Политика
Анастасія Зелянкова

“Пра тое, што я стану дэпутатам, кажуць ужо і ў кулуарах апазіцыі”

У інтэрв’ю “Салідарнасці” кандыдат у дэпутаты па 109-й Уручскай выбарчай акрузе г.Мінска Алесь Міхалевіч распавёў, чаму апазіцыя не сумняваецца, што ён будзе ў парламенце, якія метады лічыць больш эфектыўнымі ў правядзенні агітацыі і што кажа выбаршчыкам пра партыю БНФ, калі пытаюцца, чаму яго адтуль выключылі.

— Многія кандыдаты сцвярджаюць, што гэтая кампанія істотна адрозніваецца ў лепшы бок. А якія адчуванні ў вас?

-- Сапраўды, таго ціску, які быў раней, няма. Стаўленне да нас больш лаяльнае.

Але, з іншага боку, назіраецца пэўная апатыя сярод саміх людзей. Гэтыя выбары амаль нікога не цікавяць — апошнім часам людзей ўвогуле вельмі цяжка зацікавіць палітыкай.

Я правёў ужо некалькі сустрэчаў з выбаршчыкамі і скажу, што нялёгка нават выцягнуць іх з дому. Звычайна збіраецца па 30-40 чалавек, максімум 50 — пры ўмове, што дагэтуль была праведзена вельмі добрая падрыхтоўчая праца: раздадзеныя запрашальнікі, вывешаныя аб’явы.

Увогуле, я ўпэўнены, што ў гэтую кампанію сустрэчы з выбаршчыкамі – гэта неэфектыўны спосаб правядзення агітацыі. Больш эфектыўна проста хадзіць па кватэрах, сустракацца з людзьмі каля крамаў. Але тыя, хто прыходзіць на сустрэчы, гэта звычайна людзі, якія нас падтрымліваюць, тыя, хто хоча нейкіх зменаў у краіне.

— А якое самае непрыемнае пытанне вам задавалі выбаршчыкі?

— Звычайна на кожнай сустрэчы ёсць некалькі “засланых” ад улады. Гэтыя людзі пачынаюць задаваць цяжкія, на іх думку, пытанні. Напрыклад, пра маю былую партыйнасць. Але гэта ніяк не ўплывае на меркаванне астатніх. Людзі хочуць пачуць, што прапануе кандыдат, і іх не цікавіць, якую палітычную сілу гэты чалавек прадстаўляе.

— І ўсё ж такі, што адказваеце на гэта?

— Я кажу праўду. Кажу, што быў выключаны з Партыі БНФ за публічную крытыку. Звычайна гэта выклікае смех у залі і толькі спрыяе больш прыхільнаму стаўленню да мяне.

— А да партыі?

— На жаль, я вымушаны казаць праўду. І ў мяне няма іншага варыянту адказу. Людзі разумеюць, што тая дыктатура, якая ёсць у краіне, вельмі часта ёсць і ў апазіцыйных арганізацыях.

— Карацей, працягваеце крытыкаваць партыю. А што яшчэ цікавіць людзей?

— У кожнага – свае праблемы. Пенсіянераў цікавіць несправядлівая сістэма налічэння пенсій, прадпрымальнікаў – умовы вядзення бізнесу. Са свайго боку, я распавядаю пра тое, якія змены я прапаную і што трэба зрабіць для таго, каб мець магчымасць выправіць сітуацыю да лепшага.

Расказваю пра агульную сістэму ўлады – тое, што яна не зацікаўлена вырашаць праблемы грамадзян, яна адарвана ад людзей. Але гэта можна змяніць праз сістэму мясцовага самакіравання, калі мы будзем самі выбіраць кіраўнікоў — напрыклад, мэра горада ці адміністрацыю раёна.

Іншая праблема, пра якую я кажу, прадпрымальніцтва. У Беларусі людзі баяцца праяўляць ініцыятыву, таму што дзяржава карае ўсялякую ініцыятыву. Тысячы галоўных бухгалтараў і дырэктараў сядзяць у турмах за гаспадарчыя злачынствы, таму што немагчыма працаваць і не парушаць закон. Вось я прапаную стварыць сістэму падтрымкі малога бізнесу, каб людзі маглі спакойна працаваць.

У маёй праграме ёсць таксама палажэнне пра адкрытасць Беларусі і на Захад і на Усход. Гэта асноўнае. Зразумела, я кажу і пра адукацыю, дзе над нашымі дзецьмі пастаянна ставяцца эксперыменты, і пра медыцыну, і пра многае іншае.

— А які рэальны вынік вы бачаце для сябе ў гэтай кампаніі?

— Цяжка сказаць. Якім будзе падлік галасоў і ці будуць фальсіфікацыі, стане вядома толькі пасля галасавання.

-- А што, калі вы ішлі на выбары, у вас была падстава меркаваць, што яны будуць адрознівацца ад папярэдніх?

— Ніякіх спадзяванняў не было. Але ніколі не ведаеш, чым усё можа скончыцца. Сітуацыя можа пачаць развівацца вельмі хутка, і змены могуць наступіць ужо заўтра. З аднаго боку, так, нікога з прадстаўнікоў незалежных кандыдатаў не ўключылі ў камісіі, але, з іншага, няма і той атмасферы фальсіфікацыі, якая была перад папярэднімі выбарамі.

У любым выпадку варта было выходзіць да людзей. Да таго ж я вельмі хацеў папрацаваць са сваёй камандай, хацеў паглядзець, наколькі яна моцная, зрабіць новыя матэрыялы і знайсці новых актывістаў. На сённяшні дзень я ўжо знайшоў некалькі дзесяткаў такіх людзей.

Вядома, калі мяне абяруць у парламент, я не адмоўлюся ад мандата. Месца ў парламенце дае дадатковую трыбуну, дадатковую магчымасць даносіць інфармацю і ўплываць на людзей.

Я ўпэўнены, што ў выніку рэальнага падліку галасоў, я перамагу. Хаця незалежна ад усяго, я ўжо дасягнуў сваіх мэтаў: умацаваў сваю каманду, зрабіў так, каб сотні людзей пра мяне даведаліся.

— Такім чынам вы рыхтуецеся да нейкай іншай кампаніі?

— Я збіраюся быць на першых ралях у беларускай палітыцы, і важна, каб простыя людзі мяне ведалі.

— Вас ужо неаднойчы цытавалі дзяржаўныя выданні. Вы не расцэньваеце гэта як своеасаблівы сігнал, што вы ў ліку тых нешматлікіх “шчасліўчыкаў-апазіцыянераў”, якім усё ж такі дадуць крэслы ў парламенце?

— Пра тое, што Міхалевіч стане дэпутатам, кажуць ўжо і ў кулуарах апазіцыі. Скажу адно: калі да мяне звяртаюцца журналісты, я ніколі не адмаўляюся і даю інтэрв’ю. І калі да мяне звярнуўся рэдактар часопіса “Беларуская думка”, зразумела, я адказаў яму на ягоныя пытанні. На падставе гэтага цяпер робяцца высновы, што я ўвайшоў у спіс тых, каго абяруць з апазіцыі.

Я не бяруся рабіць прагнозы, таму што ў Беларусі ўсё залежыць толькі ад аднаго чалавека. Думаю, што невялікая (дакладна менш дзесяці) колькасць прадстаўнікоў ад апазіцыі усё ж будзе ў парламенце – як я бачу, на гэта ўжо ёсць палітычнае рашэнне ўладаў.

— А вас гэтае “палітычнае рашэнне” датычыць?

— Я не ведаю. Калі будзе прынята такое рашэнне, то максімум, што зробяць, гэта зарганізуюць на маёй акрузе справядлівы падлік галасоў. У любым выпадку ў мой бок ніхто спецыяльна фальсіфікаваць не будзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)