляецца сябрам Дароніна.

Судзьдзя Мельнік удакладняе: Ці распавядаў Даронін, што ён біў дзьверы?

Сьведка адказвае, што Даронін распавядаў, што патрапіў камусьці на плечы, але нічога і нікога ня біў.

Таксама сьведка кажа, што ніхто іх не папярэджваў пра незаконнасьць мітынгу і не заклікаў разыходзіцца.

Допыт Пракапчука закончаны.

15.23. Наступны сьведка –Аляксандар Ганчар, электрагазазваршчык, працуе на МАЗе. Ведае Дзьмітрыя Дароніна – ягоны сябар. Сьведчыць пра яго, як добрага сябра.

Кажа, што разам з сябрамі, учатырох, сустрэліся і паехалі на плошчу ўвечары. Дайшлі да плошчы Незалежнасьці, спыніліся каля гандлёвага цэнтру. Быў разам з Дароніным, але ён застаўся на плошчы пазьней.

Кажа, што чуў, як на плошчы выкрыквалі «Ганьба». Выскачылі міліцыянты. Ён сышоў і больш Дароніна ня бычыў.

Ня бачыў ў той вечар, але сустракаў пазьней і Даронін, нібыта, сам яму распавядаў, што яго паднялі на рукі, і ён некалькі разоў ударыў па дзьвярах.

Палак, вогнетушыльнікаў і пляшак ня бачыў. Біцьця шкла ня бачыў, папярэджаньняў міліцыянтаў ня чуў. Кажа, што перад плошчай выпілі пляшку гарэлкі на чатырох. Супрацоўнікаў міліцыі па дарозе з Кастрычніцкай да Незалежнасьці ня бачыў.

Ніякіх лёзунгаў з вуснаў Дароніна ня чуў. Допыт сьведкі закончаны.

15.17. У залю запрошаны чарговы сьведка Бурмістронак. Сказаў, што нікога з абвінавачаных не пазнаў і ня ведае.

Кажа, што ўчатырох селі ў машыну і паехалі на плошчу. Абвінаваўца цікавіцца ці выказвалі меркаваньні пра дзейную ўладу?

15.06. Наступны сведка – Шарстоў. Ён таксама сьведчыць, што Мацукевіч тры-чатыры разы выкрыкнуў «Беларусы, сюды!» і ударыў нагой па дзьвярах Дома ўраду.

Кажа, што Мацукевіч выкрыкнуў ня з мэтай нешта граміць, а таму, што стан усіх прысутных быў узрушаны і ўсе нешта выкрыквалі.

Абвінаваўца Мельнік цікавіцца: ці шмат выпілі і ці бралі алькаголь з сабой на плошчу?

Сьведка кажа, што людзі на плошчы не рэагавалі на заклік Мацукевіча «Беларусы, сюды!», а дзьверы разьбівалі ўжо да гэтага закліку. Сьведка кажа, што ня бачыў прыладаў супраціву ў руках людзей. Таксама кажа, што не бачыў, каб Мацукевіч біў дзьверы. Ня чуў, каб супрацоўнікі міліцыі казалі праз узмацняльнікі пра незаконнасьць сходу і заклікалі пакінуць яго.

Допыт сьведкі Шарстова закончаны.

14.08. Дапытваюць сьведку Дзяніса Гусінцава.

Ён адразу заявіў, што сярод абвінавачаных пазнаў Мацукевіча. Кажа, што прыйшоў па плошчу з Віталем Мацукевічам, папярэдне выпіўшы гарэлкі. Пілі ў кавярні, ня шмат. Пайшоў каля 20.00.

Паехалі на таксоўцы, каб паглядзець што там адбываецца. Даведаліся пра магчымыя падзеі з выступаў кандыдатаў на прэзыдэнта.

Кажа, што ішлі разам з усімі з Кастрычніцкай да Незалежнасьці.

Кажа, што на плошчы Мацукевіч некалькі разоў выкрыкваў «Беларусы, сюды!».

14.05. Працэс аднавіўся. Пасьля перапынку ў залю дапушчаныя адвакаты, сваякі, праваабаронцы. Сярод іншых – прадстаўнік АБСЭ, юрыст Уладзімер Лабковіч. Пасьля перапынку ў залю паседжаньняў прыйшоў Артур Фінькевіч.

12.45. Наступная сьведка – Валерыя Вайнова. Вайнова таксама пазнала Мацукевіча. Яна сьведчыць, што Мацукевіч заклікаў людзей «Беларусы, сюды!», таксама жэстыкуляваў, каб да яго падыходзілі, а таксама падыйшоў да дзьвярэй.

Кажа, што бачыла як Мацукевіч ударыў па дзьвярах нагой. Перад гэтым на пытаньне пракурора Мельніка Мацукевіч адказваў, што ня біў па дзьвярах.

11.50. У судовую залю запрашаецца сьведка Крысьціна Шацікава

Шацікава кажа, што бачыла Мацукевіча і чула ягоны заклік.

Абвінаваўца Мельнік і судзьдзя дамагаюцца ад Крысьціны, каб яна назвала прозьвішчы тых, з кім яна была на плошчы. Яна не пагаджаецца.

Пасьля настойваньняў з боку судзьдзі, Шацікава назвала прозьвішча сяброўкі, зь якой прыехала з Магілёву і пайшла на плошчу.

Шацікава сьведчыць, што бачыла на плошчы супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія ўсё здымалі на камэру. Па яе словах, бачыла чалавека, які першым ударыў па дзьвярах, гэтага чалавека сярод абвінавачаных у залі суду няма.

Яна сьведчыць, што памятае Мацукевіча і ягоны заклік. Шацікава заяўляе, што Мацукевіч дзьвярэй ня біў.

Шацікава падкрэсьлівае, што першым малатком па дзьвярах ударыў чалавек, які першым прыйшоў на плошчу.

Судзьдзя настойліва запытвае адносна заклікаў «Беларусы сюды»: ці можна іх расцаніць як заклік біць шкло?

Пракурор перапытвае: колькі разоў Мацукевіч выгукваў лёзунг, што яшчэ выгукваў?

На пытаньні адвакатаў Шацікава сьведчыць, што на заклікі Мацукевіча «Беларусы, сюды» людзі рэагавалі так, што ён хоча ўчыніць правакацыю.

На пытаньні адвакатаў Шацікава распавядае, якія паказаньні давала на допытах КДБ.

Кажа, што на ўсіх допытах паказвала на фота і відэа чалавека, які першы прыйшоў на Плошчу і першы распачаў біць дзьверы.

На пытаньні адвакатаў Шацікава сьведчыць, што каля таго чалавека, які першы разьбіваў шкло, каля яго былі яшчэ 4-5 чалавек, і іх ніхто не спыняў. Шацікава сьведчыць, што за дзьвярыма ў гэты момант ужо былі драўляныя загародкі.

Шацікава кажа, што пакінула плошчу каля Дому ўрада, калі хтосьці з кандыдатаў на прэзыдэнта заявіў, што адбываецца правакацыя.

Кажа, што ніякіх заклікаў разысьціся ня чула. У руках мітынгоўцаў ня бачыла мэталёвых, драўляных ці якіх іншых прадметаў.

Шацікава сьведчыць, што стаяла на прыпынку, калі па вуліцах пабеглі «касманаўты». Судзьдзя абурылася такой характарыстыкай і пацікавілася адкуль сьведка ведае слова «зачыстка»?

Шацікава таксама заявіла, што ня бачыла на плошчы ніякіх прадметаў, падобных на зброю. На хадайніцтва адваката Мельнікава, што сьведчаньні супярэчлівыя, судзьдзя Алена Шылько зачытвае пратакол допыту Шацікавай.

Паводле пратаколу допыту Шацікавай, яна сьведчыць што моцнага целаскладу хлопцы зьявіліся на плошчы да зьяўленьня мітынгоўцаў, якія ўсё фіксавалі на відэа. А таксама адзін зь іх падыйшоў да дзьвярэй і прадметам падобным на малаток і ўдарыў па дзьвярах. Паводле Шацікавай, яны хацелі застацца незаўважанымі, але актывізаваліся пасьля таго, як прыйшлі мітынгоўцы.

Яна кажа, што менавіта пасья гэтага да іх далучыліся людзі, каб біць вокны.

Абвінаваўца заяўляе, што сьведчаньні супярэчлівыя. І ці яна падцьвярджае свае сьведчаньні падчас допыту? Шацікава падцьвердзіла.

Шацікава сьведчыць, што пазнала Мацукевіча падчас вочнай стаўкі.

Допыт сьведкі Крысьціны Шацікавай завершаны, яна пакінула залю.

11.25. Сьведкам выступае Аляксандр Квяткевіч. У залю суда яго прывялі пад аховай, але без кайданкаў.

Квяткевіч кажа, што на заклік Статкевіча пайшоў да Дому ўраду. Таксама бачыў чалавека, які заклікаў людзей пайсьці таксама да Дому ураду. Той чалавек заклікаў «Беларусы сюды».

Менавіта гэты заклік выкрыкваў адзін з абвінавачаных.

Квяткевіч кажа, што адгукнуўся на гэты заклік і стаў таксама біць дзьверы. Што на гэты заклік адгукваліся іншыя людзі.

«Беларусы сюды» выгукваў Мацукевіч – ён сам гэта падцьвердзіў падчас папярэдняга допыту абвінавачаных.

Квяткевіч не апазнаў сярод прысутных таго, хто выгукваў.

Тады судзьдзя і пракурор сказалі, што з улікам мінулага часу і чалавечага фактару Квяткевіч мог і не пазнаць таго, хто выгукваў.

Судзьдзя загадала Мацукевічу ўстаць і разам з абвінаваўцам. Запыталі – ці гэты чалавек выгукваў "Беларусы сюды". Квяткевіч не пазнаў.

Квяткевіч кажа, што магчыма гэта ён – Мацукевіч выгукваў. Судзьдзя пытаецца: чаму так думаеце?

Сьведка адказў: па форме твару падобны.

Мацукевіч не адмаўляецца ад свайго закліку «Беларусы, сюды!», але заяўляе, што не заклікаў нікога біць і граміць.

На пытаньне адваката сьведка заяўляе, што ўжо не заклік «Беларусы сюды» натхнілі яго біць вокны, а дзеяньні іншых людзей, якія гэта ўжо рабілі.

Квяткевіч заяўляе, што пасьля таго, як яго адцягнулі ад ганку Дому ўраду журналісты, ён далучыўся да людзей. Папярэджаньня разыйсьціся ня чуў.

Кажа, што ніякіх заклікаў да пагромаў ня чуў. Таксама ня памятае іншых заклікаў, толькі «Беларусы, сюды!».

Судзьдзя зачытвае матэрыялы допыту сьведкі. Ён сьведчыў, што каля пяці разоў чуў гэты заклік. Цяпер сцвярджае, што так.

11.20. Разгляд матэрыялаў справы завершаны. Судзьдзя распачынае допыт сьведкаў.

11.15. Судзьдзя зачытвае матэрыялы справы Сакрэта – пералічвае канфіскаваныя падчас ператрусаў носьбіты інфармацыі, зачытвае станоўчую характарыстыку, хадайніцтвы аб спыненьні крымінальнай справы і зьмене меры стрыманьня, якія былі адхіленыя.

11.05. Характарыстыка на Лобана: Ветлівы, тактоўны, падтрымлівае прыязныя адносіны з суседзямі. На працы характаразуецца, як добрасумленны працаўнік.

10.55. Характарыстыка на Мацукевіча: цікавіцца грамадзка-палітычнымі падзеямі ў Беларусі і сьвеце, мае свой погляд на іх і свае перакананьні, мае прыязныя стасункі зь людзьмі, камунікабельны і ветлівы.

10.25. Судзьдзя Алена Шылько з матэрыялаў справы зачытвае характарыстыкі абвінавачаных паводле месца працы і месца жыхарства. Характарыстыкі станоўчыя – падсудных характарызуюць, як добрых працаўнікоў, якія ня маюць заўваг ад суседзяў па месцы жыхарства.

У характарыстыках абвінавачаных гаворыцца: тактоўныя, камунікабельныя, працу выконваюць добрасумленна.

На пытаньне адваката Казакоў адказаў, што падчас ператрусу на кватэры ягоных сваякоў быў канфіскаваны кампутар ягонага дзядзькі.

10.20. Судзьдзя пералічвае зьмест матэрыялаў справы: жорсткія дыскі, канфіскаваныя ў абвінавачаных падчас ператрусаў флэш-карты, іншыя электронныя носьбіты інфармацы. Характарыстыкі.

10.12. Судзьдзя абвесьціла парадак працягу суду: зараз працягваецца разгляд матэрыялаў справы, затым будзе допыт сьведкаў і прагляд відэаматэрыялаў.

10.05. Працэс распачаўся.

Падрабязнасці другога дня суда чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)