Политика
Юлія Аляксандрава

Прадстаўнікі апазіцыі ўключаныя ў акруговыя камісіі

У лік удзельнікаў акруговых камісій трапіла чатыры з паловай тысячы чалавек. Сярод іх – 26 сяброў апазіцыйных палітычных партый. Ці чакаюць нас свабодныя і дэмакратычныя выбары? Паводле меркавання кіраўніка Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, «гэта ёсць адным з крокаў уладаў, які не дае ніякіх магчымасцей дэмакратычным партыям і пры гэтым дазваляе ўладам казаць: «Паглядзіце: у нас усё спакойна і дэмакратычна!».

У 367 сфармаваных акруговых камісіяў уключана 4542 чалавека, паведамляе «Радыё Свабода». Ёсць у іх ліку і прадстаўнікі апазіцыі: 14 сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) (кожны чацвёрты з вылучаных) і 12 сябраў партыі БНФ (кожны трэці з вылучаных).

– Як сапраўднае паляпшэнне гэта разглядаць нельга, – распавёў «Салідарнасці» старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. – Мяркую, што гэта ёсць адным з крокаў уладаў, які не дае ніякіх магчымасцей дэмакратычным партыям і пры гэтым дазваляе ўладам казаць: «Паглядзіце: у нас усё спакойна і дэмакратычна!». Ці ёсць нейкая спадзевы, што выбары будуць адбывацца свабодна і дэмакратычна? Мы будзем меркаваць аб гэтым па выніках уключэння ці неўключэння нашых прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, якія падлічваюць галасы. Менавіта на гэтым этапе назіральнікі неаднаразова заўважалі асноўныя парушэнні. Таму сенняшняе ўключэнне мы разглядаем як нейкую ўлоўку, спробу зрабіць сымбалічны крок, які нібыта абазначае дэмакратызацыю. Наступным тэстам на тое, як гэтыя выбары будуць адбывацца, будзе рэгістрацыя (ці нерэгістрацыя) ініцыятыўных груп нашых кандыдатаў.

Шэсць прадстаўнікоў партыі БНФ уключаныя ў раённыя камісіі Мінску, пяць – у камісіі Віцебшчыны і адзін чалавек – у Хоцімскую акруговую камісію (Магілёўская вобласць).

– Усіх 36 вылучаных чалавек уключыць не маглі, – упэўнены Аляксей Янукевіч. – Напрыклад, па Мінску ў некаторыя камісіі мы прапаноўвалі такіх людзей як Уладзімір Лабковіч і Юры Чавусаў, якія былі б самымі абазнанымі і прафесійнымі ў гэтых камісіях, калі б у іх трапілі. Напэўна, у склад камісій выбіралі тых людзей, якія, магчыма, будуць ствараць ім меншыя праблемы. Альбо ўключалі ў тыя камісіі, дзе, на думку ўладаў, вылучаюцца больш слабыя кандыдаты. Адсочваць логіку ўладаў дастаткова складана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)