«Пра галадоўку Лосіка трэба ня проста гаварыць, а крычаць». Ціханоўская просіць блогера спыніць галадоўку

Лідэрка Сьвятлана Ціханоўская падтрымала Дар’ю Лосік, жонку адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга», кансультанта Свабоды Ігара Лосіка, які ўжо амаль месяц трымае галадоўку пратэсту. Яна заклікае палітвязьня пачаць выхад з галадоўкі, піша Свабода.

«Ігар сказаў адвакату, што пакуль будзе працягваць галадоўку»

— Дарʼя, што вядома пра стан Ігара і пра ягоныя намеры наконт галадоўкі пратэсту?

Дарʼя Лосік: 12 студзеня адвакат быў у Ігара. У яго бралі аналіз на цукар, сказалі, што гэты паказьнік у норме. Я ня ведаю, як гэта зьвязана з галадоўкай і як гэты паказьнік можа даць зразумець, ці ўсё зь ім у парадку. На пытаньне адваката пра стан здароўя Ігар адказаў, што ўсё ў парадку. Але выглядаў ён хваравіта, паводле адваката. Мне падаецца, што ён нечага не адчувае, што зь ім цяпер адбываецца. Я страшна перажываю. Ігар сказаў адвакату, што пакуль будзе працягваць галадоўку.

«Я б хацела, каб Ігар падумаў пра тое, што ён патрэбны сваёй жонцы, дачцэ, бацькам»

— Сьвятлана, ведаю, што вы сочыце і вельмі перажываеце за ўсіх палітвязьняў, за ўсіх затрыманых. Галадоўка Ігара — адчайны, крайні крок, якім ён прыцягнуў увагу ня толькі да сябе, але да ўсіх людзей за кратамі, да ўсіх ахвяраў рэпрэсій у Беларусі. Давайце ўявім, што Ігар нас чуе. Магчыма, адвакат і перадаць яму вашы словы. Што б вы яму сказалі, пра што папрасілі?

Сьвятлана Ціханоўская: З аднаго боку, я Ігара разумею, бо ён ведае, што не вінаваты, і такім чынам дэманструе пратэст супраць таго, што адбываецца. Але я думаю, што ў такіх умовах, калі такіх людзей, як Ігар, шмат, ня трэба ахвяраваць сабой, каб гэта даказаць. Таму што на тым баку — дыктатуры, рэжыму — усё роўна. Мы бачым, што яны ня хочуць адступаць ад гэтай жорсткасьці. Я б хацела, каб Ігар падумаў пра сямʼю, пра тое, што ён патрэбны сваёй жонцы, дачцэ, бацькам.

Я ня ведаю Ігара. Магчыма, яму цяпер псыхалягічна цяжка адступіцца ад таго, што ён сказаў, што будзе трымаць галадоўку, пакуль яго ня вызваляць. Але ён павінен ведаць, што людзі ніколі ў жыцьці так не падумаюць, што ён адмовіўся ад галадоўкі і здрадзіў нейкім перакананьням. Не. Гэта проста клопат пра сямʼю. Калі Даша на знак салідарнасьці з мужам пачала сваю галадоўку, мы зь ёй пагаварылі, і потым яна вырашыла ўсё ж спыніць галадоўку.

На яе таксама аказвалі ціск праз дачку. Тут можна было таксама заняць прынцыповую пазыцыю, але яна ведала, што ў яе муж за кратамі і што ў яе дзіця. Каму б яна што даказала? Гэта гора бацькам, дзецям і мужу, але ніяк ня ўладам. Ім гэта ўсё роўна. Нікому ад гэтага лягчэй ня будзе, калі пачнуцца нейкія незваротныя працэсы ў арганізьме, а рэжыму пляваць.

«Думаю, што ня менш за 67 лістоў ляжыць у цэнзара»

— Дарʼя, мы з вамі размаўлялі на мінулым тыдні разам з жонкамі палітвязьняў Марынай Адамовіч і Вольгай Севярынец, і вы ў нашым эфіры заклікалі неабыякавых людзей пісаць Ігару і прасіць яго спыніць галадоўку. Ці ведаеце вы, ці быў пачуты ваш заклік? Ці пісалі людзі Ігару?

Дарʼя Лосік: У суботу ўзьнікла блытаніна з той нагоды, што яго маглі перавесьці ў іншае месца. Дзяўчыне вярнуўся ліст з пазнакай «Выбыў». Я ў панядзелак паехала ў Жодзіна высьвятляць, і мне сказалі, што такое можа быць з той прычыны, што яму дасылаюць вельмі шмат лістоў, і таму маглі вярнуць ліст.

Напэўна, гэтая вялізарная колькасьць лістоў дагэтуль ляжыць у цэнзара, паколькі на сёньня Ігар атрымаў некалькі заказных лістоў, адно з пустой паштоўкай. Мне многія людзі пішуць, што дасылалі яму лісты. За мінулы тыдзень 67 прыйшло.

Думаю, што ня менш за 67 лістоў ляжыць у цэнзара. І думаю, што проста не пасьпеў прачытаць, а не спэцыяльна затрымлівае. Людзі пішуць, але іх лісты да яго яшчэ не дайшлі.

— Чытаю ў сацсетках і меркаваньні, што ня трэба было заклікаць яго спыняць галадоўку. Што б вы адказалі на такі папрок?

Дарʼя Лосік: Гэтыя людзі не былі на маім месцы, не былі на месцы яго бацькоў, і меркаваць ім, спыняць яму галадоўку ці працягваць, ня варта. Толькі пабываўшы на нашым месцы, можна абʼектыўна ацаніць сытуацыю і даваць парады.

Жонкі палітвязьняў Дарʼя і Сьвятлана

— Сьвятлана, вы, як і Дарʼя, жонка палітвязьня. За кратамі ад траўня знаходзіцца ваш муж Сяргей Ціханоўскі. І вы вельмі добра разумееце, што адчувае Дарʼя цяпер. Якую параду вы б ёй далі? Што б ёй сказалі самага важнага цяпер?

Сьвятлана Ціханоўская: Самае галоўнае — унутрана перажыць і выстаяць. Гэта настолькі цяжка... Ты не разумееш, як гэта пераадолець. І ты разумееш, што акрамя цябе ў мужа цяпер нікога няма.

Жонка, якая стаіць гарой, якая ўсё робіць дзеля таго, каб нейкім чынам зрабіць лягчэйшым знаходжаньне за кратамі і зрабіць усё магчымае, каб выцягнуць хутчэй, і аддае сябе ўсю барацьбе. І тут вельмі важна крыху клапаціцца пра сябе. Разумець, што ты — важная, тваё здароўе — важнае. І неяк не зварʼяцець ад гэтага ўсяго.

— Ці абмяркоўвалі вы зь Сяргеем такі спосаб пратэсту, як галадоўка? Што ён пра гэта думае?

Сьвятлана Ціханоўская: Я пра такую форму, як галадоўка, даведалася толькі, калі ўступіла ў перадвыбарчую кампанію, што былі галадоўкі маці асуджаных за наркотыкі дзяцей, потым калі сямʼя Фурманава стала галадаць.

У мяне неадназначнае стаўленьне. Калі б гэта адбывалася ў краіне, дзе дзяржаве ёсьць справа да людзей, гэта было б трошкі інакш, а калі да ўсіх такое стаўленьне і галадоўкі праходзяць незаўважанымі для дыктатуры, то, напэўна, ня трэба гэта рабіць.

— Дарʼя, я ўжо ня першы раз пытаюся ў вас. Якая дапамога патрэбная цяпер вам, Ігару, вашай сямʼі, вашай дачцэ?

Дарʼя Лосік: Што тычыцца нас, то мы спраўляемся самі, а што тычыцца Ігара, то трэба больш лістоў з просьбай спыніцца. Калі ён ня слухае мяне адну, хай паслухае, калі гэта скажа шмат людзей. І падумае, што ўсяго, што можна, ён ужо дасягнуў, а мэты, якія ён паставіў, на дадзены момант недасяжныя. Я прашу ўсіх пісаць яму лісты ў Жодзіна з заклікам спыніць галадоўку.

«На жаль, наяўнасьць палітвязьняў у Беларусі становіцца толькі лічбай, а так быць не павінна»

— Сьвятлана, у свой час Аляксандар Казулін спыніў вельмі працяглую галадоўку пратэсту пасьля таго, як прадстаўнік ЗША вынес пытаньне аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі на разгляд Рады бясьпекі ААН. Праўда, прадстаўнік Расеі заблякаваў абмеркаваньне гэтага пытаньня, але сам такі факт быў, і пасьля гэтага Казулін спыніў галадоўку пратэсту. Як міжнародны розгалас можа паўплываць на рашэньне Ігара Лосіка, і ці робіць ваша каманда нешта ў гэтай справе?

Сьвятлана Ціханоўская: Калі я сустракаюся зь лідэрамі іншых краінаў, я абавязкова гавару пра канкрэтныя выпадкі, каб гэта не былі проста лічбы ці агульныя словы, каб гісторыі людзей дайшлі да сэрца кожнага чалавека, які знаходзіцца са мной у адным пакоі. Мы расказалі пра Ігара ў Гішпаніі, падчас нашых будучых паездак мы будзем уздымаць гэтае пытаньне.

Мы цяпер будзем працаваць больш шчыльна з пытаньнем палітзьняволеных, бо гэтая тэма крыху спадае, і мы павінны ўвесь час прыцягваць да яе ўвагу. На жаль, наяўнасьць палітвязьняў у Беларусі становіцца толькі лічбай, а так быць не павінна. Гэта павінна кранаць душы. Пра Ігара Лосіка мы будзем гаварыць вельмі шмат.

Гэта ня проста палітзьняволены, і пра яго галадоўку трэба ня проста гаварыць, а крычаць. Што мы і робім.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:19)