Общество
Уладзіслаў Гарбацкі, Новы час

Першая: невядомая Палута Бадунова

Не ўсё яшчэ сказана, напісана пра Палуту Бадунову — першую сучасную беларуску высокага палітычнага ўзроўню. Першую народную сакратарку-міністарку. Адну з першых рэспубліканак. Першую незалежніцу.

У адвечным станаўленні, самапаляпшэнні, пошуку і сумненнях, Палута Бадунова — кабета, якая сталася піянеркай у асваенні беларускай публічнай незалежнай прасторы. Калі і сёння нас здзіўляе факт, што ў беларускай палітыцы не жаночае аблічча, дык сто гадоў таму кабетаў у нашай палітыцы не было зусім… за адным выняткам. Кажучы сучаснай мовай, яна распачала нашу сучасную гендарную палітычную гісторыю.

Дысідэнтка, апазіцыянерка, урэшце, рэпрэсаваная, яна пакінула шмат пытанняў, зачэпак з боку калегаў, а таксама з боку гісторыкаў. Яна пакінула да сёння і адзін сюрпрыз у выглядзе сшытку аповедаў, якія ніколі не друкаваліся: успрымаліся як малавартасныя, як спроба пяра. Да ўсяго яна — першая і адзіная ў сузор’і БНР, стагоддзе якога мы адзначаем сёлета.

Да стагоддзя БНР выдалі шмат кніг, але праз патрыярхальную нядбайнасць цалкам забылі Палуту Бадунову. Канешне, перавыдалі кнігу В. Лебядзевай, з’явіліся артыкулы пра Палуту ў незалежнай прэсе, але самі тэксты Палуты так і застаюцца ў друкапісу, у архівах і раскіданыя ў старой прэсе. Таму, акрамя аднаўлення важнай сімвалічна фемінісцкай спадчыны Бадуновай (першая міністарка Беларусі, адна з першых у свеце пасля Калантай), варта закрануць малавядомыя бакі творчасці дзяячкі — мастацкая літаратура, публіцыстыка, эпісталяршчына і пераклад.

Пісьменніца

Так, Палута Бадунова спрабавала стаць пісьменніцай — яна пакінула сшытак з аповедамі, напісанымі прыгожым настаўніцкім почыркам, якія датуюцца 1923-м годам. Маюцца на ўвазе тры аповеды: «Смяюцца… над сабою», «Думкі парабка» і «Смерць мачыхі». Усе тры не проста кур’ёзныя тэксты, а вартыя мастацкага — і нават палітычнага — аналізу, бо ілюструюць цэлую эпоху і станаўленне дзяячкі.

Рукапіс Палуты Бадуновай

Важная і мова твораў, бо вядома, што паступова Палута Бадунова беларусізавалася і вылучала мову як важны элемент нацыі. Не адразу — праз адданасць сацыялізму перадусім — яна паставіла нацыю і мову на першае месца, тым не менш лісты, выказванні і цяпер яшчэ яе аповеды дэманструюць прынцыповы пераход аўтаркі на беларускую мову.

Канешне, сучаснае чытацтва само павінна ацаніць яе не заўсёды роўныя тэксты. Але наперад дазволю пазначыць, што аповед «Смерць мачыхі» — гэта найлепшы тэкст цёткі Палуты. Эмацыйны, інтымны, гэта ў пэўнай ступені прыклад беларускага прыгожага і ў пэўнай ступені фемінісцкага пісьма.

Працяг тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)