Віталь Портнікаў, ”Наша нiва”
Плян для Лукашэнкі

Варшаўская «Газэта Выборча» паведамляе пра новую стратэгію Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Эўракамісія прапануе Аляксандру Лукашэнку доступ беларускіх тавараў на эўрапейскі рынак, фінансавую дапамогу беларускім прадпрыемствам, павелічэньне колькасьці стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў, спрашчэньне выдачы візаў для грамадзянаў Беларусі. Умовай усяго гэтага зьяўляюцца дэмакратычныя рэформы, якія, аднак, Менск можа праводзіць самастойна, безь якога-кольвек зьнешняга ўмяшальніцтва.

Прапановы Эўракамісіі — першая набліжаная да рэальнасьці рэакцыя Захаду на падзеі ў Беларусі за многія гады. Фактычна эўрапейцы прызнаюць, што толькі ад Аляксандра Лукашэнкі і ягонага найбліжэйшага атачэньня залежыць, якога кшталту рэжым будзе ўсталяваны ў краіне. Што беларуская апазыцыя ня можа пераламіць сытуацыю і дэмакратычнай Беларусь можа зрабіць толькі ўлада. Лукашэнку прапанавана стаць Гарбачовым — і гэта ў сытуацыі, калі ў беларуска-расейскія дачыненьні пакідаюць жадаць лепшага, і Масква, па сутнасьці, прапануе беларускаму прэзыдэнту стаць, умоўна кажучы, Ілюмжынавым. Вядома, быць Гарбачовым значна прыемней, чым Ілюмжынавым. Але яшчэ лепш застацца Лукашэнкам.

Тое, што эўрапейцы пачалі рэалістычна рэагаваць на сытуацыю ў Беларусі, яшчэ ня значыць, што гэткім самым рэалістычным і падатлівым будзе сам беларускі прэзыдэнт. Умовы дэмакратызацыі — 12 канкрэтных пунктаў, сярод якіх вызваленьне палітвязьняў, спыненьне рэпрэсій паводле палітычных матываў, расьсьледаваньне зьнікненьняў палітыкаў і журналістаў, правядзеньне свабодных выбараў. Зразумела, што выконваць гэтыя ўмовы Лукашэнка можа па-свойму: вызваляць палітзьняволеных так, каб было няясна, паводле якіх прычынаў ён іх вызваліў, знайсьці «крайніх» у гісторыі зь зьнікненьнямі, правесьці выбары і застацца пры ўладзе. Па сутнасьці, ад Лукашэнкі патрабуецца замяніць дыктатуру на кіраваную дэмакратыю. Але і гэтая замена можа аказацца для беларускага прэзыдэнта фатальнай — бо нават кіраваная дэмакратыя прадугледжвае павелічэньня колькасьці гульцоў. Калі не на ўнутранай сцэне, дык на замежнай: у гульні за ўладу ў Беларусі зможа — і зусім не на роўных з ЭЗ — паўдзельнічаць Масква, якая наўрад ці здольная устрымацца ад такой спакусы. Замена самадастатковай дыктатуры на прарасейскі рэжым, хай нават зьнешне і дэмакратычны — проста мара, хай сабе і неажыцьцяўляльная.

А што наўзамен? Дапамога нерэфармаваным прадпрыемствам, якія існуюць толькі за кошт паставак прадукцыі на постсавецкі — чытай расейскі і ўкраінскі — рынак? Хто сказаў, што гэта прадукцыя прадавацьмецца ў Эўропе? Хто сказаў, што Лукашэнка будзе рады вялікай колькасьці студэнтаў-вальнадумцаў і лёгкім падарожжам падданых — тым больш вядома, што ЭЗ адкрывае межы перш за ўсё навукоўцам, студэнтам, журналістам, дзеячам культуры — інакш кажучы патэнцыйнай апазыцыі? Не, у стратэгіі мае быць нешта, што застанецца між радкоў. А менавіта гатовасьць утрымліваць Беларусь у выпадку, калі Расея адмовіцца ад гэтага. Вось тады Лукашэнка задумаецца і пойдзе мыць вітрыну.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)