Пракуратура папярэдзіла Алега Грузьдзіловіча

Журналісту «Радыё Свабода» Алегу Грузьдзіловічу вынесена папярэджаньне, падпісанае першым намесьнікам пракурора Менску Раманоўскім. Яно тычыцца артыкула і кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?».

Алег Грузьдзіловіч

У папярэджаньні гаворыцца, што журналіст «ажыцьцявіў акцыю па пранікненьні на станцыю мэтро „Фрунзенская“ з мэталевымі прадметамі ў сумцы, якая нагадвае выкарыстаную арганізатарамі тэракту ў менскім мэтрапалітэне».

У папярэджаньні таксама адзначаецца, што «ў выпадку прадстаўленьня замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі заведама непраўдзівых зьвестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, вайсковае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча грамадзян РБ, якія дыскрэдытуюць РБ і яе органы ўлады», журналіста могуць прыцягнуць да адказнасьці.

«У мяне ўзялі тлумачэньні адносна таго эпізоду журналісцкай праверкі 10 красавіка на мэтро „Фрунзенская“. Але, як я высьветліў, гэта іх асабліва і не цікавіла. У іх ужо было падрыхтавана афіцыйнае папярэджаньне. Яшчэ не было скончана падпісаньне маіх тлумачэньняў, у кабінэт зайшоў намесьнік пракурора Раманоўскі, які падпісаў мне афіцыйнае папярэджаньне. Яно мне было ўручана адразу, як толькі друкарская машынка раздрукавала мае тлумачэньні і я іх падпісаў. Іх зусім не цікавіла мая пазыцыя: парушаў я ці не парушаў. Яны ўжо вырашылі, што я, аказваецца, парушыў, што я дыскрэдытаваў і сумняваўся ў судовай сыстэме, калі напісаў кнігу».

Паводле Алега Грузьдзіловіча, такія дзеяньні з боку ўладаў — гэта ціск на журналіста.

«Гэтай уладзе непатрэбныя людзі, якія будуць нешта правяраць і сумнявацца. Натальля Жукавец, якая вяла праверку, кажа: „Вось вы напісалі кнігу пра выбух у мэтро. А чаму вы сумняваецеся ў рашэньнях сьледзтва?“ Тое, што я сумняваюся, аказваецца, гэта ўжо нейкае злачынства. Патыхнула 37–м годам, бо гэтых людзей нічога не спыняе. Яны перакананыя, што як начальства сказала, так і трэба рабіць. Асабліва ўражвае гэтая фраза — „ставіце пад сумнеў справядлівасьць беларускай судовай сыстэмы ў цэлым“. То бок і тут я не магу сумнявацца. У краіне, дзе нельга сумнявацца, журналісты не патрэбныя».

10 красавіка Алег Грузьдзіловіч падрыхтаваў матэрыял пра тое, як працуе служба аховы мэтро. Пракуратура адзначае, што журналіст разьмясьціў на сайце Радые Свабода «крытычны артыкул „Зь вялікай торбай у мэтро: з двух разоў праверылі адзін і ў торбу не зазірнулі“ зь відэасуправаджэньнем».

Далей у папярэджаньні гаворыцца, што адбылася прэзэнтацыя кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?», аўтарам якой зьяўляецца Алег Грузьдзіловіч, у якой «ставіцца пад сумнеў аб’ектыўнасьць афіцыйных вынікаў расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце выбуху ў менскім мэтрапалітэне, а таксама справядлівасьць беларускай судовай сыстэмы ў цэлым».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)