Коктейль
Сяргей Балай

Пра гісторыю Беларусі за пяць хвілін (відэа)

Кампанія «Будзьма беларусамі!» і партал TUT.BY прэзентвалі 28 мая першы анімацыйны фільм, які распавядае гісторыю Беларусі ў забаўляльнай форме і тлумачыць, чаму мы не памяркоўны, а «шалёны» народ.

На прэзентацыі ўнікальнага анімацыйнага праекту «Будзьма беларусамі!» яго аўтары і стваральнікі распавялі журналістам пра шэсць месяцаў працы над праектам.

– Мы абапіраліся на два паняцці адносна беларусаў: шалёныя і памяркоўныя. У выніку, у саўнд-трэк фільму авайшоў свярджальны рэфрэн – «шалёны народ, беларускі народ», – распавяла на прэзентацыі суаўтар ідэі праекту Юлія Ляшкевіч.

Лейтматывам стужкі стала ідэя, што беларусы не такія ўжо сціплыя, ціхія і памяркоўныя. Што гэта наўмысна створаны стэрэатып. Мультфільм паказвае, што беларусам не проста ёсць чым ганарыцца, і мы насамрэч «шалёны беларускі народ».

Падчас падрыхтоўкі сцэнару стваральнікі адабралі больш за дзве сотні гістарычных падзей, якія можна ўключыць ў фільм.

– Спіс падзей, якія прапаноўваліся для ўвасаблення, займаў 10 старонак. Натуральна, ўціснуць такую колькасць інфармацыі у пяціхвілінны ролік немажліва. Нам давялося скараціць яго ў пяць разоў, – распавеў аўтар сцэнару, словаў і музыкі да фільма Лявон Вольскі. – У выніку сюжэт склалі тыя падзеі, якія падаліся нам самымі галоўнымі ў гісторыі Беларусі.

Па словах стваральнікаў, да праекту яны падыходзілі не як гісторыкі, а ў першую чаргу як творцы.

– Галоўны гісторык у праекце – гэта я, бо маю за плячыма 4 курсы гістфаку, – пажартаваў рэдактар сайта budzma.org Севярын Квяткоўскі. – Мы не ставілі на мэту стварыць паўнавартасны гістарычны аповед. Гэта перадусім мастацкі і забаўляльны твор, які даступна распавядае аб тым, чым адметныя беларусы, чаму мы «шалёны» народ і што ў нас есьць чым ганарыцца ў гісторыі.

– Ідэя стварыць мультфільм, які будзе распавязаць пра гісторыю беларусі ў даступнай форме, пад музыку, у выглядзе анімацыі паўстала год таму, калі распачалася кампанія «Будзьма беларусамі», – сказала кіраўнік мажнароднага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская. – Мы шукалі той падмурак, які можа аб’яднаць ўсіх беларусаў, незалежна ад рэлігіі, ці любых іншых перакананняў. Нам падалося натуральным, што гісторыя і ёсць тым аб’ядноўчым элементам.

Некаторыя моманты даваліся цяжка. Напрыклад, Аляксандар Памідораў, які начытаў рэпавы рэчытаў тэксту, паведаміў, што імены паганскіх багоў вымавіліся далека не з першага дубля, а вось пералік выдатных постацяў культуры і літаратуры пачатку XX ст. наадварот пайшоў лёгка.

На ўвасабленне тэксту ў вершаванай форме ў яго стваральніка Лявона Вольскага пайшло два дні.

Аніматар Юлія Рудзіцкая распавяла, што часам цяжка было знайсці першакрыніцы і выявы, якія адлюстроўвалі старажытную гісторыю Беларусі. Вельмі эмацыйна і цяжка даўся кавалак пра 37 год.

Анімацыйны фільм «Будзьма беларусамі!» дае магчымасць паглядзець на нашую гісторыю ў новай, сучаснай графіцы пад саўнд-трэк з элементамі рэпу і хіп-хопу.

– У мяне нават не было сумневу, які яшчэ музычны стыль з перыядычна паўтараючыміся рэфрэнамі можна абраць ў якасці базавага, каб ён гучаў пяць хвілін і не наскучыў слухачу, – распавёў Лявон Вольскі. – Хаця, на маю думку, слухаць саўнд-трэк асобна ад відэашэрагу сумна і нецікава.

Для таго, каб вызначыцца з выканаўцам музычнай часткі, арганізатары правялі сур’ёзны кастынг, у выніку якога з вялікім адрывам перамог Аляксандар Памідораў. Пяціхвілінны рэп пра гісторыю Беларусі гучыць ў анімацыі ў яго выкананні.

На пытанне, у колькі абыйшоўся праект, Юлія Ляшкевіч жартаўліва адказала, што гэтая інфармацыя – камерцыйная таямніца, а Севярын Квяткоўскі запэўніў, што сродкаў было мала і пайшлі яны на самае неабходнае: студыю, фарбы, запіс.

З’яўленне анімацыі, гэта важная падзея, але не фінал праекту. Менавіта так пазіцыянуюць свой твор стваральнікі. Падзеі мультфільма сканчваюцца на 1991 годзе, адкуль аўтары прапаноўваюць кожнаму гледачу пісаць гісторыю Беларусі па свойму. Акрамя таго, на сайце budzma.org стваральнікі прымаюць усе заўвагі і каментары перадусім па гістарычным змесце роліка і кажуць пра тое, што працяг абавязкова будзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)