Общество
Сямён Печанко, «Наша Ніва»

Плюсы і мінусы жыцця ў прадмесці Мінска

У Заслаўе мы з жонкай пераехалі ў канцы 2009. За гэты час мы ацанілі перавагі жыцця ў горадзе-спадарожніку і не паспелі звыкнуцца з яго недахопамі. Зрэшты, і тут, маючы грошы, частку праблем можна вырашыць.

Адно з першых пытанняў, што нас хвалявала пры пераездзе на новае месца, — колькі часу будзе займаць дарога на працу.

Транспарт

Патрапіць з Заслаўя ў цэнтр Мінска можна ў сярэднім за гадзіну. Да Чыгуначнага вакзала і маршрутка, і электрычкі едуць 40 хвілін.

Дадайце час на дарогу ад жытла да вакзала ў самім Заслаўі. Праз Заслаўе на Мінск пралягае некалькі маршрутаў аўтобусаў, але ходзяць яны даўжэй і радзей, таму мы імі не карыстаемся.

Ёсць тут і гарадскія аўтобусы. Ездзяць не вельмі часта, але пустымі і яны не бываюць. Ідэальны варыянт — уласнае аўто.

Праезд у маршрутцы каштуе 8500 рублёў, у гарадской электрычцы — 3000, у «звычайнай» — 1860 рублёў. Разбежка ў цэнах у цэлым на працу маршрутак істотна не паўплывала — яны рэдка бываюць паўпустыя.

Жыллё

На сёння ў Заслаўі жыве каля 15 тыс. чалавек. Апошні час колькасць насельніцтва павялічвалася ў большай ступені за кошт далучэння да горада навакольных вёсак, у меншай — за кошт пераезду ў прыгарад мінчукоў.

На нашых вачах у новым раёне горада збудавалі тры шматкватэрныя дамы, два здалі ў эксплуатацыю.

У Заслаўі планавалі збудаваць новы жылы раён з насельніцтвам, роўным па колькасці сённяшняму. Гэта нас урэшце і падкупіла. Але планы ў чарговы раз перагледзелі на карысць малапавярховай індывідуальнай забудовы.

1-пакаёўка 1985 года каштуе $ 31000 ($ 1013 м2), 1-пакаёўка 2010 года — $ 75000 ($ 1705 м2).

За гэтыя грошы можна набыць 3-пакаёўку 1967 года ($ 890 м2) і драўляны дамок агульнай плошчай 39 м2. І яшчэ застанецца $ 4000.

Кватэры ў новых дамах маюць дадатковыя бонусы ў выглядзе парковачнага месца і дзіцячай пляцоўкі. Пашыраная тут з’ява — двухузроўневыя кватэры. Ёсць яны ў дамах забудовы 80-х гадоў (5 пакояў агульнай плошчай 96 м2, 2 санвузлы, шклопакеты, дамафон, сігналізацыя — $ 85 000), ёсць і ў доме 2006 (без аздаблення, шклопакеты, камп’ютарная сетка, паркоўка—да $ 850 за м2)

Прыватная забудова прапануе цэны ад $ 25000 за летні дамок да катэджаў пад ключ з цэнамі на сотні тысяч даляраў. Так, дом у нямецкім стылі ў гістарычнай частцы горада каштуе каля 175 тыс. у.а.

Праца і вакансіі

У Заслаўі працуюць «Хенкель Баўтэхнік» — выпускае будаўнічыя сумесі Ceresit, і кампанія з канадскім капіталам «Косвік» — выпускае паркет.

«Заслаўебудіндустрыя» выпускае вырабы з бетону і жалезабетону, металаканструкцыі, а таксама аказвае будаўнічыя паслугі.

Заслаўская кампанія «Енісей» займаецца выпускам шкла і люстра.

Акрамя таго, у Заслаўі працуе невялікая ўласная мэблевая фабрыка, а таксама філія «Пінскдрэва».

Таксама ёсць птушкафабрыка, будаўнічыя прадпрыемствы.

І ўсё ж пры наяўнасці такой колькасці прамысловых аб’ектаў, па розных ацэнках каля 30% працаздольных жыхароў Заслаўя працуюць у Мінску.

Аналіз вакансій сведчыць, што на сёння самую высокааплатную працу ў Заслаўі могуць знайсці цесляры і тынкоўшчыкі — будаўнічая кампанія «АлТаРемСтрой» прапануе заробкі ад $ 800. Філіял «Пінскдрэва» шукае аператара дрэваапрацоўчага станка (4—5 млн руб). «Хенкель Баўтэхнік» мае патрэбу ва ўкладчыках-упакоўшчыках (ад 2,5 млн руб). Грузчыкі новага склада «Еўраопт» маюць шанцы атрымаць працу з акладам да 6 мільёнаў.

Адукацыя і медыцына

У Заслаўі ёсць 6 садкоў і 3 школы. З кантактаў з маладымі суседзямі мы даведаліся, што найлепшым у горадзе лічыцца сад-яслі №2 па адрасе зав. Дачны, 4.. Як і гімназія №3 на вул. Студзянецкай, 19. У старой частцы горада месціцца дзіцячая мастацкая школа. У цэлым заслаўцы даволі пазітыўна гавораць пра мясцовыя школы і садкі, не возяць дзяцей на вучобу ў Мінск.

З медыцынай складаней. Некалькі гадоў таму Заслаўе вывелі з абласнога падпарадкавання, і цяпер горад адносіцца да Мінскага раёна. Адпаведна, мясцовая бальніца і паліклініка з’яўляюцца філіямі Мінскай раённай бальніцы. У пэўных выпадках ехаць трэба акурат да бараўлянскіх медыкаў, а гэта ці не гадзіна шляху на ўласным аўто.

Дзіцячая кансультацыя і стаматалагічная паліклініка ў Заслаўі ёсць на месцы.

Гандаль і сфера паслуг

У горадзе дзейнічае некалькі ўніверсамаў і крамаў, што належаць райспажыўсаюзу, а таксама колькі прыватных крамак. Усяго агулам больш за дзясятак.

Па свежае мяса і гародніну жыхары Заслаўя ходзяць на рынак. Тут можна набыць таксама бытавую хімію, тавары для дзяцей, а таксама вопратку і абутак айчыннай вытворчасці. Адчуваецца блізасць ждановіцкага рынка — менавіта там многія апранаюцца і абуваюцца. Цэны на заслаўскім вышэйшыя за мінскія.

Змены ў мясцовым гандлі можа прынесці гіпермаркет, які пачалі будаваць у новым раёне. На канец гэтага года запланаваная здача першай чаргі гандлёва-грамадскага цэнтра.

У горадзе працуе некалькі цырульняў і касметычных цэнтраў, а таксама трэнажорных залаў.

Жыхары Заслаўя глядзяць лічбавае тэлебачанне Zala ад «Белтэлекама» (ён жа з’яўляецца асноўным пастаўшчыком інтэрнэт-паслуг), кабельнае — мясцовай кампаніі «Алена плюс», а таксама спадарожнікавае ТБ.

Адпачынак

Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» прапануе адзін з шэдэўраў беларускай архітэктуры — былы кальвінскі збор, а таксама этнаграфічны комплекс «Млын» і гарадзішча «Замэчак». У Заслаўі працуе Дзіцячы музей міфалогіі і лесу, побач з ім месціцца Музей-Дот часоў Другой сусветнай вайны.

У горадзе дзейнічае Дом культуры і некалькі бібліятэк.

Кепскія дарогі і брудная вада

Да істотных мінусаў горада і жудасна ржавую ваду з-пад крана. Згодна з планамі камунальных службаў, замена камунікацый можа скончыцца ў 2015. Не хочаш чакаць — выйсце ў набыцці фільтраў.

Да апошняга часу пытанні выклікаў стан дарог, асабліва ў дварах жылых дамоў. Аднак, ад пачатку восені іх узяліся рамантаваць. З’явілася і новая разметка на цэнтральных вуліцах.

Ёсць пытанні і да агульнай чысціні вуліц. І ўсё ж пэўныя нязручнасці кампенсуюцца добрым паветрам і прыгожай прыродай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)