Профсоюзы
Анастасія Зелянкова

Пiсьменнiк-тэрарыст

Днямі пабачыла свет кніга Уладзіміра Арлова “Сланы Ганібала”. У ёй аўтар апісаў свае падарожжы па свеце і часе.

З уласцівым яму сакавіта-грубаватым гумарам Уладзімір Арлоў апісвае розныя здарэнні падчас падарожжаў. Як, напрыклад, 10 гадоў таму ў англійскім порце Рамсгейт пісьменніка прынялі за ірландскага тэрарыста — падвяла ягоная “рудавата-мядзяная барада”. Брытанскіх мытнікаў тады не пераканалі ні пасведчанне сябра ПЭН-клубу, ні кнігі Арлова — хто сказаў, што беларускі пісьменнік адначасова не можа з’яўляцца тэрарыстам Ірландскай рэспубліканскай арміі?

У кнігу ўвайшлі творы Уладзіміра Арлова, напісаныя цягам апошніх пятнаццаці год. Сярод іх, дарэчы, і эсэ “Незалежнасць — гэта…”, якое было перакла-дзена на дваццаць моваў свету.
— У гэтым эсэ, напісаным пятнаццаць год таму да чарговых угодкаў БНР, я сфармуляваў свае мары пра незалежнасць, — гаворыць Уладзімір Арлоў. — Многае, пра што я казаў тады, не страціла сваёй актуальнасці. Хоць ёсць і пэўныя заваёвы: напрыклад, сёння за твае погляды цябе, як раней, не сашлюць некуды далёка за межы, а пасадзяць тут, у Беларусі.
Дарэчы, блiжэйшымі днямі спадар Арлоў збіраецца наведаць Паўла Севярынца, які зараз знаходзіцца на “хіміі”, каб прэзентаваць яму новую кнігу. Яе фундатарам выступіў адзін з кіраўнікоў беларускай суполкі ў Маскве Андрэй Макагон. Яшчэ хлопчыкам будучы расійскі бізнесовец наведваў у Полацку курсы беларусазнаўства, на якіх у той час выкладаў і Уладзімір Арлоў.
Прэзентацыя кнігі “Сланы Ганібала” адбудзецца 11 кастрычніка ў вялікай зале Дома літаратара (вул.Фрун-зэ, 5), пачатак — у 18.30.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)