Общество
Іван Барысаў, Zapraudu.info

Пераможца «Дажынак-2011» па нарыхтоўцы травяных кармоў не мае ні сена, ні саломы (дакумент)

Былая гаспадарка Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ААТ «Новая Друць», якая ўваходзіць у склад агракамбіната Мачулішчы, на сённяшні дзень мае цяжкасці як з саломай, так і сенам.

Пра гэта паведаміў у адказе на зварот аб кампенсацыі за надзел зямлі жыхара аграгарадка Вялікая Машчаніца Барыса Вырвіча начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бялыніцкага райвыканкама Аляксей Цапко.

Між тым ААТ «Новая Друць» Бялыніцкага раёна на «Дажынках-2011» у Маладэчна была ўганаравана ў якасці пераможцы рэспубліканскіх дажынак за першае месца ў спаборніцтве па нарыхтоўцы травяных кармоў. Калі ўжо зараз няма травяных кармоў нават у пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва па іх нарыхтоўцы, дык аб якіх поспехах у развіцці сельскай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь наогул можа быць размова…

Цікава таксама і тое, што багацейшая гаспадарка Бялыніцкага раёна вось ужо паўтара гады не можа аддаць кампенсацыю за забраны зямельны надзел жыхару аграгарадка Вялікая Машчаніца Барысу Вырвічу. Як кажа вясковец: “Вельмі дзіўна, што былая гаспадарка Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ААТ «Новая Друць» і адзін з пераможцаў рэспубліканскіх «Дажынак» знаходзіцца проста ў жабрацкім стане. Інакш абсалютна незразумела, чаму яна не можа аддаць кампенсацыю за невялічкі кавалак зямлі ўжо такі працяглы тэрмін”. Мясцовыя органы выканаўчай улады прызнаюць, што вясковец мае рацыю, аднак пытанне пакуль таксама вырашыць не могуць ці не жадаюць.

Неабходна адзначыць, што па выніках 2011 года дырэктар ААТ «Новая Друць» Уладзімір Канавалаў быў прызнаны «Чалавекам года» Бялыніцкага раёна ў галіне «Вытворчая дзейнасць».

Раней Уладзімір Вінідзіктавіч Канавалаў не адзін год адпрацаваў старшынёй Клімавіцкага райвыканкама, пакуль у 2005 годзе не быў прыгавораны Гомельскім абласным судом да 4 гадоў пазбаўлення волі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. У хуткім часе пасля свайго датэрміновага вызвалення з Шклоўскай выпраўленчай калоніі Уладзімір Вінідзіктавіч у кастрычніку 2008 года ўзначаліў багацейшую гаспадарку Бялыніцкага раёна, якая належала Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь, – ААТ «Новая Друць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)