Общество
Вера ПАРХІМОВІЧ

Пісьменнікі гатовыя ісці ў партызаны

Улады не збіраюцца цырымоніцца з Саюзам беларускіх пісьменнікаў (СБП). Ужо 2 сакавіка Гаспадарчы суд можа прыняць рашэнне, пасля якога найстарэйшую творчую арганізацыю краіны могуць папросту выкінуць на вуліцу з-за нявыплаты грошай за арэнду плошчаў у сталічным Доме літаратара. На наступны ж дзень Вярхоўны суд будзе разглядаць прапанову Міністэрства юстыцыі ўвогуле ліквідаваць Саюз.

Асаднае становішча арганізацыі старшыня СБП Алесь Пашкевіч назваў запозненым віншаваннем — у мінулым годзе Саюзу споўнілася 70 гадоў, і ўлады гэтага неяк не заўважылі.

— Але пасля мы сталі атрымліваць адзін «падарунак» за другім, — сказаў Алесь Пашкевіч карэспандэнту «Салідарансці». — Апошні з іх — прапанова Міністэрства юстыцыі ліквідаваць арганізацыю.

Мінюст абвінавачвае Саюз беларускіх пісьменнікаў у адсутнасці арыгіналу статута, наяўнасці на будынку Дома літаратара шыльды з выявай герба “Пагоня”, карыстанні цягам чатырох месяцаў пячаткай, на якой назва арганізацыі не ўзятая ў двукоссі, а таксама ў правядзенні ў 2005 г. ў кавярні Дома літаратара арганізацыйнага з'езду “Грамады”.

— Падаецца, што Мінюст дагэтуль перакананы ў тым, што будынак, на якім вісіць шыльда з «Пагоняй», належыць нашай арганіцацыі, а не Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, — каментуе гэтыя абвінавачванні Алесь Пашкевіч. —І чаму Саюз павінны адказваць за тое, што ў будынку, дзе мы толькі арэндуем памяшканні, адбыўся з'езд палітычнай партыі? Што ж тычыцца пячаткі недзяржаўнага ўзору, дык мы яе змянілі адразу ж пасля заўвагі.

Вядомы беларускі пісьменнік Віктар Казько расцэньвае прэтэнзіі па адрасе СБП як сведчанне татальных зачыстак, якія робяць улады напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў:

—Саюз беларускіх пісьменнікаў быў апошнім плацдармам беларускай інтэлігенцыі, а тое, што робяць улады — непрыкрытае, нахабнае рабаўніцтва, — гаворыць Віктар Казько. — Але адначасова я бачу за гэтым вялікі страх кіруючых улад.

27 лютага на Радзе СБП будзе абмяркоўвацца толькі адно пытанне: «Як жыць далей?». Невыключана, што пісьменнікі, як і многія грамадскія арганізацыі, будуць вымушаныя працягваць сваю дзейнасць у падполлі. Вопыт які-ніякі ўжо назапашаны: апошні месяц усе мерапрыемствы СБП ладзяцца ў прыцемках — у памяшканнях, якія арэндуе арганізацыя, адключанае святло.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)