Общество
Eolonir

Пра апатыю, “абрыдлага” Мілінкевіча і чарнуху

Палітычная апатыя ў ЖЖ — рэч досыць старая, яшчэ ад сёлетняе вясны.

Палітычныя навіны не камэнтуюцца (міліцыя трымала пастара 6 гадзінаў у багажніку мікрааўтобусу? — ха, і не такое бачылі). Не, хутчэй, тут дапасоўвае не зададзеныя ўголас пытаньні: “ну й што?”, “што можна зьмяніць?”, “такая нашая дзяржава… ”. Карацей, песымісты складуюць гэткія пасты ў мэнтальны куфар сваёй рацыі, а аптымісты зацята чакаюць, што гэта будзе апошняя навіна. А прыходзяць яшчэ й яшчэ.

Набіла ўжо аскому чытаць у блёгах, наколькі Мілінкевіч а) абрыдлы, б) нядзейсны, в) безактыўны. Надалей эпітэты раю пападбіраць самім. Таксама ўжо аксыёмай з’яўляецца тое, што працаваць трэба толькі з новаю апазыцыяй, моладзьдзю, а не са старымі. І гэта ведае ўжо й Страсбур, і ўсе грантадаўцы, якія сталі стала запрашаць прадстаўнікоў моладзевых арганізацыяў на свае пасяджэньні. Мілінкевіч застаецца, ці надоўга?

Знакавым з’яўляецца й тое, што ЖЖ не прасьхіляў па датыкальнай новы тэлекілерскі шэдэўр ад БТ. Ну той, наконт псыхалягічнага стану моладзі, якая навучаецца ў Польшчы (пры гэтым у якасьці сьцьвярджэньня таго, што маладзёны сьпіваюцца, быў прыведзены пусты піўны намёт на Пляцу Замковым). Натуральна, намёт выглядае проста жахліва ў параўнаньні з натоўпамі стэрыльна п’яных мужыкоў на Сьвіслачы, якія валодаюць дзіўнай уласьцівасьцю: колькі б яны не пілі, грамадзка-небясьпечнымі не становяцца.

Нават у афляйне цалкам няглупыя людзі разважалі: “Ну чаму чарнуха? Або правакатары праехалі, адзьняліся, адпрацавалі свае грошы, або апазыцыя такая дурная”. І чаму ідэя, што гэта проста чарнуха, нікому не прыходзіць у галаву, а нехта там шукае нейкую змову? Уся Беларусь працягвае думаць, што ў нас “проста так не содют”. Содют, содют. І чарнуха застаецца чарнухай, вялікага розуму пад ёй няма.

Справа Маргарыты Царан, дзеўчыны, якую міліцыянты з Горадні падставілі дзеля паляпшэньня сваіх паказьнікаў, таксама не прыцягнула ўвагі ў сэньсе камэнтароў. Праўда, перадрукоўвалі навіну досыць актыўна. Зноў тое ж: “А што мы можам зрабіць?” Цікавасьці ніякай. Хацелася б, каб такая палітычная апатыя заставалася сэзоннаю.

Чамусьці са спазьненьнем, было шмат згадак пра дату пачатку вайны. Увагу (зноўку, маю й нешматлікіх энтузіастаў, а ня блёгераў) прыцягнулі дзве спасылкі пра так званае габрэйскае пытаньне, вось ТУТ і ТУТ. Матэрыялы досыць цікавыя проста для чытва, нават тым людзям, якія ніколі не заглыбляліся ў такія аддаленыя матэрыі.

І законьчыць можна на вясёлым (павінна ж і яно быць у нашым жыцьці). Вось тут можна праглядзець ролік пра тое, чым італійцы адрозьніваюцца ад эўрапейцаў і падобныя да нас, а вось тут — наступствы сьвята выпускнікоў у Піцеры. Усё ж такі YouTube — справа сьвятая. Гэта сьцьвярджае стварэньне беларускага й расейскага клёнаў гэтага сэрвісу, а таксама далічэньне іх ды векапомнага ITV.by да ліку бескаштоўных рэсурсаў для абанэнтаў усіх апэратараў. Хаця зьмесьціва там, увы, адзін толькі Дзяніс Бальшакоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)